Камісія паліцыі Вялікага Княства Літоўскага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага - цэнтральны калегіяльны орган улады ВКЛ па падтрымцы грамадскай бяспекі і парадку. Створаны Гарадзенскім соймам 1793 г. адначасова з Кароннай камісіяй паліцыі замест Камісіі паліцыі абодвух народаў. У склад камісіі павінен быў уваходзіць 1 сенатар і 5 прадстаўнікоў ад шляхты, выбраных на сойме; яе пасяджэнні мусілі адбывацца пад старшынствам вялікага або надворнага маршалка ВКЛ. У камісію былі выбраны М.Радзівіл (кашталян віленскі), В.Гарэцкі (войскі віленскі), С.Валовіч (падкаморы рэчыцкі), С.Корсак, М.Мараўскі, А.Казакоўскі. Вялікі маршалак ВКЛ Л.Тышкевіч мала ўдзельнічаў у працы камісіі, на яе пасяджэннях звычайна старшынстваваў Валовіч. Была падсправаздачная сойму, падначалена Дэпартаменту паліцыі Пастаяннай Рады. Камісіі падпарадкоўваліся мясцовыя камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя. У задачы камісіі ўваходзіў нагляд над дзейнасцю мясцовай адміністрацыі (было фактычна скасавана самакіраванне гарадоў), справы «бяспекі, спакою і публічнай выгоды», цэнзура, нагляд над шпіталямі, барацьба з бадзяжніцтвам. У апарат камісіі ўваходзілі пісар, судовы і эканамічны рэгенты, генеральны сакратар, пленіпатэнт, архівіст, касір, геаметр. Камісія пачала працу ў Гародні 28 снежня 1793 г. Займалася арганізацыяй новых гарадских магістратаў, упарадкаваннем асвятлення і гандлю ў Вільні, рэгуляваннем цэн, шпітальнай справай і інш. Дзейнічала да пачатку паўстання 1794 г., да якога далучыліся амаль усе яе члены.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Zahorski, A. Centralne instytucje policyjne w Polsce w dobie rozbiorów. - Warszawa, 1959.
  • Анішчанка, Я. Камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага / Яўген Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г.П.Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я.К.Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 26.