Асавец (стаянка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Асавец  — археалагічныя помнікі каля в. Асавец Віцебскай вобласці.

Стаянка-1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 2 км на поўдзень ад вёскі. Выявіў і даследаваў у 1934 годзе К. М. Палікарповіч. Культурны пласт укрыты праслойкай торфу ў 1,5 м. Знойдзены прылады працы і кераміка, характэрныя для паўночна-беларускай культуры (1-я палова II тыс. да н. э.).

Стаянка-2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад вёскі. Даследаваў у 1966—1983 гадах М. М. Чарняўскі. Культурны пласт да 1,3 м, пакрыты торфам. У ніжняй частцы яго знойдзены фрагменты неалітычных гладкасценных пасудзін з дамешкамі тоўчаных ракавін у сценках, упрыгожаных арнаментамі з насечак, наколаў, грабеньчатых адбіткаў, ямак. У верхняй частцы культурнага пласта выяўлены матэрыялы позняга неаліту і ранняга бронзавага веку паўночнабеларускай культуры (абломкі гліняных штрыхаваных пасудзін з дамешкамі тоўчаных ракавін і жарствы ў сценках, арнаментаваных шчыльнымі ўзорамі з пераважна гарызантальных паясоў, насечак, грабеньчатых адбіткаў, розных ямак і наколаў). Керамічныя вырабы ўяўлялі сабой вастрадонныя, акругладонныя і пласкадонныя гаршкі, міскі і кубкі. Шмат вырабаў з рогу і косці — наканечнікі стрэл, праколкі, рыбалоўныя кручкі, гарпуны, кінжалы, сякеры, цёслы і інш. Сярод упрыгожанняў найбольш свідраваных падвесак з зубоў жывёл і падвесак з бурштыну. Знойдзены рэчы старажытнага мастацтва — драўляныя і касцяныя фігуркі чалавека, звяроў і птушак, у тым ліку лася[1], гравіраваныя выявы людзей на кераміцы. Выяўлены частка жытла слупавой канструкцыі, рэшткі драўляных місак, дошак, агароджы з жэрдак.

Стаянка-3[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Даследаваў у 1968 годзе М. М. Чарняўскі. На паверхні ўзгорка трапляліся крамянёвыя прылады працы і кераміка, а ў торфе каля паўночна-ўсходняга падножжа — рэшткі драўляных збудаванняў. Адносіцца да бронзавага веку.

Стаянка-4[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 1,8 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Даследаваў у 1971 годзе, 1976—1977 гадах М. М. Чарняўскі. Выяўлены матэрыялы ранняга неаліту (IV тыс. да н. э.). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР і Дзяржаўным музеі БССР.

Стаянка-5[правіць | правіць зыходнік]

Стаянка неаліту і ранняга бронзавага веку за 1,1 км ад вёскі. Выявіў у 1972 годзе і даследаваў 32 м² у 1987, 1991 гадах М. М. Чарняўскі. Матэрыялы адносяцца да ўсвяцкай і паўночна-беларускай культур. Датуецца III — сярэдзінай II тыс. да н. э.

Стаянка-7[правіць | правіць зыходнік]

Стаянка поздняга неаліту і ранняга бронзавага веку за 1,5 км ад вёскі. Выявіў у 2000 годзе М. М. Чарняўскі, даследаваў 96 м² у 2000—2007 гадах М. Чарняўскі. Пашкоджана пажарам, ацалелая пляцоўка на паўднёвай ускраіне мае памеры 20×50 м. Культурны пласт падсцілаецца торфам. Знойдзена больш за 13 тыс. фрагментаў керамікі, 421 крамянёвая і 251 касцяная прылады, вырабы і іх фрагменты з бурштыну, каменю, дрэва і бяросты, меднае шыла, амаль 17 тыс. фрагментаў костак млекакормячых, рыб і птушак, каля 1 тыс. фрагментаў лясных і вадзяных арэхаў і інш.

Зноскі

  1. Зайкоўскі Э. Алень, лось // Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік. — Мінск: Беларусь, 2011. — С. 22—23.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Стаянка-1 (в. Асавец) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 123.
  • Стаянка-2 (в. Асавец)) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 123.
  • Стаянка-3 (в. Асавец) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 124.
  • Стаянка-4 (в. Асавец) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 124.
  • Стаянка-5 (в. Асавец) // Культура Беларусі / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1: А-Б. — С. 267.
  • Стаянка-7 (в. Асавец) // Культура Беларусі / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1: А-Б. — С. 267.