Каўказ

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Краіны Каўказа

Каўказ — тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўднёвай часткі Армянскага нагор'я. Плошча больш за 500 тыс. км². У межах Каўказа частка Расіі (Паўночны Каўказ), Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Вылучаюць Паўночны Каўказ, Перадкаўказзе і Закаўказзе.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўднёвым беразе Чорнага мора.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Каўказ з космасу
Дамбай (Расія)

У цэнтры — горная сістэма Вялікага Каўказа, якая падзяляецца на Заходні Каўказ (да Эльбруса), Цэнтральны Каўказ (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усходні Каўказ (на ўсход ад Казбека). Вялікі Каўказ цягнецца ад Таманскага паўвострава да Апшэронскага на 1500 км, шырыня 160-180 км. Восевую частку Каўказа складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На поўначы ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на поўдні — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вялікага Каўказа вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго заходняй частцы Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзвышша з вышынямі да 831 м. У цэнтры і на захадзе Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога Каўказа (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор'е (выш. да 5165 м, гара Вялікі Арарат). На паўночным захадзе размешчана Калхідская нізіна, на ўсходзе — Кура-Араксінская нізіна, на паўднёвым усходзе — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м).

Тэрыторыя Каўказа знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура Каўказа. Горныя хрыбты Вялікага Каўказа і масівы Малога Каўказа складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор'е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў.

Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), будаўнічыя матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінеральных крыніц.

Каўказ размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вялікага Каўказа перашкаджаюць пранікненню халодных паветраных мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя тэмпература студзеня ў Перадкаўказзі ад -2°С да -5°С, у Закаўказзі 3-6°С. Летам на Заходні Каўказ уплываюць вільготныя паветраныя масы Атлантыкі і Міжземнамор'я, на Усходнім Каўказе — сухія кантынентальныя масы ўнутраных абласцей Еўразіі. Сярэдняя тэмпература ліпеня ад 23-24°С на захадзе да 25-29°С на ўсходзе. На схілах Вялікага Каўказа вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя тэмпература студзеня на вышыні 2000 м каля -8°С, жніўня (самы цёплы месяц) 13°С Вышэй — высакагорны клімат з вялікай вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200-800 мм, на захадзе Вялікага Каўказа і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога Каўказа і Армянскім нагор'і 400-800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200-400 мм. У гарах Вялікага Каўказа каля 2000 ледавікоў (агульная плошча 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер.

Рака Рыёні (Грузія)

Рэкі належаць да басейна Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невялікіх азёр; буйныя — возера Ван, Севан, Урмія.

Горы ў Сванеціі (Грузія)

Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет Каўказа разнастайныя. На захадзе Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на ўсходзе — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вялікага Каўказа выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Заходняга Каўказа дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на поўначы) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на поўдні) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на вышынях 1200-1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На вышыні 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750-3200 м — ледавікі. Ніжнюю частку гор Усходняга Каўказа займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на вышынях 3700-4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор'яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор'ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор'і расліннасць горна-стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога Каўказа і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўднёвых схілаў Вялікага Каўказа, толькі ў Талышскіх гарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу.

Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вялікі Каўказ населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор'і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка).

На тэрыторыі Каўказа каля 20 запаведнікаў, у т.л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Каўказ — адзін з найбольшых курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Матузка А. Каўказ // БелЭн у 18 т. Т. 8. Мн., 1999.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіёны свету
LocationAmericas.png Амерыка Паўночная · Карыбы · Лацінская · Цэнтральная · Паўднёвая
Location of Europe.svg Еўропа Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
LocationAsia.png Азія Заходняя  · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая · Паўднёва-Усходняя ·
Блізкі Усход · Сярэдні Усход · Далёкі Усход
LocationAfrica.png Афрыка Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
LocationOceania.png Акіянія Аўстралія · Новая Зеландыя · Меланезія · Мікранезія · Палінезія

LocationPolarRegions.png Палярныя вобласці Арктыка · Антарктыка
LocationOceans.png Акіяны Атлантычны · Індыйскі · Паўночны · Ціхі  · Паўднёвы