Брэстпраект
Адкрытае акцыянернае таварыства «Інстытут комплекснага праектавання аб’ектаў будаўніцтва» г. Брэст (ААТ «Брэстпраект») | |
---|---|
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1945 |
Краіна | |
Размяшчэнне | г. Брэст, Рэспубліка Беларусь |
Адрас | |
Галіна | будаўніцтва |
Сайт | brestproekt.by |
«Брэстпраект» — праектны інстытут у Брэсце. Размяшчаецца па адрасе вул. Пушкінская, 16/1.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаваны як Брэсцкая праектная кантора «Брэстаблпраект» рашэннем Брэсцкага аблвыканкама ад 8 снежня 1945 года пры аддзеле па справах будаўніцтва і архітэктуры Брэсцкага аблвыканкама. У задачы «Брэстаблпраекта» ўваходзіла будаўнічае праектаванне (архітэктурнае, архітэктурна-будаўнічае, санітарна-тэхнічнае) гарадоў, райцэнтраў, камунальных і вытворчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, выкананне геалагічных работ, тапаграфічных здымак, распрацоўка праектных рашэнняў, тэхнічных праектаў, рабочых чарцяжоў, аўтарскіх наглядаў на будпляцоўках за выкананнем праектаў.
У канцы лістапада 1948 года пастановай Савета Міністраў БССР за № 1622 ад 28 лістапада 1948 года і загадам Упраўлення па справах будаўніцтва і архітэктуры пры СМ БССР ад 30 лістапада 1948 года Брэсцкая абласная праектная кантора была ператворана ў філіял Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута «Белдзяржпраект» Міністэрства камунальнай гаспадаркі БССР. У функцыі філіяла з гэтага моманту стала ўваходзіць і ажыццяўленне праектавання і прывязак тыпавых праектаў жылых і грамадзянскіх будынкаў.
11 жніўня 1959 года філіял быў перададзены ў распараджэнне Брэсцкага аблвыканкама і стаў называцца «Брэсцкая абласная кантора па праектаванні сельскага і гарадскога будаўніцтва» («Аблпраект») Выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных.
12 мая 1966 года «Аблпраект» быў перададзены ў распараджэнне Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута «Белдзяржпраект» і атрымаў назву «Брэсцкія абласныя праектныя майстэрні», функцыі майстэрняў засталіся ранейшымі. У майстэрні ўваходзілі: архітэктурна-канструктарскі аддзел, архітэктурна-планіровачны аддзел, выдавецкі аддзел, дарожна-вышукальніцкі аддзел, геалагічны сектар, планавы аддзел і бухгалтэрыя. Брэсцкім абласным праектным майстэрням непасрэдна быў падпарадкаваны Баранавіцкі архітэктурна-канструктарскі аддзел, які не мае самастойнага балансу.
22 жніўня 1969 года Брэсцкія праектныя майстэрні «Белдзяржпраект» перайменаваны ў Брэсцкі філіял інстытута «Белдзяржпраект». У структуру філіяла ўваходзілі архітэктурна-планіровачная майстэрня, тры архітэктурна-канструктарскія майстэрні (адна з іх у г. Баранавічы), майстэрня сельскага праектавання, аддзел пошукаў, аддзел ІТІ, тэхнічны аддзел, планава-вытворчы аддзел, аддзел афармлення і выдачы праектнай дакументацыі і бухгалтэрыя.
26 снежня 1974 года на базе філіяла створаны Брэсцкі абласны праектны інстытут па комплексным праектаванні аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага прызначэння «Брэстграмадзянпраект», які падпарадкоўваўся ў сваёй дзейнасці выканаўчаму камітэту Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў. У структуру інстытута ўваходзілі чатыры архітэктурна-канструктарскіх майстэрняў (адна з іх у г. Баранавічы), аддзел каштарысаў і праектаў арганізацыі будаўніцтва, аддзел аўтаматызацыі праектавання, аддзел інжынерных пошукаў, аддзел механізацыі праектных работ і выпуску праектаў, група падрыхтоўкі праектавання, тэхнічны аддзел, планава-вытворчы аддзел.
З 1 студзеня 1997 г. абласны праектны інстытут «Брэстграмадзянпраект» ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства «Інстытут комплекснага праектавання аб’ектаў будаўніцтва» г. Брэст (ААТ «Брэстпраект»).
З 1 ліпеня 2005 года на базе архітэктурна-канструктарскай майстэрні № 3 у г. Баранавічы створаны Баранавіцкі філіял ААТ «Брэстпраект».
Структура
[правіць | правіць зыходнік]У структуру інстытута ўваходзяць два архітэктурна-канструктарскія аддзелы, інжынерны сектар, аддзел каштарысаў і праектаў арганізацыі будаўніцтва, аддзел інжынерных пошукаў, тэхнічны аддзел, планава-вытворчы аддзел, аддзел падрыхтоўкі дагавораў, аддзел выпуску, аддзел інжынерных паслуг у будаўніцтве, кадравая служба, юрыдычная служба, сектар кіравання якасцю, бухгалтэрыя, гаспадарчы аддзел.