Ленду

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ленду
Саманазва бале
Колькасць 700 000
Рассяленне  ДР Конга
Этнічныя мовы Lendu[d]
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) шаманізм

Ленду (валенду, бале, балегу) — народ у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга колькасцю каля 700 тысяч чалавек. Традыцыйна жыве на паўночна-заходнім беразе возера Альберт.

Мова ленду выкарыстоўваецца на крайнім паўночным усходзе краіны і дзеліцца на дзве групы: паўночную (бале-да) і паўднёвую (дру). Як мяркуецца, этнас насяляў гэтыя тэрыторыі яшчэ ў XVIII стагоддзі, і тады існавала толькі адна група. Пазней плямёны біру, якія прыйшлі з паўднёвага ўсходу, аказалі ўплыў на паўднёвыя плямёны ленду, з прычыны чаго ўтварыўся паўднёвы дыялект. Паўночныя ж паселішчы ленду практычна не ўзаемадзейнічалі з біру[1]:268.

З захаду возера Альберт акружана стромкімі схіламі, што робіць традыцыйнае месца пражывання гэтага народа вельмі цяжкадаступным[2]:605. Ленду жывуць у вулевобразных селішчах, паселішчы раскіданыя. Асноўная традыцыйная форма сацыяльнай арганізацыі — патрыярхальная вялікасямейная абшчына.

Ленду займаюцца лядна-агнявым земляробствам, вырошчваюць кукурузу, бабовыя, проса, кунжут. Займаюцца развядзеннем дробнай рагатай жывёлы. Менавіта ленду і іншыя прадстаўнікі цэнтральнай суданскай моўнай групы прынеслі жывёлагадоўлю ў гэтую частку Афрыкі[3]:1. Таксама этнас займаецца рыбалоўствам і збіральніцтвам. Што тычыцца рамяства, то ленду вырабляюць драўляны і гліняны посуд, плятуць цыноўкі і кошыкі з валокнаў пальмы традыцыйна з геаметрычным малюнкам.

У ежу ўжываецца рыба і раслінныя прадукты: кашы з проса, кукурузы і ямса. Традыцыйна мужчыны носяць насцегнавыя павязкі, а жанчыны — фартухі. Прытрымліваюцца традыцыйных вераванняў: культы продкаў, духаў прыроды, вераць у магію і вядзьмарства. Таксама маецца свой музычны фальклор.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Hertsens L. Quelques notes sur la phonetique Lendu // Journal of the International African Institute, Vol. 13, No. 3 (Jul., 1940), pp. 268–288.
  2. Editors. Exploration and Travel. Africa // Science, Vol. 9, No. 229 (Jun. 24, 1887), pp. 604–605.
  3. Ehret C. Cattle-Keeping and Milking in Eastern and Southern African History: The Linguistic Evidence // The Journal of African History, Vol. 8, No. 1 (1967), pp. 1–17.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]