Мааі
Маа́і — каменныя статуі са спрасаванага вулканічнага попелу на востраве Рапануі, належаць да прэтэндэнтаў Сем новых цудаў свету. Усе мааі маналітныя, гэта значыць выразаныя з адзінага кавалка каменя, а не злепленыя або змацаваныя. Вага часам дасягае больш за 20 тон, а вышыня — больш за 6 метраў. Была знойдзена няскончаная скульптура ростам каля 20 метраў і вагой у 270 тон. Усяго на востраве Пасхі маецца 997 мааі. Усе мааі, акрамя сямі статуй, «глядзяць» у глыб вострава. Гэтыя сем статуй адрозніваюцца яшчэ і тым, што знаходзяцца ўнутры вострава, а не на ўзбярэжжы.
Крыху менш пятай часткі мааі былі перасунутыя на пляцоўкі для цырымоній (аху) і ўстаноўлены з каменным цыліндрам чырвонага колеру на галаве (пукаў). Каля 95 % выразаныя са спрасаванага вулканічнага попелу Рана Рараку, дзе цяпер засталося 394 мааі. Работы ў каменяломні ля падножжа вулкана Рана Рараку былі нечакана перапыненыя, і там засталося шмат няскончаных статуй. Практычна ўсе завершаныя мааі былі перасунутыя з Рана Рараку на цырыманіяльныя платформы.