Аферторый

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Узнясенне келіха падчас аферторыя паводле трыдэнцкага абраду

Аферторый, ахвяраванне дароў — частка імшы ў заходніх літургічных абрадах Каталіцкай царквы. Ён таксама ўваходзіць у склад англіканскай літургіі і лютэранскага богаслужэння. Аферторый адкрывае сабой эўхарыстычную літургію. Ва ўсіх літургічных абрадах пасля яго заканчэння пачынаецца анафара. У часе аферторыя хлеб і віно для здзяйснення Эўхарыстыі прыносяцца на алтар. Акрамя таго, аферторыем называецца спеў, які выконваецца подчас ахвяравання дароў. Традыцыйна падчас аферторыя ў заходніх абрадах адбываецца збор ахвяраванняў. Аналагам аферторыя ў візантыйскім абрадзе з'яўляецца Вялікі ўваход.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычна паходжанне аферторыя звязана з практыкай старажытнай Царквы, калі хлеб і віно для літургіі прыносілі парафіяне. Найлепшыя з прынесеных дароў выкарыстоўваліся для здзяйснення Эўхарыстыі, а астатнія ўжываліся падчас сумеснага спажытку агапэ і раздаваліся бедным. У Заходняй царкве ў першым тысячагоддзі быў выпрацаваны спецыяльны абрад аферторыя, падчас якога адбывалася працэсія з прынясеннем дароў на алтар. Працэсія суправаджалася спевам псальма з паўторам кароткага верша. У другім тысячагоддзі працэсія з дарамі знікла з парадку імшы, а спеў на аферторый скараціўся да аднаго верша з псальма. У гэты перыяд абрад рымскага аферторыя прыняў шэраг элементаў з галіканскага і масарабскага абрадаў, а таксама акаджэнне алтара.

Парадак[правіць | правіць зыходнік]

У Трыдэнцкай імшы, якая ў цяперашні час таксама завецца экстраардынарным абрадам, замацаваны наступны парадак дзеянняў святара падчас аферторыя:

  • Святар раскладае карпарал на алтары
  • Бярэ патэну з гостыяй, падымае яе над алтаром і чытае малітву аб прыняцці Богам ахвяры
  • Налівае ў келіх крыху віна і вады, падымае келіх над алтаром і чытае малітву
  • Ставіць патэну і келіх на карпарал і чытае дзве малітвы: аб прынашэнні, прыемным для Бога, і аб благаслаўленні ахвяры
  • Здзяйсняе каджэнне алтара
  • Абмывае рукі і чытае псальм 25 (Lavabo)
  • Чытае малітву Suscipe sancta Trinitas
  • Заклікае прысутных да малітвы (Orate fratres)
  • Ціха чытае малітву над дарамі (Secreta)

З цягам літургічнай рэформы другой паловы XX стагоддзя парадак аферторыя быў зменены. Ён быў скарочаны, а шэраг малітваў — адменены. Для ўрачыстых і святочных імшаў была адноўлена працэсія з прынашэннем дароў, прычым дары прыносяць свецкія, а прымае іх каля алтара святар або дыякан, пасле чаго кладзе іх на алтар. Спеў аферторыя, які раней браўся з псальма, цяпер мае форму адвольнага спеву духоўнага зместу. Збор ахвяраванняў прадпісаны менавіта на час аферторыя, але забараняецца ўскладаць сабраныя ахвяраванні на алтар. Парадак дзеянняў святара ў імшы Novus Ordo наступны:

  • Раскладае на алтары карпарал, пурыфікатар, імшал і келіх
  • Прыносіць на алтар дары (альбо бярэ іх у парафіянаў)
  • Бярэ патэну з гостыяй і прамаўляе малітву благаслаўлення і ахвяравання
  • Улівае ў келіх крыху віна і вады, прамаўляючы спецыяльную малітву
  • Падымае келіх над алтаром і прамаўляе малітву благаслаўлення і ахвяравання
  • Схіліўшыся, ціха просіць аб прыняцці Богам ахвяры
  • Абмывае рукі, просячы Бога, каб абмыў яго ад беззаконня і ачысціў ад граху
  • Да гэтага часу заканчваецца спеў на аферторый, і святар заклікае прысутных да малітвы
  • Пасля адказу верных святар чытае малітву над дарамі[1].

У іншых заходніх літургічных абрадах існуе шэраг адрозненняў у парадку аферторыя. Так, у амбразіянскім абрадзе аферторый носіць назву «аферэнда» (offerenda). У ім заўсёды існавала традыцыя прынашэння дароў, якая ў рымскім абрадзе знікла ў пачатку другога тысячагоддзя і была адноўлена толькі ў XX стагоддзі. У некаторых абрадах (у галіканскім, брагскім і іншых) існуе два прынашэння дароў: адно, кароткае, перад імшой, а вялікае — напачатку Эўхарыстычнай літургіі.

У літургіі Англіканскай царквы аферторый адбываецца пасля казання і перад малітвай за Царкву. Падчас аферторыя святар чытае выбраныя вершы з Бібліі, затым размяшчае на стале хлеб і налівае віно ў келіх. У гэтым часе адбываецца збор ахвяраванняў. Ніякіх святых дзеянняў і малітваў на гэты час не прадпісана. У лютэранскім набажэнстве аферторый папярэджвае Эўхарыстычную службу.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • «Приношение даров», «Офферторий» // Католическая энциклопедия. Т.3. Изд. францисканцев. М.:2007.
  • Offertory //Catholic Encyclopedia.