Заработная плата

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Заработная плата (зарплата, заробак, аплата працы працоўнага) — узнагарода за працу, якую наймальнік абавязаны выплаціць працоўнаму за выкананую працу ў залежнасці ад яе складанасці, колькасці, якасці, умоваў працы і кваліфікацыі працоўнага з улікам фактычна адпрацаванага часу, а таксама за перыяды, якія ўключаюцца ў працоўны час. (артыкул № 57 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь)

Заработная плата (разм. зарплата, заробак) — грашовая кампенсацыя, якую працоўны атрымлівае ў абмен на сваю працу з пазіцыі працоўнага, і артыкул выдаткаў, які ўключаецца ў сабекошт прадукцыі для наймальніка.

Сутнасць зарплаты[правіць | правіць зыходнік]

Узровень заработнай платы залежыць ад узроўню прадукцыйнасці працы, які характарызуе эфектыўнасць вытворчасці тавараў і паслуг. Згодна фундаментальнаму эканамічнаму закону тэмп прыросту зарплаты не павінен апярэджваць тэмп прыросту прадукцыйнасці працы, што азначае забарону на выдачу не заробленай фактычнымі вынікамі працы заработнай платы. Часта здараецца ў сучаснай эканамічнай практыцы Рэспублікі Беларусь, што дадзенае правіла не выконваецца з-за розных чыннікаў, у тым ліку і папулісцкіх.

Прадукцыйнасць працы залежыць ад камбінацыі фактараў вытворчасці, да якіх варта аднесці чалавечы, прыродны, фізічны і інстытуцыйны капіталы, таму і памер заработнай платы залежыць ад наяўнасці і ступені эфектыўнасці ўжывання вышэйпералічаных фактараў.

Зарплата ўдзельнічае ў пераразмеркаванні і ўжыванні даходу, выконвае функцыі праходжання эканамічных працэсаў, якія абумоўліваюць змены сацыяльна-эканамічных працэсаў ці сацыяльна-эканамічнага асяродку, стан якога, у сваю чаргу, адлюстроўваецца аплатай працы ўлікам фактараў, што вызначаюцца гэтым асяродкам і фармуюць узровень зарплаты.

Заработную плату і яе пакупніцкую здольнасць часам лічаць паказчыкам дабрабыту насельніцтва краіны.

Агульныя тлумачэнні катэгорыі[правіць | правіць зыходнік]

Заработная плата з'яўляецца шматаспектнай з'явай, таму яна мае некалькі вызначэнняў, прыкладу:

  1. кошт працоўных рэсурсаў, якія задзейнічаны ў вытворчым працэсе;
  2. частка сукупнага грамадскага прадукту ў грашовым выразе, якая паступае ў асабістае спажыванне працоўных у адпаведнасці з колькасцю і якасцю выдаткаванай працы;
  3. частка выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, якая накіравана на аплату працы працоўных прадпрыемства і ўключана ў сабекошт гатовай прадукцыі;
  4. вынік працэсу аплаты працы;
  5. асноўная крыніца даходу большасці людзей (доля заработнай платы ў структуры даходаў рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь складае прыблізна 70%).

Мінімальная заработная плата[правіць | правіць зыходнік]

Мінімальная заработная плата — гэта ніжняя мяжа аплаты працы працоўных, ніжэй за якую працадаўца не мае права выплачваць. Мінімальную зарплату разам з мінімальным спажывецкім бюджэтам і бюджэтам пражытковага мінімуму слушна лічыць дзяржаўным сацыяльным стандартам у вобласці аплаты працы ў нармальных умовах.

Мінімальная заработная плата (месячная і пагадзінная) — гэта дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у вобласці аплаты працы за працу ў нармальных умовах пры выкананні усталяванай (месячнай ці гадзіннай) нормы працы. (артыкул № 59 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь). Прававая аснова вызначэння мінімальнай зарплаты ўсталявана Законам Рэспублікі Беларусь № 124-3 ад 17.07.2002 «Аб усталяванні і парадку падвышэння памеру мінімальнай заработнай платы».

Памер мінімальнага заробку абавязковы для ўсіх працадаўцаў. Памеры мінімальнага месячнага і пагадзіннага заробку ўсталёўваюцца штомесяц і штогод, зыходзячы з патрэб працоўных і эканамічных магчымасцяў бюджэту і асобнага ўзятага працадаўцы. У Рэспублікі Беларусь прадугледжана ўсталяванне мінімальнай зарплаты на ўзроўні не ніжэй за мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек.

