Елісеевічы (археалагічны помнік)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Елісеевічы — верхнепалеалітычная стаянка 1-й паловы апошняй стадыі валдайскага зледзянення ў в. Елісеевічы Бранскага раёна. На правым беразе р. Судасць. Адкрыта ў 1930 г. К. М. Палікарповічам, даследавалі ў 1935, 1936, 1946, 1948 Палікарповіч, у 1936 г. Ф. М. Завярняеў, у 1946 г. М. В. Ваяводскі, у 19631968 гг. У. Д. Будзько.

У ніжнім гарызонце выяўлены рэшткі паўзямлянкавых жытлаў авальнай формы, заглыбленых у зямлю на 0,5 — 0,6 м, зробленых з розных касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя плоскія косці). Знойдзены крамянёвыя прылады працы (бакавыя, вуглавыя, сярэдзінныя, пляскатыя разцы, скрабкі на канцах ножападобных пласцін, вастрыі, пласціны з прытупленым рэтушшу краем, долаты, цяслападобныя прылады, адбойнікі, рэтушоры), нуклеусы, вырабы з касцей зайца, лісіцы, ваўка, бурага мядзведзя, пясца, паўночнага аленя і інш., біўня маманта (верацёнападобныя наканечнікі коп'яў, землекапалкі, іглы з вушкам, шылы, праколкі). У ліку цікавых знаходак — авальныя пласціны з біўня маманта са складаным геаметрычным арнаментам у выглядзе 6-вугольнікаў, зігзагаў, ліній, што нагадваюць луску рыбы, выявы рыбы; жаночая статуэтка з біўня маманта; упрыгожанні (амулеты, падвескі) з прасвідраваных для падвешвання зубоў дробнай жывёлы, марскіх ракавін і прэснаводных малюскаў, трубачак марскіх чарвякоў. Культурны пласт верхняга гарызонту 2,5 м. Выяўлены крамянёвыя наканечнікі стрэл, у т.л. з бакавой выемкай, пласціны, скрабкі. Датуюцца: ніжні гарызонт XX — XVIII-м тысячагоддзямі да н.э., верхні — XIII—X тысячагоддзямі да н.э.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Будько, В. Д. Верхний палеолит Северо-Запада Русской равнины // Доклады и сообщения археологов СССР. — М., 1966.
  • Будько, В. Д. Елисеевичское верхнепалеолитическое поселение // Доклады АН БССР. — 1965. — Т. 9. — № 10. — С.
  • Будько, В. Д., Возняячук, Л. Н. Палеолит Белоруссии и смежных территорий // Древности Белоруссии. — Мн., 1969.
  • Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. — Мн., 1970.
  • Поликарпович, К. М. Палеолит Верхнего Поднепровья. — Мн., 1968.