Перайсці да зместу

Зборная Ірландыі па рэгбі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Зборная Ірландыі па рэгбі (ірл.: Foireann rugbaí náisiúnta na hÉireann, англ.: Ireland national rugby union team) — зборная каманда па рэгбі-15, якая прадстаўляе ў міжнародных сустрэчах і турнірах востраў Ірландыя, уключаючы рэгбістаў як Паўночнай Ірландыі, так і Рэспублікі Ірландыя. Адносіцца World Rugby да зборных хай-перфоманс, гэта значыць да наймацнейшых каманд свету. Домам ірландскага рэгбі лічыцца «Авіва Стэдыум», які змяшчае каля 52 тысяч гледачоў.

Зборная Ірландыі рэгулярна ўдзельнічае ў самым прэстыжным турніры Еўропы — Кубку шасці нацый, які выйгравала 14 разоў. Раз у чатыры гады «зялёныя» бяруць удзел у чэмпіянаце свету, у якім ні разу не праходзілі далей чвэрцьфінальнай стадыі. З моманту стварэння World Rugby рэйтынгу зборных Ірландыя ні разу не апускалася ніжэй за 9-ы радок, а ў верасні 2019 года ўпершыню заняла першае месца.

З-за таго, што ў зборную выклікаюцца рэгбісты як з Рэспублікі Ірландыя, так і з Паўночнай Ірландыі, перад матчамі выконваюцца не нацыянальныя гімны, а песня Ireland’s Call. Спартсмены, якія выступаюць за зборную Ірландыі, могуць быць выкліканы ў склад Брытанскіх і ірландскіх львоў, міжнародную выставачную каманду, якая складаецца з гульцоў з Ірландыі, Англіі, Уэльса і Шатландыі.