Па стане на 09.10.2013 г. памер мінімальнай сярэднемесячнай зарплаты ў Рэспубліцы Беларусь склаў 1,464 млн.руб., а памер мінімальнай гадзіннай зарплаты — 8 760 руб.

Функцыі заработнай платы[правіць | правіць зыходнік]

Узнаўленчая[правіць | правіць зыходнік]

Узнаўленчая функцыя зарплата азначае неабходнасць магчымасці задавальнення асноўных патрэб за атрыманы заробак, каб забяспечыць простае ўзнаўленне. Іншыя словамі, узнаўленчая функцыя зарплаты ў тым, што, напрыклад, прафесар за свой атрыманы заробак павінен узнавіць прафесара.

Кампенсавальная[правіць | правіць зыходнік]

Кампенсавальная функцыя заработнай платы мае на ўвазе, што атрыманы заробак павінен кампенсаваць занятасць у неспрыяльных умовах працы ці рэжымах працы. Заробак павінен кампенсаваць працоўным сваю занятасць у дрэнных для здароўя ўмовах працы ці працу па начах ці вахтавым метадам.

Стымулюючая[правіць | правіць зыходнік]

Стымулюючая функцыя павінна фармаваць матывацыю да працы і да дасягнення мэт развіцця грамадства. Варта адзначыць, гэта вельмі функцыя мае суб'ектную прыроду, бо для кожнага працоўнага матывацыяй становіцца розны памер заробку, сыходзячы з памераў яго патрэб, таму да кожнага супрацоўніка варта ўжываць індывідуальны падыход.

Існуюць таксама тэорыі, якія сцвярджаюць, што, калі знікнуць грошы і, адпаведна, зарплата ў яе сённяшнім выглядзе, будзе неверагодна цяжка знайсці матывацыю для людзей хадзіць на працу.

Рэгулюючая[правіць | правіць зыходнік]

Рэгулюючая функцыя павінна забяспечваць перасоўванне працоўных туды, дзе яны прынясуць максімальную карысць, то бок аптымізаваць размеркаванне працоўных рэсурсаў. Функцыя мае на ўвазе, што, напрыклад, прафесар павінен працаваць за кафедрай, а не таксістам.

Коштаўтваральная[правіць | правіць зыходнік]

Коштаўтваральная функцыя зарплаты дазваляе фармаваць выдаткі на аплату працы пры вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі. У выпадку высокай зарплатаёмістасці прадукцыі значэнне гэтай функцыі для фармавання канцавога кошту будзе ўзрастаць. Гэтым аспектам, памяншаючы ці падвышаючы зарплату, можна ўплываць на коштавую канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

Сацыяльная[правіць | правіць зыходнік]

Фармаванне заробку, памер якога адэкватны рэальнай вартасці працоўнай сілы, спрыяе падтрымцы сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве. Таксама ўзровень зарплаты, як адзін з артыкулаў даходаў індывіда, вызначае памеры і межы сацыяльнай дыферэнцыяцыі і грамадстве: разрыў у заробках фармуе грамадства багатых і жабракоў.

Інвестыцыйная[правіць | правіць зыходнік]

Заробак забяспечвае фінансаванне развіцця нацыянальнай эканоміцы і прадпрыемства.

Сістэмы аплаты працы[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць наступныя сістэмы аплаты працы:

Тарыфная сістэма аплаты працы[правіць | правіць зыходнік]

Тарыфная сістэма — сукупнасць нарматываў, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя зарплаты супрацоўнікаў розных катэгорый у залежнасці ад складанасці працы, умоў працы, прыродна-кліматычных умоў, інтэнсіўнасці працы і характару працы.

Формамі тарыфнай сістэмы з'яўляюцца здзельная і пачасовая формы аплаты працы. Асноўным адрозненнем паміж імі з'яўляецца спосаб уліку выдаткаў працы, які ляжыць у іх аснове: пры здзельнай — улік колькасці вырабленай прадукцыі належнай якасці ці ўлік выкананых аперацый, пры пачасовай — улік адпрацаванага часу.

Здзельная форма аплаты працы[правіць | правіць зыходнік]

Здзельная форма аплаты працы ўжываецца ў тых выпадках, калі ёсць рэальная магчымасць фіксаваць колькасць паказчыкаў выніку працы і нармаваць яго шляхам усталявання нормаў выпрацоўкі і часу. Да прыкладу, перад пачаткам працы з працоўным дамовіліся, што за кожны выраб прадукцыі ён будзе атрымліваць 5 рублёў. За месяц працоўны зрабіў 1000 шт. пэўнай прадукцыі, таму, адпаведна здзельнай форме аплаты працы, працадаўца павінен заплаціць яму 5000 рублёў заробку.

