Твой первый диск — моя кассета

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Твой первый диск — моя кассета
Вокладка альбома Цімы Беларускіх «Твой первый диск — моя кассета» (30 студзеня 2019)
Студыйны альбом Цімы Беларускіх
Дата выпуску 30 студзеня 2019
Запісаны 2018—2019
Жанр поп-музыка
Працягласць 22:32
Мова песень руская
Лэйбл Kaufman Label

«Твой первый диск — моя кассета» (бел.: Твой першы дыск — мая касета) — дэбютны студыйны альбом беларускага спевака і рэпера Цімы Беларускіх, выдадзены 30 студзеня 2019 года.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Па словах выканаўцы, праца над альбомам пачалася адразу пасля поспеху сінглаў «Мокрые кроссы» і «Незабудка» увосень 2018 г. і скончылася на пачатку наступнага года. Адмыслова для кружэлкі быў запісаны цалкам новы матэрыял, а вядомыя раней песні было вырашана не ўключаць у трэкліст. Ціма Беларускіх патлумачыў гэта жаданнем перайсці на новы этап, «каб не было асацыяцыі з чалавекам аднаго хіта, двух хітоў». Таксама, з гэтай прычыны для дыска вырашылі не запісваць шмат трэкаў, пры гэтым выканаўца падкрэсліў, што матэрыяла на новы альбом у яго яшчэ багата[1].

Спіс кампазіцый[правіць | правіць зыходнік]

Назва Працягласць
1. «Я больше не напишу» 3:11
2. «Витаминка» 2:55
3. «Возвращаться уже поздно» 3:19
4. «Цветочный сад» 3:01
5. «Руферы» 3:11
6. «Мальчик бабл-гам» 3:00
7. «Песня-SOS» 3:35
22:32

Рэцэнзіі[правіць | правіць зыходнік]

Аляксей Мажаеў з расійскага інфармацыйнага агенцтва «InterMedia» станоўча адзначыў альбом. Ён заўважыў, што хаця аранжыроўкі трэкаў нагадваюць «дыскатэку 90-х», манера іх выканання гучыць вельмі сучасна. Крытык таксама пахваліў тэксты песень, ахарактарызаваўшы іх як «кранальныя гісторыі кахання хлопчыка і дзяўчынкі», дзе адсутнічае ненарматыўная лексіка. У канцы рэцэнзіі Мажаеў назваў выканаўцу «важным прыкладам таго, што прабіцца можна і без апявання ўсялякіх заганаў»[2].

Цалкам процілеглае меркаванне пра альбом было выказана ў рэцэнзіі на сайце «Канобу», дзе ён быў апісаны як кружэлка, якая «як мінімум не прапануе слухачу нічога новага, як максімум — яе немагчыма слухаць». Да недахопаў дыска былі аднесены неарыгінальнасць музыкі і слабыя тэксты, тэматыка якіх была вызначана як «штосьці пра каханне». Аўтар агляда прыйшоў да высновы, што «калі мэтай Цімы і лэйбла было жаданне зарабіць на ўжо выбудаванай папулярнасці — то зыход удалы, калі стварыць цікавы альбом — не»[3].

Зноскі