Праваахоўныя органы ЗША
У адрозненне ад большасці краін, у ЗША няма адзінай паліцэйскай структуры; такім чынам, тэрмін «паліцыя ЗША» ужываецца неафіцыйна. Замест гэтага, кожны штат, а таксама — кожны буйны горад, а часам і драбнейшы населены пункт, мае сваю паліцэйскую ўстанову, незалежную ад іншых. Уласныя паліцэйскія ўстановы могуць быць таксама пры буйных транспартавых прадпрыемствах.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Паліцэйская сістэма ЗША ўзнікала пад уплывам дэмакратычных ідэй Дэкларацыі незалежнасці 1776 г. і прынцыпаў Канстытуцыі 1787 г.
У ЗША тры ўзроўня дзяржаўнай улады: федэральная, штата і мясцовая, прытым улады штатаў і мясцовыя органы ад самага пачатку карысталіся значнай самастойнасцю.
Да пачатку XX ст. у ЗША склалася наступная сістэма органаў паліцыі:
- Паліцэйскія арганізацыі ў гарадах і мястэчках.
- Шэрыфы і ўзначаленыя імі агенцтвы ў акругах[1].
- Паліцэйскія фарміраванні штатаў.
- Паліцэйскія арганізацыі федэральнага ўраду, што ўваходзілі ў міністэрства юстыцыі, пошт, скарбніцтва, унутраных спраў, абароны і інш.
У ЗША першы пастаянны паліцэйскі дэпартамент быў утвораны ў 1845 годзе ў Нью-Ёрку (Дэпартамент паліцыі горада Нью-Ёрка).
Структура паліцыі[правіць | правіць зыходнік]
У ЗША ёсць федэральныя праваахоўныя ўстановы, якія расследуюць федэральныя злачынствы (ФБР, Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі, Бюро алкаголю, тытуню, агнявой зброі і выбуховых рэчываў, Сакрэтная служба, федэральныя маршалы, Іміграцыйная і мытная паліцыя ЗША і некаторыя іншыя).
Але асноўная нагрузка даводзіцца на паліцыю штатаў і гарадоў. Начальнік мясцовага паліцэйскага органа — камісар, суперінтэндант або шэф паліцыі — звычайна прызначаецца мэрам, кіраўніком горада або мясцовым заканадаўчым органам, а часам абіраецца шляхам усенароднага галасавання.
На ўзроўні акругі кіраўнік паліцэйскага ўпраўлення звычайна носіць назву «шэрыф». Шэрыфы амаль паўсюдна абіраюцца на гэту пасаду і атрымліваюць права прызначаць намеснікаў. Адміністрацыя шэрыфа таксама займаецца ўтрыманнем акруговай турмы і забеспячэннем бяспекі залы суда.
Паўнамоцтвы паліцыі[правіць | правіць зыходнік]
Заканадаўствам ЗША паўнамоцтвы паліцыі вызначаны як правы, перададзеныя дзяржавай ці муніцыпальным урадам для ажыццяўлення заканадаўчага рэгулявання грамадзянскіх інтарэсаў, абароны бяспекі, здароўя, і ўсяго, што тычыцца грамадзян, а таксама для правядзення прэвентыўнай дзейнасці ў дачыненні крымінальных злачынстваў, масавых выступаў і хваляванняў, злучаных з імі.
Дакладнае кола паўнамоцтваў паліцыі вельмі цяжкае для вызначэння, бо яно увесь час папаўняецца ў сувязі з развіццём узроўню грамадскага жыцця, тэхналогіі, з’яўленнем новых дзяржаўных органаў ці рэарганізацыяй такіх.
Правілы ўжывання сілы супрацоўнікамі паліцыі ЗША фармалізаваны ў выглядзе класіфікацый узроўняў сілавога ўплыву і ўзроўняў супраціву суб’ектаў ужывання сілы. Распрацаваныя ў 1980-х гадах, гэтыя правілы паслужылі грунтам для аналагічных норм у шмат якіх краінах.
Падраздзяленні спецыяльнага прызначэння[правіць | правіць зыходнік]
Сучасныя паліцэйскія фарміраванні нярэдка ўлучаюць у свой склад падраздзяленні спецыяльнага прызначэння для вырашэння праблем спецыфічнага характару (напрыклад, падраздзяленні SWAT).
