Яўрэйская незалежная рабочая партыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Яўрэйская незалежная рабочая партыя (ЯНРП) - арганізацыя яўрэйскіх рамесных рабочых і прыказчыкаў. Заснавана ў ліпені 1901 г. у Мінску прыхільнікамі "паліцэйскага сацыялізму М. У. Вільбушэвіч, Ю. А. Воліным, А. Чамярыскім, Г. І. Шаевічам і іншымі.

Створана па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам начальніка Маскоўскага ахоўнага аддзялення С. В. Зубатава з мэтай барацьбы супраць сацыял-дэмакратаў, эсэраў, Бунда, за поўнае адмаўленне яўрэйскіх рабочых ад рэвалюцыйнай барацьбы супраць самадзяржаўя. Мела аддзяленні ў Адэсе, Вільні (з 1902 г.), Гродне. Члены ЯНРП мэтай сваёй дзейнасці абвясцілі павышэнне "па меры магчымасці" эканамічнага і культурнага ўзроўню яўрэйскага пралетарыяту шляхам развіцця шырокіх эканамічных арганізацый, арганіацый культурных мерапрыемстваў, кас ўзаемадапамогі, асветніцкіх клубаў, лекцый і іншае. Умяшанне рабочых у палітыку партыя цалкам выключала, прапаведавала пакору перад уладамі, расхвальвала самадзяржаўе як пазакласавую, схільную да справядлівасці форму ўлады. Партыя дамагалася мірнага вырашэння канфліктаў паміж рабочымі і прадпрымальнікамі, а ў выпадках іх супраціўлення - аб'яўляла стачкі. Пад апекай палітычнай паліцыі яна наладжвала ў Мінску агульнагарадскія і цэхавыя культурна-асветніцкія вечары, чытанні, лекцыі, на якія восенню 1901 г. збіралася да 1500 чалавек. ЯНРП практычна паралізавала ў гэты час дзейнасць мясцовай арганізацыі Бунда. У канцы 1901 г. у ЯНРП перайшлі 15 з 20 цэхавых саюзаў Мінскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда. ЯНРП актыўна супрацоўнічала з сіяністамі, выступала за ізаляцыю яўрэяў ад агульнарасійскага рабочаха руху. Аднак стрымаць пераход рабочых да палітычнай барацьбы ЯНРП не змагла. Падтрымка ЯНРП з боку Дэпартамента паліцыі не выйшла за межы асобнага эксперыменту. У красавіку 1903 г. Г.І.Шаевіч арганізаваў забастоўку на чыгуналіцейным заводзе "Растэль" у Адэсе, пасля чаго быў схоплены і ў ліпені сасланы на 5 гадоў ва Усходнюю Сібір. У сувязі з адпраўкай Зубатава ў адстаўку ЯНРП была пазбаўлена падтрымкі дэпартамента паліцыі і летам 1903 г. самараспусцілася, а ў жніўні забаронена. Вільбушэвіч пераехала ў ЗША, потым у Палесціну, дзе была актыўным дзеячам сіянісцкага руху.