Гарднер (скалы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Скалы Гарднер (англ.: Gardner Pinnacles, гав.: Pūhāhonu) — дзве бязлюдныя скалы, пазбаўленыя расліннасці і акружаныя рыфам. Размешчаны ў Гавайскім архіпелагу за 946 км на паўночны захад ад горада Ганалулу. На паўднёвы ўсход размешчаны атол Фрэнч-Фрыгат-Шолс, а на паўночны захад — рыф Маро. Гавайская назва — Pūhāhonu.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Агульная плошча сушы — 0,024 км². Скалы ўяўляюць сабой рэшткі старажытнага вулкана. Найвышэйшы пункт — 52 м. Плошча навакольнага рыфа — 2,4 км².

У водах, якія абмываюць скалы, жыве вельмі вялікая колькасць рыб, а на саміх скалах — мноства відаў насякомых, 12 відаў трапічных птушак. Скалы Гарднер з’яўляюцца часткай запаведніка, таму доступ да іх абмежаваны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Скалы адкрыты 2 чэрвеня 1820 года амерыканскім кітабоем Джозефам Эленам. У красавіку 1857 года, як і іншыя Паўночна-Заходнія выспы, скалы Гарднер былі анексаваныя каралём Гаваяў Камехамехай IV. 7 ліпеня 1898 года скалы сталі часткай ЗША, а 3 лютага 1909 года — часткай птушынага запаведніка Гавайскіх астравоў.