Існуюць прамая здзельная аплата працы, здзельна-прэміяльная аплата працы, здзельна-прагрэсіўная аплата працы, ускосна-здзельная аплата працы (ужываецца ў асноўным да дадатковых працоўных, кшталту рамонтнікаў, заробак якіх залежыць ад выпрацоўкі асноўных працоўных), калектыўна-здзельная аплата працы, акордная аплата працы, аплата працы ў адсотках ад выручкі.

Пачасовая форма аплаты працы[правіць | правіць зыходнік]

Пры пачасовай аплаце працы заработная плата супрацоўніка вызначаецца ў адпаведнасці з узроўнем яго кваліфікацыі і колькасць адпрацаванага часу. Такая форма аплаты працы ўжываецца, калі працу супрацоўніка немагчыма нармаваць і адсочваць яе вынікамі, бо яны амаль не паддаюцца ўліку. Часта ўжываюць такую форму аплаты працы ў сферы абслугоўвання. Напрыклад, перад пачаткам працы з супрацоўнікам дамовіліся, што за кожную гадзіну працы ён будзе атрымліваць 27,5 тыс. руб. За месяц супрацоўнік фактычна адпрацаваў 157 гадзін, таму, адпаведна пачасовай формы аплаты працы, працадаўца павінен заплаціць супрацоўніку заробак у памеры 4,317 млн. руб. (157 гадзін * 27,5 тыс.руб./гадзіна).

Бестарыфная сістэма аплаты працы[правіць | правіць зыходнік]

Пры ўжыванні бестарыфнай сістэмы аплаты працы заробак супрацоўніка залежыць ад канцавых вынікаў працы прадпрыемства ў агульна, яго структурнага падраздзялення, у якім ён працуе, і ад аб'ёма сродкаў, якія накіроўваюцца працадаўцам на аплату працы. Заробак пры бестарыфнай сістэме аплаты працы не залежыць ад індывідуальных вынікаў працы.

Такая сістэма характарызуецца шчыльнай сувяззю ўзроўню аплаты працы з фондам заработнай платы, які вызначаецца па пэўных выніках працы калектыву; усталяваннем кожнаму супрацоўніку сталага каэфіцыента кваліфікацыйнага ўзроўню і каэфіцыента працоўнага ўдзелу ў бягучых выніках дзейнасці. Такім чынам, індывідуальная зарплата кожнага супрацоўніка прадстаўляе сабой яго долю ў заробленым усім калектывам фондзе заработнай платы:

Заробакбестарыфны = Фонд заработнай платы × Доля супрацоўніка, руб.

Бестарыфная сістэма аплаты працы характэрна для брыгаднай арганізацыі працы.

Апошнім часам буйныя кампаніі адмаўляюцца да пачасовай сістэмы аплаты працы. Сістэма матэрыяльнага стымулявання арыентуецца на фактычную кваліфікацыю супрацоўніка на падставе працы, якую ён выконвае. У такіх выпадках супрацоўнікі атрымліваюць фіксаваны заробак за кваліфікацыю, а не за час, які супрацоўнік знаходзіўся на працоўным месцы.

Прынцыпы арганізацыі аплаты працы[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай эканамічнай практыцы вылучаюць наступныя прынцыпы арганізацыі працы:

  1. заработная плата павінна дыферэнцавацца ў залежнасці ад якасці, колькасці і эфектыўнасці працоўнага ўнёску супрацоўніка ў агульныя вынікі працы прадпрыемства;
  2. індэксацыя зарплаты з інфляцыйным ростам коштаў, гарантыі росту заробку з ростам эфектыўнасці працы;
  3. пераважная накіраванасць змены памеру ў бок росту; рэдкае зніжэнне заробку; у самым горшым выпадку — заробак працяглы час застаецца на адным узроўні, але не зніжаецца;
  4. эквівалентная аплата за эквівалентную працу;
  5. наяўнасць дзяржаўнага рэгулявання зарплаты ў межах сацыяльнай эканамічнай палітыкі;
  6. недапушчэнне дыскрымінацыі ў сферы аплаты працы ў залежнасці ад узросту, пола, колеру скуры, сацыяльнага стану, адносін да рэлігіі і іншымі чыннікамі, не звязанымі з працоўнымі якасцямі супрацоўніка;
  7. улік кан'юктуры рынка працы, аналіз узроўняў заробкаў па групах прафесій у фірмах-канкурэнтах;
  8. прастата, лагічнасць і даступнасць разуменню супрацоўнікаў дзейсных формаў і сістэм аплаты працы; сувязі паміж вынікамі працы і памерамі ўзнагароды;
  9. узгадненне эканамічных інтарэсаў працадаўцы і наймітаў на базе дагаворнага рэгулявання ўмоў аплаты працы.

