Юргельт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Юргельт (jurgelt), часам зваўся пенсіяй (pensio) — штогадовая ці штомесячная выплата са скарбу ВКЛ.

Юргельты былі двух відаў — ардынарныя і неардынарныя. Ардынарныя даваліся разам з прывілеем на ўрад і былі платай за службу, у прывілеі часам пазначаўся і памер юргельту, але звычайна памер вызначаўся асобным лістом вялікага князя да земскага падскарбія літоўскага. Ардынарныя юргельты даваліся на час заняцця ўраду. Неардынарныя юргельты звычайна даваліся асобам за заслугі перад дзяржавай, але часам невялікія юргельты былі сродкам падтрымкі некаторых асоб у цяжкім матэрыяльным становішчы («на выратаванне і харчаванне»). Звычайна неардынарныя юргельты даваліся пажыццёва («да жывата»), але часам і да адмысловага загаду вялікага князя («да волі гаспадарскай»). Таксама неардынарныя юргельты маглі давацца на ўтрыманне якіх-небудзь недзяржаўных аб'ектаў, напрыклад Стэфан Баторый даў юргельт памерам 13 коп грошаў штогод на ўтрыманне царквы ў Пінску.

Агульная сума выплат юргельтаў са скарбу ВКЛ у сярэдзіне XVII ст. складала штогод каля 55 000 злотых. Памеры юргельтаў вагаліся ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх тысяч грошаў штогод. Выплата ардынарных юргельтаў ніколі не перапынялася. Выплата неардынарных юргельтаў паводле загаду вялікага князя магла быць перапыненая на пэўны тэрмін (нават на некалькі гадоў), калі ў скарбе была нястача грошай або планаваліся важныя вялікія дзяржаўныя выдаткі.

Грошы юргельтчыкі атрымлівалі ў Вільні ў Скарбе на дзень св. Марціна (25 кастрычніка) або на дзень св. Міхаіла (29 верасня), гэта амаль заўсёды пазначалася ў прывілеі на юргельт. Нават асобы якія збіралі дзяржаўныя прыбыткі і мелі права на юргельт не маглі з гэтых прыбыткаў узяць грошы ў залік юргельту — яны мусілі здаць сабраныя прыбыткі ў скарб, а са скарбу атрымаць свой юргельт. Юргельтчыкі маглі з дазволу вялікага князя перадаваць свае юргельты іншым асобам, а таксама абмяняць юргельт на маёнтак ці іншую крыніцу прыбытку той жа сумы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Галубовіч В. Матэрыялы па гісторыі скарбу ВКЛ у кнігах запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — Nr 17. — Białystok, 2002. — S. 73-87.