Народна-вызваленчая барацьба ў Македоніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Народна-вызвольнае змаганне ў Македоніі (макед.: Народноослободителна Борба на Македонија, харв.: Makedonski narodnooslobodilacki rat) — узброенае змаганне за вызваленне Македоніі партызанскімі часткамі Народна-вызвольнай арміі Македоніі, якая распачалася 11 кастрычніка 1941 і завяршылася выгнаннем акупантаў 19 лістапада 1944. Разглядаецца як частка Народна-вызвольнай вайны Югаславіі.

Храналогія[правіць | правіць зыходнік]

1941 год: акупацыя краіны і пачатак вызвольнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пачатку Красавіцкай вайны Македонія была акупавана з усходу балгарскімі, а з захаду італьянскімі і албанскімі войскамі. Каралеўская армія Югаславіі фактычна не зрабіла супраціву праціўніку, бо пераважная частка войскаў была разгромлена нямецкімі часткамі ў паўночнай частцы краіны. Пасля капітуляцыі Югаславіі Македонія была падзелена на дзве часткі: Вардарская Македонія фактычна дасталася Албаніі (у тым ліку гарады Цетава, Гасцівар, Кічава, Струга і Прэспа), а астатняя частка Македоніі з галоўным горадам Скоп'і ўвайшла ў склад Балгарыі.

Пад канец красавіка 1941 года ў гаркамах Камуністычнай партыі Югаславіі гарадоў Прылеп, Цетава, Куманова, Охрыд, Бітола, Вялес, Крушаво, Кавадарцы і іншых было прынята рашэнне пра складанне маніфеста да народа Македоніі з заклікам да пачатку вайны супраць акупантаў. Аднак гэтыя планы былі сарваны: сакратар македонскага аддзела Камуністычнай партыі Югаславіі Методзіе Шатораў байкатаваў чарговы з'езд партыі і бег у Балгарыю, каб уступіць у Балгарскую рабочую партыю і змагацца за аб'яднанне Македоніі з камуністычнай Балгарыяй. У ЦК КПЮ гэта расцанілі як здраду і 24 ліпеня 1941 выключылі Шаторава з партыі. Яго месца заняў Лазар Калішэўскі.

У красавіку і маі 1941 года фактычна ўжо пачалася партызанская вайна: незалежныя групы Руху Супраціву пачалі ўладкоўваць выбухі на аэрадромах, знішчаючы самалёты ВПС Балгарыі, падрываць грузавікі і чыгуначныя саставы. У маі ЦК КПЮ сфармаваў Вайсковую камісію па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання ў Македоніі.

У верасні адбыліся першыя ўзброеныя сутыкненні з балгарскімі вайсковымі часткамі блізу Багамілскага тунэля, на чыгунцы Вялес-Прылеп і ў сяле Водна блізу Скоп'я. У тым жа месяцы быў сфармаваны Штаб партызанскіх атрадаў Македоніі па кіраўніцтве ўзброеным дзеяннямі: у склад штаба ўвайшлі Лазар Калішэўскі, Мірча Ацеў, Страша Пінджур, Міхайла Апосталскі і Цветка Узуноўскі. Яшчэ ў жніўні быў сфармаваны 1-ы Скопскі партызанскі атрад, які стаў першым партызанскім атрадам у Македоніі.

1941—1944 гады: ход баявых дзеянняў[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйнай датай пачатку супраціву стала 11 кастрычніка 1941 года, калі Прылепскі партызанскі атрад атакаваў паліцэйскі ўчастак у Прылепе. Гэта стала сігналам да пачатку ўзброенага выступу антыфашыстаў Македоніі супраць германскіх, балгарскіх, італьянскіх і албанскіх фашысцкіх захопнікаў.

На нарадзе ў Скоп'і, якая адбылося ў студзені 1942 года, была падрыхтаваная справаздача пра ход сутычак і дзеянняў узброеных атрадаў. Да лета 1942 года некаторыя тэрыторыі ў Македоніі былі цалкам вычышчаны ад акупантаў. Народна-вызвольны рух узмацніўся пасля таго, як яго ўзначаліў Святазар Вукманавіч, які меў усе паўнамоцтвы для арганізацыі новых вочак Камуністычнай партыі Югаславіі на македонскіх землях. У сакавіку 1943 года ў Цетава была заснавана Камуністычная партыя Македоніі, сакратаром ЦК якой стаў Лазар Калішэўскі.

Са 2 па 4 лютага 1943 у Прэспе адбыўся З'езд партыі, на якім было прынята рашэнне пра арганізацыю Антыфашысцкага сходу па народным вызваленні Македоніі, органаў улады Народна-вызвольнага руху і выданні Маніфеста пра мэты вызвольнага руху. Пасля капітуляцыі Італіі 8 верасня 1943 тэрыторыі, вызваленыя ад акупантаў, пашырэлі значна. Македонцам атрымалася адбіць Кічава і Дэбар, а неўзабаве паўстанне бліснула блізу Стругі, Охрыда і Прэспы. Галоўны штаб Народна-вызвольных партызанскіх атрадаў Македоніі быў пераназваны ў Галоўны штаб Народна-вызвольнай арміі і партызанскіх атрадаў Македоніі.

Дзякуючы стварэнню рэгулярных узброеных сіл вайна супраць акупантаў адкрыта перайшла ў вайну за вызваленне тэрыторыі Македоніі і стварэнне македонскай дзяржавы. Менавіта тады пры Галоўным штабе сталі з'яўляцца першыя замежныя вайсковыя місіі, а неўзабаве македонцы ўсталявалі радыёсувязь з Вярхоўным штабам НОАЮ і пачалі перамовы з нямецкім камандаваннем у Струзе пра памен ваеннапалонных. Македонія была падзелена на пяць аператыўных зон, у кожнай з якіх былі свае органы ўлады. Адбыліся неўзабаве і два З'езда Антыфашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі, на якіх былі дэлегаты ад Македоніі.

1944 год: завяршэнне вайны ў Македоніі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскага паходу і серыі летніх наступальных аперацый 1944 года македонцы прыступілі да завяршальнага этапу вызваленні родных земляў ад захопнікаў. 2 жніўня 1944 у манастыры святога Прохара Пчыньскага адбыўся першы З'езд Антыфашысцкага сходу па народным вызваленні Македоніі. На З'ездзе было прынята рашэнне пра прызнанне новай дзяржавы Македоніі як федэральнай адзінкі Дэмакратычнай Федэратыўнай Югаславіі. 19 лістапада 1944 года Вардарская Македонія была цалкам вызвалена ад захопнікаў, і такім чынам з'явілася Народная Рэспубліка Македонія. Так завяршылася Народна-вызвольная вайна на тэрыторыі Македоніі.

Македонцы працягнулі вайну за вызваленне ўсёй тэрыторыі Югаславіі і далей: усяго службу ў Народна-вызвольнай арміі неслі каля 66 тысяч салдатаў і афіцэраў, размеркаваныя па сямі дывізіям і тром карпусам. Македонцы бралі ўдзел у вызваленні Сербіі, скіраваўшы туды тры карпусы, а 15-ы корпус працягнуў змаганне і на тэрыторыі Срэма. У маі 1945 года македонцы завяршылі вайну, дабіўшы рэшткі калабарацыяністаў на суседніх тэрыторыях і разграміўшы рэгулярныя часткі нямецкіх і харвацкіх войскаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Енциклопедија Југославије (књига пета). «Југославенски лексикографски завод», Загреб 1962. година.
  • Војна енциклопедија (књига пета). Београд 1973. година.
  • Македонска енциклопедија (књига друга). «МАНУ», Скопље 2009. година.