Музей-дача Васіля Быкава

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Музей-дача Васіля Быкава
Музэй-дача Васіля Быкава.jpg
Заснаваны 2014
Падпарадкаванасць Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры
Адкрыты з 12.00 да 18.00 з серады па нядзелю (май-верасень)

Музе́й-да́ча Васіля́ Бы́кава — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, адчынены 19 чэрвеня 2014 года да 90-годдзя пісьменніка. Мемарыяльны музей створаны на лецішчы В. Быкава ў Ждановічах-6 (Мінская вобласць, Мінскі раён, вул. Вінаградная, д. 62), якое было бязвыплатна перададзена ўдавой Ірынай Міхайлаўнай Быкавай дзяржаве (стварэнню музея паспрыяў былы міністр культуры П. Латушка).

Музей-дача дае ўяўленне пра дачны побыт творцы ў 1985-1998 гг., пра тое, якім В. Быкаў быў у штодзённым жыцці. Таксама ў музеі захоўваюцца карціны, створаныя ўласнаручна В. Быкавым; малюнкі; чарнавікі; ліст А. Твардоўскага да Быкава; кнігі з аўтографамі і карціны, падораныя Васілю і Ірыне Быкавым сябрамі.

Музей працуе з 11.00 да 17.00 з серады па нядзелю (май-кастрычнік).

Віртуальная экскурсія

У дачным пасёлку Ждановічы-6 з 19 чэрвеня 2014 года прымае наведвальнікаў Музей-дача Васіля Быкава. У доме, куды В. Быкаў са сваёй жонкай Ірынай Міхайлаўнай прыязджалі ў вольны час з 1985 па 1998 гг., размешчана мемарыяльная экспазіцыя: супрацоўнікі музея імкнуліся пакінуць ўсё так, як было пры жыцці Васіля Уладзіміравіча. Мэбля, прадметы побыту, сувеніры. Карціны, падораныя Васілю Быкаву і Ірыне Міхайлаўне. Сярод іх, напрыклад, працы В. Славука, В. Дударэнкі, Н. Паплаўскай. Усе гэтыя рэчы, як і сам дом у Ждановічах, удава пісьменніка бязвыплатна аддала дзяржаве яшчэ ў 2012 г., з умовай, што тут будзе створаны музей.

Гасцёўня

За вялікім дубовым сталом В. Быкаў прымаў гасцей: Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і многіх іншых…

В. Быкаў любіў адпачываць у крэсле-качалцы

У гасцявым пакоі, у куточку, дзе стаяць крэслы і прайгравальнік, ляжаць кружэлкі з вершамі Я. Купалы, Я. Коласа, А. Твардоўскага, а таксама з музыкай суседа па лецішчы – Ігара Лучанка.

Камін і павялічаная копія малюнка з нататніка В. Быкава

Ля каміна Васіль Быкаў у кампаніі Ірыны Міхайлаўны і Алеся Адамовіча з яго жонкай адзначалі Новы 1985 год.

Кухня. Малюнкі на сцяне

Маленькая кухня ў традыцыйным савецкім стылі. З адметнага: гародніна, садавіна і ягады на сцяне – усё справа рук пісьменніка. Вядома, што мастацкія схільнасці ў В. Быкава выявіліся яшчэ ў дзяцінстве, калі маляваў для школы сценгазеты і браў урокі ў вясковага прафесіянала Бобрыка. Пазней жа паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе правучыўся год і быў вымушаны кінуць па прычыне адмены стыпендыі.

Гараж

Васіль Быкаў жартам прызнаваўся: “За чвэрць стагодзьдзя я аддаў аўтамабілю ці ня болей сілы і эмоцыяў, чым літаратуры”. У гаражы пісьменніка, дзе некалі стаяла белая “Волга”, апрача інструментаў, кніг для аўтааматараў, веласіпеда Ірыны Міхайлаўны,  размешчана экспазіцыя з дасціпных малюнкаў, звязаных з “аўтамабільным” жыццём класіка, а таксама мапа “Дарогі Васіля Быкава”, дзе пазначаны ўсе краіны, у якіх пабываў пісьменнік, і павялічаныя копіі мапаў, створаных самім В. Быкавым. Толькі за час вайны, якая заспела В. Быкава на Украіне, яму давялося год вучыцца ў Саратаўскім ваенным вучылішчы, неаднаразова быць параненым і нават памылкова трапіць у лік загінулых пад Кіраваградам (дзе зараз у Вялікай Севярынцы існуе музей пісьменніка), прайсці і праз Румынію, і праз Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю…Кідала яго па розных краях жыццё і далей: служба на Далёкім Усходзе; вымушанае знаходжаннеў Швецыі, Фінляндыі, Германіі, Чэхіі падчас эміграцыі…

Балюстрада

Максімаліст В. Быкаў даводзіў усёй сваё творчасцю: каб быць чалавекам, мала не быць немцам-фашыстам і не быць паліцаем. Чалавек – гэта нешта большае, гэта Асоба, здатная на самастойны адказны выбар, на ўчынак. З такім максімалізмам мірыліся не ўсе. В. Быкава ў савецкія часы з аднаго боку ўзнагроджвалі, з іншага ж – няшчадна крытыкавалі. Вялікую падтрымку аказаў яму рускі класік, рэдактар “Нового мира” Аляксандр Твардоўскі, які не баяўся друкаваць пісьменніка ў часопісе. Ліст А. Твардоўскага да В. Быкава захоўваецца пад шклом на балюстрадзе. Таксама на балюстрадзе змешчаны чарнавікі Васіля Уладзіміравіча (можна, напрыклад, пабачыць, што спачатку пісьменнік планаваў даць сваёй аповесці, за якую ў 1986 г. атрымаў Ленінскую прэмію, назву “Час прыйдзе”, а не “Знак бяды”), фотаздымкі, малюнкі...

