Перайсці да зместу

Бурса (навучальная ўстанова)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бурса (ад лац.: bursa — «сумка») — інтэрнат пры навучальных установах (сярэднявечных універсітэтах, калегіумах, манастырскіх і брацкіх школах, духоўных семінарыях), дзе навучэнцы жылі падчас вучобы. У сярэднявеччы слова «бурса» першапачаткова азначала агульную касу якога-небудзь саюзу або ўстановы (манастыра, брацтва), а пасля стала ўжывацца пераважна да касы інтэрната навучэнцаў і да самога памяшкання[1].

Таксама бурсай называлі пэўнае брацтва, сябрыну або кампанію[1].

У Вялікім Княстве Літоўскім

[правіць | правіць зыходнік]

У Вялікім Княстве Літоўскім бурсы існавалі пры розных тыпах навучальных устаноў. Яны вылучаліся жорсткай дысцыплінай, падобнай да манастырскай[1].

Езуіты ставіліся да бурсаў крытычна, паколькі іх утрыманне патрабавала шмат персаналу і сродкаў. Яны аддавалі перавагу таму, каб моладзь жыла і выхоўвалася ў адкрытых установах і дамах. Таму пры сваіх калегіумах яны адчынялі толькі невялікія бурсы для немаёмных (напрыклад, музычныя бурсы)[1]. Бурсы для шляхты называліся канвіктамі[1].

Значная колькасць акадэмічных бурсаў дзейнічала пры Віленскай акадэміі, дзе навучалася моладзь з усяго Вялікага Княства. Сродкі на іх утрыманне браліся з даходаў ад ахвяраваных фундатарамі вёсак, гарадскіх дамоў і грашовых сум. Сярод вядомых віленскіх бурсаў[1]:

  • Валерыянаўская бурса — заснавана ў 1579 годзе віленскім біскупам Валяр’янам Пратасевічам.
  • Амбразіянская бурса — заснавана ў 1602 годзе канонікам Амброзіем Бейнартам для немаёмных студэнтаў.
  • Бурса — заснавана ў 1618 годзе ашмянскім земскім суддзёй Я. М. Корсакам; прызначалася для 10 студэнтаў з роду Корсакаў і 10 студэнтаў з іншых шляхецкіх родаў.
  • Музычная бурса — заснавана ў 1651 годзе дэканам Жабінскім.

У Заходняй Еўропе

[правіць | правіць зыходнік]

Інтэрнаты пад назвай «бурса» ўзніклі найперш у Францыі. Там, збольшага на сродкі дабрачынцаў (а пазней і за плату), студэнтам універсітэтаў прадастаўлялася агульнае жыллё. Студэнты, якія жылі разам (іх называлі Bursarii або Bursiati), знаходзіліся пад строгім наглядам: не маглі выходзіць без дазволу, мусілі апранацца згодна з правіламі і г.д. Гэты інстытут распаўсюдзіўся і ў іншых краінах, часта як прыватнае прадпрыемства.

У Францыі тэрмін Bourse захаваўся для абазначэння бязвыплатных месцаў у панісіёнах пры навучальных установах або стыпендый. У канцы XIX стагоддзя дзяржава выдаткоўвала значныя сродкі на такія бурсы пры ліцэях, калегіях і вышэйшых школах[2].

У Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У Расіі бурсай называлі перадусім інтэрнат пры Кіеўска-брацкай школе (пазней Кіеўская духоўная акадэмія). Ён узнік у першай палове XVII стагоддзя пры Пятры Магіле, які пераўтварыў школьную багадзельню ў інтэрнат для 200—500 выхаванцаў. Ужо ў канцы XVII стагоддзя ўмовы жыцця «бурсакоў» сталі вельмі цяжкімі. Каб падтрымаць сваё існаванне, выхаванцы збіралі добраахвотныя ахвяраванні, абіраючы для гэтага прэфектаў і асістэнтаў, і стваралі арцелі для спеваў, чытання вершаў і пастановак п’ес. Збор ахвяраванняў быў забаронены толькі ў 1786 годзе[2].

Назва «бурса» пашырылася на ўсе інтэрнаты пры духоўных навучальных установах (семінарыях). У XIX — пачатку XX стагоддзя стан расійскіх бурсаў часта характарызаваўся антысанітарыяй, жорсткай дысцыплінай і нерацыянальнымі педагагічнымі метадамі[2]. Жыццё бурсакоў ярка апісана ў творы М. Г. Памялоўскага «Нарысы бурсы».

  1. а б в г д е Бурса // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
  2. а б в М. Булгаков. «История Киевской духовной академии» (СПб., 1843 год).