Вікіпедыя:Крытэрыі значнасці пісьменнікаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Крытэрыі значнасці пісьменнікаў і журналістаў[правіць зыходнік]

Асноўныя крытэрыі[правіць зыходнік]

Думаю, відавочна значнымі можна лічыць дзеячаў літаратуры, якія:

  • маюць ганаровыя званні «Народны пісьменнік», «Народны паэт», «Заслужаны дзеяч культуры», «Заслужаны дзеяч мастацтваў»;
  • з’яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўных прэмій (у прыватнасці, Дзяржаўных прэмій СССР, БССР, Беларусі), маюць дзяржаўныя ўзнагароды (не абавязкова беларускія);
  • з’яўляюцца лаўрэатамі агульнавядомых міжнародных прафесійных прэмій («Букер», Нобелеўская прэмія па літаратуры, прэмія Гётэ, Пулітцэраўская прэмія і г.д.).

Таксама значнымі падаюцца тыя дзеячы, чые імёны згадваюцца ва ўніверсальных энцыклапедыях (БСЭ, Бракгаўз і г.д.);

Дадатковыя крытэрыі[правіць зыходнік]

Дадатковыя крытэрыі значнасці могуць быць наступнымі:

  • дыпламанты і прызёры вядомых міжнародных і нацыянальных (беларускіх) конкурсаў (акрамя юнацкіх);
  • сябры агульнанацыянальных Саюзаў пісьменнікаў;
  • асобы, чыя дзейнасць рэгулярна асвятляецца ў агульнанацыянальных і прафесійных СМІ, у эфіры значных радёстанцый і тэлебачання (акрамя мясцовага ТБ і радыё). «Рэгулярнасць», безумоўна, залежыць ад тыпу выдання: для «тоўстага» часопіса, які выдаецца шэсць разоў на год, публікацыі двойчы на год — ужо рэгулярныя. Для газеты, якая выдаецца часта (напрыклад, «Звязда»), мінімальны паказальнік будзе іншым — напрыклад, раз на месяц.
  • асобы, інфармацыя пра якіх утрымліваецца ў друкаваных даведніках з накладам не менш за 2000 асобнікаў (гл. ніжэй);
  • дзеячы, якія маюць папулярнасць (нават супярэчлівую) у прафесійнай супольнасці і падтрымліваюцца аўтарытэтнымі інстытуцыямі (удзел у вядомых фэстах, кнігі ў значных выдавецтвах, артыкулы ў прафесійных зборніках артыкулаў і СМІ і г.д.);
  • літаратары, чыя дзейнасць рэцэнзуецца і аналізуецца ў прафесійных выданнях;
  • аўтары тых асобных вядомых твораў (magnum opus), што сталі заўважнымі падзеямі ў культурным і грамадскім жыцці, незалежна ад значнасці іншых твораў аўтара (прыклад — Паўлюк Багрым і верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…»).

Таксама можна гаварыць пра значнасць тых, хто забяспечвае поспех вядомых аўтараў — выдаўцы, рэдактары, крытыкі, перакладчыкі. Але ў кожным канкрэтным выпадку неабходна спасылацца на аўтарытэтныя крыніцы.

Наклады[правіць зыходнік]

Важным дадатковым крытэрыем значнасці пісьменніка можна лічыць наклады яго ўласных кніг, бо гэта адзін з нешматлікіх аб’ектыўных паказчыкаў ступені значнасці і вядомасці аўтара. Таксама не трэба забываць, што мінімальны наклад павінны быць распрацаваным з улікам беларускай сітуацыі. Для таго, каб пазначыць мінімальна магчымы наклад, трэба палічыць наклады ў той галіне літаратуры, якая з’яўляецца найменш камерцыйнай і паспяховай — а канкрэтна, ў паэзіі. Паэтычныя кнігі ўжо шмат гадоў (з пачатку перабудовы) выходзяць даволі сціплымі накладамі. Таму для таго, каб вылічыць мінімальна магчымы сярэдні наклад, былі ўзятыя па пяць паэтычных зборнікаў часоў перабудовы і дзевяностых гадоў ды пяць сучасных кніг. Разглядалася па адной кнізе ад кожнага аўтара. Вось, што атрымалася ў выніку.

