Шматгадовая раўнаспоравая папарацепадобная расліна з дыферэнцыраванай на стэрыльны і спараносны ўчасткі ліставой пласцінкай. Вышыня 20-45 см (часам да 80 см). Вегетатыўная частка травяністая, сядзячая, тройчы-, чатырохперыстая з вострымі і зубчастымі сегментамі апошняга парадку. Спараносная частка на доўгай ножцы, двойчы- або тройчыперыстаразгалінаваная.
Барэальны лугава-лясны від. Пашырэнне: Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, Скандынавія, паўночныя, паўночна-заходнія і цэнтральныя раёны Усходняй Еўропы, Карпаты і горныя раён Заходняй Сібіры. У Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёвай мяжы спарадычнага пашырэння. Месцы росту: яловыя, шыракаліста-яловыя і шыракалістыя лясы, узлескі, хмызнякі, ускраіны балот з добра развітым травяным покрывам.