Міхаіл Жамчужны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны — беларускі навуковец, грамадскі дзеяч, заснавальнік арганізацыі «Платформа инавэйшн», палітвязень.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску, дзе працаваў у Тэхналагічным універсітэце (кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, мае навуковыя манаграфіі і распрацоўкі). Кіраваў у ім лябараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловай вытворчасці вадароду. У асабістым сэнсе адзначыўся тым, што першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве[1]. Аўтар шэрагу навуковых манаграфіяў і распрацовак.

Грамадская дзейнасць, рэпрэсіі[правіць | правіць зыходнік]

Падчас працы ва ўніверсітэце М. Жамчужнаму прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ па справе супраць кіраўніка лабараторыі (даць паказанні супраць кіраўніцтва), але той адхіліў гэтую прапанову[2]. У 2006 годзе супраць яго пачалі крымінальную справу, ініцыяваную, як сцвярджаюць праваабаронцы, КДБ. Яму прапаноўвалі даць паказанні супраць начальства, а калі ён адмовіўся, асудзілі на 5 гадоў за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Па вызваленні ён заняўся абаронай правоў зняволеных. Стаў сябрам праваабарончай арганізацыі «Платформа», а пазней сузаснавальнікам новай арганізацыі «Платформа інавэйшн».

Другі раз яго арыштавалі ў 2015 годзе пасля таго, як асудзілі кіраўніка «Платформы інавэйшн» Андрэя Бандарэнку. 10 чэрвеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама ў даванні хабару. Паводле звестак праваабаронцаў, эпізоды злачыннай дзейнасці праводзіліся ў рамках аператыўнага эксперыменту пад кантролем КДБ дзеля выяўлення яго сувязі з замежнымі грамадзянамі. Праваабаронцы даводзяць, што дзейнасць М. Жамчужнага не была скіраваная на атрыманне выгады, а папярэдняе следства і судовы разгляд справы супраць яго былі закрытымі і непразрыстымі. Прысуд яму назвалі неабгрунтаваным і палітычна матываваным.

Адбываў пакаранне ў калоніях Навасадаў, Івацэвіч і Горак. Шмат часу ў Горацкай калоніі асуджаны правёў у штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу, нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі. Свае дзеянні, са словаў ягонага адваката, аргументаваў жаданнем папярэдзіць пагрозу асабістай бяспецы, а таксама замахам на чалавечыя гонар і годнасць. Паводле яго, пагроза сыходзіла ад іншых асуджаных.

У Горацкай папраўчай калоніі яго трымалі ад 13 ліпеня 2017 года, а наогул у калоніях строгага рэжыму М. Жамчужны прабыў шэсць з паловай гадоў. 65-гадовага праваабаронцу і палітвязня Міхаіла Жамчужнага вызвалілі з Горацкай папраўчай калоніі № 9 19 лютага 2021 года, выправілі пад канвоем цягніком з Горак на Оршу[3].

Зноскі