Наклады паэтычных зборнікаў часоў перабудовы:

  • У. Арлоў — Там, за дзвярыма: вершы ў прозе, «Мастацкая літаратура», 1991 г., 3600 ас.
  • В. Швед — Мая зялёная Зубровія, «Мастацкая літаратура», 1990 г., 1800 ас.
  • Р. Барадулін — Маўчанне перуна, «Мастацкая літаратура», 1986 г., 5400 ас.
  • Л. Дранько-Майсюк — Над пляцам, «Мастацкая літаратура», 1986 г., 2700 ас.
  • Н. Мацяш — Паварот на лета, «Мастацкая літаратура», 1986 г., 3300 ас.

Сярэдні наклад — 3360 ас.

Наклады дзевяностых гадоў:

  • Л. Пранчак — Біблія для каханай, Мн.: «Полымя», 1998 г., 1500 ас.
  • Г. Бураўкін — Узмах крыла, «Мастацкая літаратура», 1995 г., 1500 ас.
  • Э. Акулін — Крыло анёла, «Мастацкая літаратура», 1995 г., 1500 ас.
  • Лера Сом — Блюз каралеўскае кухні, «Полацкае ляда», 1994 г., 600 ас.
  • C. Чыгрын — Шчырая Шчара, Слонім, 1993 г., 2000 ас.

Сярэдні наклад — 1420 ас.

Наклады сучасных паэтычных зборнікаў:

  • А.Разанаў — Сума немагчымасцяў, «Логвінаў», 2009 г., 500 ас.
  • А. Хадановіч — Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах, «Логвінаў», 2008 г., 1000 ас.
  • Ю. Новік — Сонца за тэрыконамі, «Мастацкая літаратура», 2007 г., 1000 ас.
  • А. Мінкін — Пэнаты: паэзія, «Логвінаў», 2007 г., 500 ас..
  • В. Кустава — Тамсама, «Мастацкая литаратура», 2006 г., 1500 ас.

Сярэдні наклад — 900 ас.

Агульны сярэдні наклад — каля 1894 ас.

То бок, можна сказаць, што мінімум у 2000 асобнікаў выглядае больш-менш прымальным — аўтары, якія выдаваліся ў БССР (нават у 1985—1991), дакладна не страцяць сваё месца ў Вікіпедыі, а артыкул пра сучаснага літаратара можа з’явіцца, калі ён ужо выпусціў некалькі кніг (пры тым, што зараз і проза не заўсёды друкуецца вялікімі накладамі). Такім чынам, крытэрый мінімальнага накладу будзе даволі мяккім — ён «адкіне» толькі малавядомых аўтараў. Таксама можна лічыць літаратараў і журналістаў значнымі, калі яны рэгулярна (гл. вышэй) публікуюцца ў перыядычных выданнях з накладам не менш за 10 000 асобнікаў (акрамя аўтараў рэкламных выданняў) ці ўваходзяць у склад рэдакцыйнай калегіі такіх СМІ — планка вышэй за мінімум для накладаў кніг, бо трэба выключыць з разгляду аўтараў невялікіх раённых газет.

Праверка па Сеціве[правіць зыходнік]

У працэсе вырашэння пытання пра значнасць асобы карысна праверыць частасць згадванняў у Сеціве з дапамогай пошукавых сервісаў. Само па сабе частае згадванне не з’яўляецца абсалютным паказчыкам значнасці персаналіі (гэта можа быць, напрыклад, подпіс сталага наведвальніка форумаў), а адсутнасць інфармацыі ў Сеціве — не гарантыя нязначнасці (не ўсе галіны ведаў і дзейнасці добра прадстаўленыя ў інтэрнэце). Але ў шматлікіх выпадках частасць згадванняў у Сеціве (разам з колькасцю публікацый у папяровых выданнях) — добры паказчык.

Калі аб’ект артыкула не адпавядае хаця б аднаму асноўнаму крытэрыю, для пацверджання значнасці трэба знайсці аўтарытэтныя крыніцы, якія сцвярджаюць пра наяўнасць мінімум двух дадатковых крытэрыяў.