Зборная ЗША па рэгбі
Зборная ЗША па рэгбі — каманда, якая прадстаўляе ЗША ў міжнародных матчах і спаборніцтвах па рэгбі-15. Каманда, вядомая пад мянушкай the Eagles, кантралюецца нацыянальным рэгбійным саюзам — USA Rugby. Арганізацыя з’яўляецца членам Паўночнаамерыканскай і карыбскай асацыяцыі рэгбі — аднаго з шасці рэгіянальных органаў IRB.
«Арлы» займаюць у сусветным рэйтынгу IRB шаснаццатае месца. Свайго піка амерыканцы дасягнулі 2 кастрычніка 2006 года, калі зборная ўзнялася на чатырнаццатую пазіцыю. Зборная пратрымалася на гэтым радку да 10 верасня наступнага года. Падобнае дасягненне стала магчымым дзякуючы двум перамогам запар над уругвайцамі і адборам на ЧС-2007. Найгоршы вынік у гісторыі зборнай — дваццатае месца, якое каманда займала з чэрвеня па лістапад 2008 года. Прычынай спаду стала няўдалае выступленне на Кубку Чэрчыля.
«Арлы» прымалі ўдзел у шасці з сямі розыгрышах кубка свету. У 1987 г. зборная фінішавала на дзясятым месцы, абыграўшы Японію, але саступіўшы Аўстраліі і Англіі. Амерыканцы не змаглі прайсці кваліфікацыю на ЧС-1995, але атрымалі тады першую перамогу над Канадай на іх полі (15—14). У 2003 г. ЗША занялі трынаццатае месца, таксама адолеўшы Японію і прайграўшы Фіджы (з розніцай у адно ачко), Францыі і Шатландыі. Федэрацыя рэгбі Злучаных Штатаў выказвала намер правесці ў краіне чэмпіянат свету ў 2023 ці 2027 г.
З 2013 года зборная з’яўляецца ўдзельнікам Кубка ціхаакіянскіх нацый, а раней была ўдзельнікам такіх спаборніцтваў, як Кубак Чэрчыля (цяпер не праводзіцца) і Усеамерыканскі чэмпіянат. У 2015 годзе USA Rugby аб’явіў аб стварэнні новага штогадовага турніру, у якім будуць гуляць 6 лепшых зборных абедзвюх Амерык: Аргенціны, Бразіліі, Канады, Чылі, Уругвая і ЗША. м