У большасці амерыканскіх гарадоў тактычныя падраздзяленні адмыслова навучаны і экіпіяваны для прадухілення масавых хваляванняў і падтрымання парадку ў экстранных сітуацыях. У стане пастаяннай гатовасці знаходзяцца сапёрныя брыгады, што выкарыстоўваюцца для размінавання і абясшкоджвання выбуховых прылад. Прыкладам, сапёрная брыгада дэпартамента паліцыі горада Нью-Ёрка шырока вядома сваёй аператыўнай працай у вобласці расследавання і прадухілення тэрарыстычных акцый з выкарыстаннем выбуховых прылад.
Сістэма званняў[правіць | правіць зыходнік]
- У ЗША званні не прысвойваюць па выслузе гадоў ці па пэўных заслугах, пры паступленні ў паліцыю чалавек атрымвае званне «афіцэр» («officer»), якое з’яўляецца наймаладзейшым і каля 90 % паліцыянтаў гэтак і ідуць з ім на пенсію.
- Званне «дэтэктыў» — гэта малодшае званне, якое па статусе адпавядае званню афіцэра. Дэтэктывы бываюць 3 класаў, аднак пры гэтым па статусе яны роўныя (класы патрэбныя, каб паказаць, наколькі даўно дэтэктыў працуе ў паліцыі і які ў яго паслужны спіс).
- Званне сяржанта атрымваюць супрацоўнікі паліцыі, што працуюць у званні «афіцэра» не менш за 3-5 гадоў і якія здалі экзамены. Далей ідзе званне лейтэнанта, капітана.
- Сістэмы званняў у розных штатах адрозніваюцца, аднак напрыклад, у дэпартаменце паліцыі Нью-Ёрка сістэма ідзе так: афіцэр/дэтэктыў, сяржант, лейтэнант, капітан, інспектар, шэф (1, 2, 3-зорны), шэф паліцыі, памочнік камісара, камісар. Аднак у некаторых штатах і ўпраўленнях могуць быць прамежкавыя званні ці званні могуць называцца па-іншаму, а два найвышэйшыя званні займаюць грамадзянскія асобы, прызначаныя мэрам горада ці губернатарам штата.
Патрабаванні да кандыдата для службы ў паліцыі[правіць | правіць зыходнік]
- грамадзянства ЗША;
- узрост павінен быць больш за 21 год, большасць упраўленняў патрабуюць максімальны ўзрост 34-35 гадоў, але некаторыя не маюць патрабаванняў да максімальнага ўзросту;
- не мець асуджанасцяў;
- кандыдат павінен скончыць школу паліцыі, некаторыя ўпраўленні патрабуюць навучанне ў коледжы ці замест гэтага — службу ва УС ЗША;
- у некаторых штатах для дзяжурна-паставых пасад перыядычна з’яўлялася і знікала неафіцыйнае абмежаванне па ўзроўні інтэлекту са здагадкі, што чалавек з падвышаным інтэлектам схільны празмерна фармалізаваць руцінную працу, звязаную з аховай парадку; у наш час гэта цверджанне эксперыментальна аспрэчана і расцэньваецца як дыскрымінацыя «зверху» па ўзроўні інтэлекту.
Расследаванне[правіць | правіць зыходнік]
У адрозненне ад Беларусі, у ЗША няма закона, які патрабуе прыцягнення панятых як незалежных назіральнікаў пры ператрусе — сведчанням паліцыянтаў прынята давяраць, тым больш, што ў выпадку, калі хлусня выкрыецца, паліцыянтаў, якія праводзілі ператрус, чакае вельмі суровая кара, аж да крымінальнай адказнасці.
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Шэрыф, у ЗША // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Быкаў А. В., Прохарава М. І. «Хто ў ЗША адказвае за забеспячэнне ўнутранай бяспекі ў краіне?».
- «Як арганізавана і працуе паліцыя ў ЗША?» Архівавана 8 снежня 2010. — перадача «Радыё свабода»
- Е. Папоў. Кара па-амерыканску. Ад аўтазака да паліцэйскай акадэміі.