Брэстпраект

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Брэсцкі аблпраект)
Адкрытае акцыянернае таварыства «Інстытут комплекснага праектавання аб’ектаў будаўніцтва» г. Брэст (ААТ «Брэстпраект»)
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1945
Размяшчэнне Сцяг Беларусі г. Брэст, Рэспубліка Беларусь
Галіна будаўніцтва
Сайт brestproekt.by

«Брэстпраект» — праектны інстытут у Брэсце. Размяшчаецца па адрасе вул. Пушкінская, 16/1.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны як Брэсцкая праектная кантора «Брэстаблпраект» рашэннем Брэсцкага аблвыканкама ад 8 снежня 1945 года пры аддзеле па справах будаўніцтва і архітэктуры Брэсцкага аблвыканкама. У задачы «Брэстаблпраекта» ўваходзіла будаўнічае праектаванне (архітэктурнае, архітэктурна-будаўнічае, санітарна-тэхнічнае) гарадоў, райцэнтраў, камунальных і вытворчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, выкананне геалагічных работ, тапаграфічных здымак, распрацоўка праектных рашэнняў, тэхнічных праектаў, рабочых чарцяжоў, аўтарскіх наглядаў на будпляцоўках за выкананнем праектаў.

У канцы лістапада 1948 года пастановай Савета Міністраў БССР за № 1622 ад 28 лістапада 1948 года і загадам Упраўлення па справах будаўніцтва і архітэктуры пры СМ БССР ад 30 лістапада 1948 года Брэсцкая абласная праектная кантора была ператворана ў філіял Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута «Белдзяржпраект» Міністэрства камунальнай гаспадаркі БССР. У функцыі філіяла з гэтага моманту стала ўваходзіць і ажыццяўленне праектавання і прывязак тыпавых праектаў жылых і грамадзянскіх будынкаў.

11 жніўня 1959 года філіял быў перададзены ў распараджэнне Брэсцкага аблвыканкама і стаў называцца «Брэсцкая абласная кантора па праектаванні сельскага і гарадскога будаўніцтва» («Аблпраект») Выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных.

12 мая 1966 года «Аблпраект» быў перададзены ў распараджэнне Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута «Белдзяржпраект» і атрымаў назву «Брэсцкія абласныя праектныя майстэрні», функцыі майстэрняў засталіся ранейшымі. У майстэрні ўваходзілі: архітэктурна-канструктарскі аддзел, архітэктурна-планіровачны аддзел, выдавецкі аддзел, дарожна-вышукальніцкі аддзел, геалагічны сектар, планавы аддзел і бухгалтэрыя. Брэсцкім абласным праектным майстэрням непасрэдна быў падпарадкаваны Баранавіцкі архітэктурна-канструктарскі аддзел, які не мае самастойнага балансу.

22 жніўня 1969 года Брэсцкія праектныя майстэрні «Белдзяржпраект» перайменаваны ў Брэсцкі філіял інстытута «Белдзяржпраект». У структуру філіяла ўваходзілі архітэктурна-планіровачная майстэрня, тры архітэктурна-канструктарскія майстэрні (адна з іх у г. Баранавічы), майстэрня сельскага праектавання, аддзел пошукаў, аддзел ІТІ, тэхнічны аддзел, планава-вытворчы аддзел, аддзел афармлення і выдачы праектнай дакументацыі і бухгалтэрыя.

26 снежня 1974 года на базе філіяла створаны Брэсцкі абласны праектны інстытут па комплексным праектаванні аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага прызначэння «Брэстграмадзянпраект», які падпарадкоўваўся ў сваёй дзейнасці выканаўчаму камітэту Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў. У структуру інстытута ўваходзілі чатыры архітэктурна-канструктарскіх майстэрняў (адна з іх у г. Баранавічы), аддзел каштарысаў і праектаў арганізацыі будаўніцтва, аддзел аўтаматызацыі праектавання, аддзел інжынерных пошукаў, аддзел механізацыі праектных работ і выпуску праектаў, група падрыхтоўкі праектавання, тэхнічны аддзел, планава-вытворчы аддзел.

З 1 студзеня 1997 г. абласны праектны інстытут «Брэстграмадзянпраект» ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства «Інстытут комплекснага праектавання аб’ектаў будаўніцтва» г. Брэст (ААТ «Брэстпраект»).

З 1 ліпеня 2005 года на базе архітэктурна-канструктарскай майстэрні № 3 у г. Баранавічы створаны Баранавіцкі філіял ААТ «Брэстпраект».

Структура[правіць | правіць зыходнік]

У структуру інстытута ўваходзяць два архітэктурна-канструктарскія аддзелы, інжынерны сектар, аддзел каштарысаў і праектаў арганізацыі будаўніцтва, аддзел інжынерных пошукаў, тэхнічны аддзел, планава-вытворчы аддзел, аддзел падрыхтоўкі дагавораў, аддзел выпуску, аддзел інжынерных паслуг у будаўніцтве, кадравая служба, юрыдычная служба, сектар кіравання якасцю, бухгалтэрыя, гаспадарчы аддзел.