Брэсцкая вобласць

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Брэсцкая вобласць
Герб
Coat of Arms of Brest Region.svg
Сцяг
Flag of Brest Voblast, Belarus.svg
Краіна

Беларусь

Уваходзіць у

Беларусь

Уключае

16 раёнаў

Адміністрацыйны цэнтр

Брэст

Найбуйнейшыя гарады

Баранавічы, Пінск

Насельніцтва (2009)

1 401 2 тыс, (3-е месца)

Плошча

32 790,68[1] км²
(4-е месца)

Вышыня
над узроўнем мора
 • Найвышэйшы пункт
 • Самы нізкі пункт



 267 м
 121 м

Брэсцкая вобласць на карце

Код ISO 3166-2

BY-BR

Код аўтам. нумароў

1

Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg Брэсцкая вобласць на Вікісховішчы

Брэ́сцкая во́бласць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР і Рэспубліцы Беларусь. Размешчана на паўднёвым захадзе краіны, мяжуе з Польшчай і Украінай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Брэсцкая вобласць БССР у студзені 1940 года

Вобласць створана 4 снежня 1939 г., узбуйнена ў 1954 г. Падзяляецца на 16 раёнаў.

У 1983 на тэрыторыі вобласці 20 гарадоў, 7 гарадскіх пасёлкаў, 2 рабочыя пасёлкі. У 1995 колькасць насельніцтва склала 1518 тыс. чал. У вобласці налічвалася 20 гарадоў у т.л. 5 абласнога падпарадкавання, 9 гарадскіх пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Для Брэсцкай вобласці характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на поўдні — пераважна нізінны. Вылучаюцца на паўднёвым захадзе раўніннае Брэсцкае Палессе, на ўсходзе нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на паўночным захадзе Прыбугская раўніна, на поўначы Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На паўночным усходзе адгор'і Капыльскай грады[2].

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Карысныя выкапні: будаўнічы камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім раёне), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і будаўнічыя пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль[2].

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені ад −4,4 °C (Брэст) да −6,1 °C (Баранавічы), у ліпені ад 18 °C на захадзе да 19 °C на ўсходзе. Вегетацыйны перыяд 195—208 сутак. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на паўднёвым захадзе да 645 мм на паўночным усходзе, за летні перыяд — 400—450 мм[2].

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Заходні Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасховішчы Лактышы, Сялец, Пагост[2].

Глебы[правіць | правіць зыходнік]

Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8 %), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле механічнага складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на поўдні складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%[2].

Лясы[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім раёнах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы.

Балоты[правіць | правіць зыходнік]

Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэрыторыі, 2/3 з іх нізінныя[2].

Ахоўныя прыродныя тэрыторыі[правіць | правіць зыходнік]

Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біялагічнай разнастайнасці вялікае значэнне маюць нацыянальны парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў[2], 31 ахоўны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Экалогія[правіць | правіць зыходнік]

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. 4270 км (13% тэрыторыі вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т.л. 470 км² са шчыльнасцю 5—15 Кі/км². На забруджанай тэрыторыі каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага раёнаў[2].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Для вобласці характэрна змяншэнне колькасці насельніцтва:

  • 1995 — 1518 тыс.
  • 1996 — 1 494 300 чал.[3]
  • 2001 — 1 477 440 чал.[3]
  • 2002 — 1 469 800 чал.[3]
  • 2003 — 1 461 045 чал.[3]
  • 2004 — 1 450 121 чал.[3]
  • 2005 — 1 439 361 чал.[3]
  • 2006 — 1 426 767 чал.[3]
  • 2007 — 1 417 784 чал.[3]
  • 2008 — 1 409 668 чал.[3]
  • 2009 — 1 404 407 чал.[3]
  • 2010 — 1 399 084 чал.[3]
  • 2011 — 1 394 668 чал.[3]
  • 2012 — 1 391 476 чал.[3]
  • 2013 — 1 390 364 чал.[3]
  • 2014 — 1 388 573 чал.[3]
  • 2015 — 1 388 931 чал.[3]
  • 2016 — 1 386 982 чал.[3]
  • 2017 — 1 386 351 чал. Гарадское насельніцтва — 973 280 чал., сельскае — 413 071 чал[4].

Гарадское насельніцтва складае 62,3 % (2003). Найбольшыя гарады: Брэст (317,8 тыс. чал.), Баранавічы (169,3), Пінск (132,7), Кобрын.

Нацыянальны склад насельніцтва (1999): беларусы — 85,0 %, рускія — 8,7 %, украінцы — 3,8 %, палякі — 1,8 %.

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыйны падзел Брэсцкай вобласці

Брэсцкая вобласць падзяляецца на 16 раёнаў:

Таксама вылучаюцца гарады абласнога падпарадкавання: Брэст, Баранавічы і Пінск.

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

У гаспадарчым комплексе важнае месца займае прамысловасць. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я гг. былі нестабільнымі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе беларускія электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхналагічнае абсталяванне для лёгкай прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытворчасці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80 % электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40 % панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30 % дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35 % цукру, каля 30 % кансерваў, амаль 20 % мяса і масла, 27 % драўнінна-стружкавых пліт, каля 20 % клеенай фанеры. Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на беларускі рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80 % прамысловага патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вялікіх гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытворчае аб'яднанне «Граніт» па здабычы будаўнічага каменю, у г. Белаазёрск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС[2].

У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харчовай (цукровай, мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прамысловасці, 24 — лясной і дрэваапрацоўчай, 23 — прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Яны працуюць на мясцовай сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невялікіх гарадах і гарадскіх пасёлках. Жыллёвым, меліярацыйным, сельскім і дарожным будаўніцтвам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 будаўніча-мантажная арганізацыя (1993)[2].

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукровых буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53 % валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтральных і заходніх раёнах дадаткова вырошчваюць цукровыя буракі, у паўночных раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45 % тэр. і складаюць 1475 тыс. га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукровымі буракамі. Больш за 76 % пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67 % агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сялянскія гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, пазней адзначалася тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытворчасці асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі. Найбольшая колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага раёнаў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага раёнаў[2].

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Агульная даўжыня чыгункі складае 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс. км) вобласць займае 1-е месца ў краіне. Праз вобласць праходзяць найважнейшыя міжнародныя магістралі: МаскваМінскБрэстВаршава, ВільнюсЛунінецРоўна, КовельБрэст і галоўная чыгунка Палесся БрэстГомель. Чыгуначныя вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка[2].

Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км. Асноўныя магістралі БрэстМінск, БрэстГомель[2].

Вялікае значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод ТаржокМінскІвацэвічы з адгалінаваннем на КобрынБрэстВаршаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты[2].

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія Брэсцкай вобласці: Дапам. для студэнтаў геагр. спецыяльнасцей ВНУ / Пад рэд. Арцеменкі С. В., Грыбко А. У. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2002. — 385,[2] с.: іл. ISBN 985-476-062-6

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]


Зноскі