Альбрэхт Радэнбах

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альбрэхт Радэнбах
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Bursche/C. Sneyssens/Harold[1]
Дата нараджэння 27 кастрычніка 1856(1856-10-27)[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 23 чэрвеня 1880(1880-06-23)[4][2][…] (23 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, палітык, драматург
Мова твораў нідэрландская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Альбрэхт Радэнбах (Albrecht Rodenbach; 27 кастрычніка 1856 — 23 чэрвеня 1880) — адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры, што пачаўся ў ХІХ стагоддзі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Быў старэйшым сярод 10 дзяцей, а таксама стрыечным братам будучага французскага пісьменніка Жоржа Радэнбаха. Бацька Альбрэхта Юлій Радэнбах паходзіў з Рэйнланду і быў братам Фелікса Радэнбаха, фламандскага палітычнага прапагандыста. Маці, хаця і валонка па паходжанні, свабодна размаўляла па-нідэрландску. З ранняга дзяцінства Альбрэхт пераняў ад бацькі і дзядзькі нацыяналістычныя погляды.

Альбрэхт вучыўся ў маленькай каталіцкай семінарыі ў Руселарэ. Яго зацікаўленасць фламандскім літаратурным рухам прывяла ў 1874—1875 гадах да канфлікту з дырэктарам-франкафілам. На штогадовым фестывалі навучэнцы па традыцыі спявалі французскія песні, і Радэнбах разам з іншымі нідэрландскамоўнымі школьнікамі ў якасці пратэсту праспяваў песню па-нідэрландску, што выклікала ў Бельгіі хвалю падобных пратэстаў. Нягледзячы на гэта, у 1876 годзе Радэнбах паспяхова скончыў навучанне.

У Лейдэнскім універсітэце Радэнбах пазнаёміўся з паэтам Полам дэ Монтам, які быў на год старэйшы за яго. Разам яны пачалі змаганне за фламандскае культурнае адраджэнне, за роўныя правы французскамоўных і нідэрландскамоўных студэнтаў і стварылі ў 1876 годзе «Асацыяцыю ўсіх фламандскіх студэнтаў» (Algemene Vlaamse Studentenbond). Яны патрабавалі ўвядзення заняткаў па нідэрландскай мове і культуры. У ілюстраваным часопісе асацыяцыі «Вымпел» (Het Pennoen) ананімна друкаваліся эсэ Радэнбаха. Свой рух Радэнбах і дэ Монт называлі «Буравесніцтвам» (Blauwvoeterie, ад нідэрл.: blauwvoet — буравеснік), такім чынам прадказваючы хуткую буру. Дэвізам асацыяцыі былі словы: «Калі ляціць буравеснік, на моры шторм!». Сам Радэнбах параўноўваў гэты рух з нямецкімі студэнцкімі аб’яднаннямі «буршэншафт» (burshenschaft).

Разам з гэтым Радэнбах наладзіў кантакты з фламандскімі лібераламі, напрыклад, паэтам Янам ван Бейрсам і пісьменнікам Максам Розесам, якія публікавалі інфармацыю пра рух і распрацоўвалі яго палітычныя мэты.

Некалькі эсэ, напісаных Радэнбахам у 1876 годзе, былі падпісаныя псеўданімам «Харалд». У 1878 годзе выйшаў зборнік яго вершаў «Першыя вершы» (Eerste gedichten). Астатнія творы паэта, уключаючы вершаваную эпічную драму пра часы вікінгаў «Гудрун» (Gudrun), былі надрукаваныя толькі пасля яго смерці.

Пры жыцці Радэнбах быў знакаміты як аўтар вершаў і песень, якія зрабіліся сімваламі і натхненнем фламандскага руху. 23 чэрвеня 1880 года Радэнбах памёр ад туберкулёзу. Пасля яго смерці кіраўніцтва ў студэнцкай асацыяцыі перайшло да Пола дэ Монта.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]