Гродзенскі беларускі сялянскі з’езд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Гродзенскі беларускі сялянскі з'езд, Беларускі сялянскі з'езд у Гродне — сход прадстаўнікоў сялянства Гродзенскай губерні, адбыўся 15—16.12.1918.

Скліканы ў Гродне пасля выдання Граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 28.11.1918 аб неабходнасці стварэння беларускіх рад. Мелася на ўвазе, што на тэрыторыі, не занятай пасля дэнансацыі Брэсцкага міру бальшавікамі, будуць створаны беларускія органы ўлады, каб такім чынам перашкодзіць імкненню адроджанай польскай дзяржавы захапіць заходнія землі Беларусі, якія яшчэ заставаліся пад германскай акупацыяй і фармальна ўваходзілі ў склад Літоўскай Рэспублікі.

Старшынёй з'езда абраны намеснік старшыні Рады БНР А. Смоліч, намеснікам — А. Якубецкі. Парадак дня: аб палітычным становішчы, аб зямельнай справе, аб выплаце ваенных стратаў і дапамозе ахвярам вайны, аб школьнай справе.

«Дзеля абароны правоў беларускага народу на яго родную зямлю і вольнае, нацыянальнае развіццё» з'езд вырашыў стварыць моцную арганізацыю ў вёсках і паветах, арганізаваць сельскія і валасныя камітэты, абраў Гродзенскую павятовую Раду. Дэлегаты пратэставалі супраць стварэння пад кіраўніцтвам ксяндзоў і пры згодзе германскіх акупацыйных улад парафіяльных камітэтаў, якія былі першымі органамі польскай дзяржаўнасці на заходніх землях Беларусі. Каб процістаяць узброеным польскім атрадам, якія займаліся рабаўніцтвам у вёсках і мястэчках, з'езд даручыў валасным камітэтам арганізаваць міліцыю і запатрабаваць у немцаў зброю. Прыняў рэзалюцыю, паводле якой зямля павінна была «адысці да працоўнага народу без выкупу». Пры валасных камітэтах ствараліся зямельныя камісіі, якім належала правесці вопіс зямлі, клапаціцца аб гаспадарцы і засеве палёў. З'езд прыняў рэзалюцыю аб выплаце ваенных стратаў, выказаўся за ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў мірнай канферэнцыі «дзеля абароны права беларускага народу і сплаты ваенных стратаў», прасіў Віленскую Беларускую Раду стварыць Цэнтральны Камітэт для дапамогі пацярпелым ад вайны. Валасныя камітэты павінны былі ўзяць на сябе школьныя справы. Прадугледжвалася, што выкладанне павінна весціся на беларускай мове.

З'езд стварыў арганізацыйны камітэт для склікання Краёвага беларускага з'езду Гродзеншчыны, у яго склад увайшлі Ф. Данілюк, С. Якавюк, А. Басель, А. Якубецкі, А. Саўчыц, Л. Дзекуць-Малей, А. Алексючанка, П. Якубецкі і Я. Натусевіч. Аргкамітэт меў права кааптацыі. Меркавалася, што краёвы беларускі з'езд Гродзеншчыны будзе скліканы 9.1.1919 у Гродне, аднак германскія ўлады, якія супрацоўнічалі з польскімі арганізацыямі, не дазволілі яго правесці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
  • Сідарзвіч А. Гродзенскі беларускі сялянскі з'езд // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.