Шматгадовая травяністая расліна з шматлікімі прамастойнымі або прыўзнятымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі вышынёй 50-120 см. Лісце перыста-складанае на доўгіх чаранках, з 5-12 парамі ланцэтных, з ніжняга боку каротка апушаных лісцікаў. Прыліснікі шырока трохвугольныя, шылападобна завостраныя, бугарчастыя, па краі перапончатыя. Кветкі фіялетава-ружовыя з цёмнымі палоскамі, сабраны ў густую (перад цвіценнем) верхавінкавую гронку. Чашачка трубчаста-званочкавая, валасістая. Плод — каротка апушаны струк.
Еўразійскі лесастэпавы рэліктавы від. Пашырэнне: Сярэдняя Еўропа, Каўказ, Міжземнамор’е, Малая і Сярэдняя Азія, Сібір; у Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўночнай мяжы арэала. Месцы росту: астэпаваныя схілы, пясчаныя абочыны дарог, высечкі і ўзлескі ў сасняках, адкрытыя або слаба аблесеныя ўзгоркі.