Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвых чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс.
Амаль усе віды тэхнічныя (фарбавальныя, дубільныя) і лекавыя (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкаратыўныя расліны.