Цэнтрамера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема будовы храмасомы ў позняй прафазе — метафазе мітозу. 1—храматыда; 2—цэнтрамера; 3—кароткае плячо; 4—доўгае плячо.

Цэнтрамера — участак храмасомы, які характарызуецца спецыфічнай паслядоўнасцю нуклеатыдаў і структурай. Цэнтрамера грае важную ролю ў працэсе дзялення клеткавага ядра і ў кантролі экспрэсіі генаў.

Функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтрамера прымае ўдзел у злучэнні сястрынскіх храматыд, фарміраванні кінетахора, кан'югацыі гамалагічных храмасом і ў кантролі экспрэсіі генаў.

Менавіта ў вобласці цэнтрамеры сястрынскія храматыды злучаны ў прафазе і метафазе мітозу і гамалагічныя храмасомы ў прафазе і метафазе першага дзялення меёзу. На цэнтрамерах адбываецца фарміраванне кінетахораў: бялкі, якія звязваюцца з цэнтрамерай, фармуюць пункт прымацавання для мікратрубак верацяна дзялення ў анафазе і целафазе мітозу і меёзу.

Адхіленні ад нармальнага функцыянавання цэнтрамеры вядуць да праблем ва ўзаемным размяшчэнні храмасом ядры, якое дзеліцца, у выніку гэта вядзе да парушэнняў працэсу сегрэгацыі храмасом (размеркавання іх паміж даччынымі клеткамі). Гэтыя парушэнні прыводзяць да анеуплаідыі, якая можа мець цяжкія наступствы (напрыклад, сіндром Дауна ў чалавека, звязаны з анеуплаідыяй (трысоміяй) па 21-й храмасоме).