Дзярэзка, лікападыела (Lycopodiella) — род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзеразовыя (Lycopodiaceae).
Малалетнія вечназялёныя травяністыя расліны з анізатомна галінаванымі парасткамі: доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і ўкараняльнымі, шчыльна прылеглымі да субстрату галінаванымі плагіятропнымі вегетатыўнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць неразгалінаваныя прамастаячыя генератыўныя парасткі, звычайна з адным спараносным коласам на верхавіне. Вегетатыўнае лісце зялёнае, лінейна-ланцэтнае, густа размешчанае. Спарафілы з яйцападобна пашыранай асновай, зубчастыя, звужаныя ў ланцэтны кончык. Спараносныя каласкі (стробілы) сядзячыя, маладыя каласкі часта слаба адмежаваныя ад вегетатыўнай часткі парасткаў, больш выразна адмяжоўваюцца па меры выспявання спор. Спарангіі папярочна-авальныя, жоўтыя, размяшчаюцца ў аснове спарафілаў. Споры шматлікія, светла-жоўтыя, з няясна выяўленай сеткаватай паверхняй.
Гаметафіт часткова надземны, зялёны, асімілявальны, кароткажывучы, даўжынёй 2,5–3,5 мм, да 5 мм у дыяметры, з цыліндрычнай або рэпападобнай падземнай часткай і плоскараспасцёртымі, зялёнымі асімілюючымі лопасцямі ў дыскападобнай надземнай гаметангіяльнай зоне. Маладыя, 6–8‑клетачныя гаметафіты могуць упадаць у стан спакою і дасягаць спеласці праз 10 гадоў. Пасля апладнення ўтвараецца падобная да споры, акружаная тоўстай абалонкай зігота, якая пасля перыяду спакою ці выжывання ў неспрыяльных умовах можа развівацца і даваць пачатак новаму спарафіту.
Каля 15 відаў пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Дзярэзка заліўная (Lycopodiella inundata) распаўсюджана ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар’я, расце на вільготных грунтавых агаленнях з парушаным травяным покрывам, часцей за ўсё на пясчаных з заглейваннем глебах або па краях тарфяных балот, на Беларусі спараносіць у ліпені—верасні.
Па інфармацыі базы дадзеных The Plant List (на ліпень 2016) род уключае 30 відаў[1]:
Лекавая расліна. Споры могуць быць выкарыстаны аналагічна спорам дзеразы, спінулюму, дыфазіястру.