Працоўны кабінет В. Быкава

Кабінет лаўрэата Літаратурнай прэміі Я. Коласа, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа, Народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі і намінанта на Нобелеўскую даволі сціплы. Працоўны стол, а на ім друкавальная машынка, чарнавікі, кубачак для кавы, павелічальнае шкло, асадка… Пінжак, што вісіць на спінцы крэсла… Усе гэтыя прадметы ствараюць уражанне прысутнасці: быццам гаспадар толькі выйшаў за дзверы і вось-вось вернецца. Лаканічнасць, адсутнасць расквечанасці і пампезнасці… Стыль пакоя чымсьці нагадвае стыль быкаўскай прозы, дзе заўсёды зусім не шмат герояў, не шмат знешніх падзей.

Кнігі ў кабінеце В. Быкава

У кабінеце Васіля Уладзіміравіча захоўваюцца кнігі: многія з аўтографамі (іх дарылі пісьменніку)…Вылучаюцца цеплынёй і шчырасцю подпісы У. Караткевіча і Г. Бураўкіна: “Дарагому майму другу Васілю Быкаву, якога я люблю не таму, што зараз яго ўсе “любяць”, а таму, што я любіў яго і быў за яго, калі лаяць яго лічылася добрым тонам, і так буду рабіць і надалей…

…і жонцы ягонай Ірыне, “свайму хлопцу”, -- каб ім яшчэ доўга, добра, светла, шчасліва і карысна для людзей жылося” (Ул. Караткевіч, 19 студзеня 81 г. Дзень Вадохрышча);

“Дарагому, любаму Васілю Быкаву, дружба з якім – адна з самых вялікіх радасцяў майго жыцця” (Генадзь, 20. І. 1982).

Дыпломы

На стале ля сцяны змешчаны дыпломы і граматы. Сярод іх дыплом Ленінскай прэміі, грамата Героя сацыялістычнай працы…

Дыктафон Ірыны Міхайлаўны

Пакой Ірыны Міхайлаўны Быкавай, як і кабінет яе мужа, невялікі. На стале дыктафон тых часоў: Ірына Міхайлаўна – прафесійны журналіст. З В. Быкавым яны былі знаёмыя яшчэ з часоў працы ў “Гродзенскай праўдзе”, куды яна студэнткай журфака БДУ прыязджала на практыку, а пазней уладкавалася на сталую працу. Васіль Быкаў напісаў у “Доўгай дарозе дадому” пра жонку: “Ірына адной зь першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ. Пасьля яна паслугоўвала мне таксама ў якасьці машыністкі-друкаркі і першага крытыка маіх твораў. Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасьць пакрысе перарасла ў сталае пачуцьцё”. Ірына Міхайлаўна падтрымлівала Васіля Уладзіміравіча ў складаныя для яго часы, была першым чытачом і дарадцам.

Фотаздымак на мансардзе. Васіль Быкаў з Ірынай Міхайлаўнай

Палітра і фарбы В. Быкава

Мансарду В. Быкаву ў 1991 г. пабудаваў Ганад Чарказян з сябрам. У самым светлым і цёплым пакоі Васіль Уладзіміравіч чытаў перыёдыку, працаваў, маляваў…

Мастацкая праца В. Быкава “Дача”

На мансардзе можна пабачыць мастацкія працы пісьменніка: “Дачу”, “Бацькоўскую хату” і “Лужыну”.

Карціна, падораная У. Караткевічам

Таксама карціну “Восеньскі настрой”, якую У. Караткевіч падарыў В. Быкаву на шасцідзесяцігоддзе.

Паліца з перыёдыкай на мансардзе

На мансардзе знаходзяцца і перыядычныя выданні, якія чытаў Васіль Уладзіміравіч. Сярод іх часопісы з творамі самаго В. Быкава на розных мовах (яго проза перакладзена больш як на 50 моў свету; на  паліцы -- аповесць “У тумане” па-іспанску, “Мёртвым не баліць” па-ўкраінску і інш.), а таксама  часопісы, у якіх пісьменнік выступіў як актыўны грамадскі дзеяч (напрыклад, часопіс “Сучаснік” з прадмовай В. Быкава да артыкула З. Пазняка і Я. Шмыгалёва пра Курапаты).

Пісаць на лецішчы В. Быкаву  ўвесь час нешта замінала. У "Доўгай дарозе дадому" ён адзначыў: “Не пісалася мне на дачы, усё тут шкодзіла, -- і размовы суседак побач, і брэх сабак, і дзіцячая гамана з піскам і крыкам…” Аднак В. Быкаў любіў дачу ў Ждановічах-6. Пісьменнік выступаў актыўным грамадска-палітычным дзеячам, але часам яму хацелася ўцячы ад усяго і пабыць сам-насам з сабою, з жонкай, з прыродай. І менавіта лецішча дазваляла яму хоць на нейкі час апынуцца ў недасягальнасці ад бясконцых тэлефонных званкоў і візітаў у гарачыя 80-90-я гг.

Зараз Музей-дача В. Быкава – тое месца, якое павінен наведаць кожны сапраўдны беларус.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Вонкавыя спасылкі[правіць | правіць зыходнік]