Паход Івана IV на Ноўгарад (1570)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Паход Івана IV на Ноўгарад, наўгародскі паход Івана Грознага (руск. «новгородское дело»; 1570) — вайсковы пагром, учынены расійскім царом Іванам IV у падуладным яму горадзе Ноўгарад, а таксама у іншых падуладных яму гарадах Паўночнай Русі — Пскове, Цверы, Таржку, у часы апрычніны.

Пастанова аб паходзе на Пскоў і Ноўгарад была прынятая апрычнай думай у снежні 1569. Прычынай была эканамічная магутнасць гэтага краю, якая пагражала памкненням Івана IV да поўнай цэнтралізацыі ўлады. Повадам паслужылі несапраўдныя сведчанні аб здрадзе наўгародцаў, падробленыя на загад цара вярхамі апрычніцтва. У Аляксандраўскай слабадзе Іван IV склікаў усё апрычнае войска, каб пакараць Ноўгарад за «вялікую здраду». Камандаваў паходам Малюта Скуратаў.

Ад самага пачатку паходу апрычнікі чынілі шматлікія бяссудныя забойствы. У Таржку былі забітыя палонныя лівонскія немцы і татары, а таксама некалькі соцень высланых з Пскова пасадскіх; у Таржку і Цверы — 500 палачанаў, высланых з Полацка пасля ўзяцця яго расійскім войскам у 1563. Паводле справаздачы Скуратава, які быў паранены ў час расправы ў Таржку, забітых было каля 1,5 тыс. чал.; у большасці гэта былі людзі з пасадскіх нізоў. Звесткі ж сучаснікаў аб забіцці 9 тыс.чал. у Цверы, на думку Скрыннікава, перабольшаныя ў 10 разоў.

Пасля паранення Скуратава камандаванне апрычным войскам узяў сам цар Іван. 8 студзеня 1570 ён увайшоў у Ноўгарад; рабаванні, арышты, катаванні і забойствы «за здраду» пачаліся ў той самы дзень. Схопленых і іх сямейнікаў спальвалі і тапілі, некаторых — публічна. Сярод ахвяраў былі наўгародскія дзякі і падзячыя, мясцовыя памешчыкі, багатыя купцы, архіепіскапскія баяры і «дзеці баярскія». За перыяд да канца студзеня былі такім чынам забітыя да 800 чал. Пасля гэтага апрычнае войска пад кіраўніцтвам цара абрабавала да 30 навакольных манастыроў.

Прыблізна ў сяр. лютага 1570 «царскі суд» быў скончаны, і тады пад кіраўніцтвам цара адбыўся агульны напад апрычнікаў і пагром горада, і асабліва — пасада, які дагэтуль жыў збольшага нармальным жыццём. Магчыма, повадам паслужыў рост незадаволенасці гараджанаў і паасобныя выступленні супраць тэрору ў папярэднія дні. У кожным разе, пераследаваліся дзве мэты — папаўненне царскага скарбу і застрашванне насельніцтва.

Наўгародскі торг быў разрабаваны, тавары панішчаныя. Асабліва жорсткім было стаўленне да бяднейшых слаёў насельніцтва — мноства жабракоў, якія сабраліся ў Ноўгарадзе з-за голаду, былі выгнаныя за гарадскія межы, дзе і загінулі ад холаду і голаду. З 6 тыс. двароў у Ноўгарадзе былі разбураныя 5 тысяч. У далейшым гандаль быў абкладзены надзвычайнымі падаткамі і зборамі; заходнееўрапейскі гандаль быў падбураны на доўгія гады. Апрычнікі вывезлі з Ноўгарада архіепіскапскі скарб, славутыя іконы, званы і святыя рэчы з Сафійскага сабора. Але наогул, разгром пасада насіў застрашвальны, а не вынішчальны характар.

Пасля Ноўгарада цар з апрычным войскам пайшоў на Пскоў, але пачаты было там пагром быў дачасна спынены, і войска вярнулася ў Маскву.

Тады ж Іван IV загадаў збудаваць для сябе ў Ноўгарадзе ўмацаваную рэзідэнцыю, што і зрабілі, разбурыўшы 13 сакавіка 1570 яшчэ 227 двароў і выселіўшы да 1 тыс. наўгародцаў «на Гандлёвай старане ад Волхава». У 1571 Іван IV узяў у апрычніну палову разбуранага Ноўгарада (Гандлёвую старану) і дзве наўгародскія пяціны, Бежацкую і Абанецкую. Так Іван IV імкнуўся стварыць для сяеб запасную ўмацаваную базу ў Ноўгарадзе, бо страціў давер да тагачаснага кіраўніцтва апрычніны і да маскоўскіх вярхоў.

Расправа ў Ноўгарадзе выдаецца з іншых падзей апрычніны тым, што была скіраваная не толькі супраць баярства і дваранства, але і супраць прасцейшых слаёў грамадства, а таксама жорсткасцю, рэдкай для падзей таго часу ў Расіі. У выніку яе Ноўгарад, які і перад гэтым цярпеў гаспадарчы спад, застаўся аслабленым назаўсёды.

На думку Зіміна, уласна разгром Ноўгарада быў «неабходным», бо эканамічная магутнасць горада перашкаджала цэнтралізацыі ўлады ў дзяржаве. З гэтай думкай не згаджаецца Скрыннікаў, які сцвярджае, што «слушны шлях» да цэнтралізацыі ляжаў не праз пагромы, а праз наладжванне гандлёвых сувязяў Ноўгарада ўнутры дзяржавы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скрынников. Иван Грозный.
  • Платонов С. Ф. Полный курс лекций по русской истории.