Віды заработнай платы[правіць | правіць зыходнік]

У класічнай эканамічнай тэорыі вылучаюць два віды заработнай платы, сыходзячы з наяўнасці ўліку пакупніцкай здольнасці зарплаты: намінальная і рэальная заработная плата.

Намінальная заработная плата — заработная плата, якая мае выраз выключна ў грашовых паказчыках, то бок без уліку інфляцыі і памеру пакупніцкай здольнасці. Асобна ўзяты паказчык намінальнай зарплаты з'яўляецца малаінфарматыўным, бо ён не можа адлюстраваць рэальны памер зарплаты. Да таго ж, павелічэнне зарплаты не заўсёды прыводзіць да падвышэння дабрабыту насельніцтва, бо яе рост можа апярэджваць рост інфляцыі.

Рэальная заработная плата — заработная плата, якая мае выраз у матэрыяльных дабротах і паслугах.

Рэальная зарплата — гэта пакупніцкая здольнасць рэальнай зарплаты, таму рост рэальнай зарплаты вызначаецца суадносінамі намінальнай зарплаты да індэксу спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі. Рэальны заробак памяншаецца з кожным павышэннем коштаў на папулярныя тавары і паслугі.

Напрыклад, намінальная зарплата = 6,351 млн. руб. Пры кошце хлеба «Нарачанскі» = 11,75 тыс. руб., памер рэальнай зарплаты будзе роўны 540,51 шт. прадукцыі хлеб «Нарачанскі» (6,351 млн.руб./11,75 тыс.руб.). Паказчык рэальнай зарплаты дазваляе параўноўваць пакупніцкую здольнасць зарплаты за розныя перыяды часу.

Сярэдняя заработная плата[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя зарплата — макраэканамічны паказчык, які вылічваецца як сярэдняе арыфметычнае значэнне заработных платаў пэўнай групы насельніцтва. Сярэднюю зарплату часта абвінавачваюць у неадэкватнасці адлюстравання памеру заработнай платы сярэдняга супрацоўніка, параўноўваючы сярэднюю зарплату з сярэдняй тэмпературай па шпіталі, бо сярэдняя заработная плата ўключае ў сабе і вельмі вялікія заробкі вельмі невялікай групы насельніцтва і наадварот, праяўляючы тым самым нерэлевантнасць адлюстравання сапраўднага сярэдняга ўзроўню.

У якасці альтэрнатывы сярэдняй зарплаце прапаноўваюць вылічваць і ўжываць памер медыяннай заработнай платы, памер якой будзе падзяляць групу насельніцтва на дзве часткі: адна будзе атрымліваць заробак больш за памер медыяннай заработнай платы, другая — менш за яго.

Заработная плата ў Рэспубліцы Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя налічаная намінальная заработная плата ў Рэспубліцы Беларусь у беларускіх рублях на снежань кожнага года, прымала наступныя значэнні:

Год 1991 1992 1993 1994 1995 1996 1997 1998 1999 2000 2001 2002 2003 2004 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 09.2013
Памер намінальнай зарплаты, руб. 1'109 12'372 162'480 248'922 1'013'731 1'592'893 3'275'952 8'008'174 34'871'899 87'669 166'246 220'926 299'859 434'900 562'189 668'049 795'386 1'000'187 1'093'017 1'595'873 2'877'658 4'741'282 5'374'793

20.08.1994 адбылася дэнамінацыя (памяншэнне ў 10 разоў намінальнай вартасці рубля); 01.01.2000 адбылася дэнамінацыя (памяншэнне ў 1000 разоў намінальнай вартасці рубля)

Сярэдняя налічаная намінальная заработная плата ў Рэспубліцы Беларусь у доларах ЗША на снежань кожнага года, прымала наступныя значэнні:

Год 2004 2005 2006 2007 2008 2009 2010 2011 2012 09.2013
Памер намінальнай зарплаты, $ 200,1 261,4 312,2 369,4 456,4 384,8 530,0 339,7 553,5 595

Часта на хістанні намінальнай зарплаты ў Беларусі ў доларах ЗША ўплывае дэвальвацыя беларускага рубля.

Эканамічнай сістэме Рэспублікі Беларусь уласціва апярэджанне тэмпу прыросту заработнай платы над тэмпам прыросту прадукцыйнасці працы, што выклікае ў перспектыве павышэнне росту інфляцыі, што часта кампенсуюць індэксацыяй заробкаў, выклікаючы такую эканамічную з'яву, як інфляцыйную спіраль.

Глядзі таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]