Пераменная зорка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Пераменная зорка змяняе сваю свяцільнасць у выніку фізічных працэсаў, што адбываюцца ў самой зорцы.

З гэтай прычыны такія зоркі называюць фізічнымі пераменнымі, у адрозненне ад зацьменна-пераменных зорак. У залежнасці ад характару працэсаў, якія праходзяць унутры зоркі, фізічныя пераменныя зоркі падзяляюць на пульсуючыя і эруптыўныя. У пульсуючых пераменных зорках адбываюцца перыядычныя ваганні бляску (напрыклад, цэфеіды, зоркі тыпу RR Ліры, мірыды). Эруптыўныя зоркі праяўляюць сваю пераменнасць у выгляде ўспышак, што тлумачацца выкідамі рэчыва (напрыклад, новыя і звышновыя зоркі).

Усе пераменныя зоркі маюць спецыяльныя абазначэнні, калі ім раней не былі прысвоены літары грэчаскага алфавіта. У кожным сузор'і першыя 334 пераменныя зоркі абазначаюцца паслядоўнасцю літар лацінскага алфавіта R, S, T, …, Z, RR, RS, …, RZ, SS, ST, …, ZZ, AA, …, AZ, QQ… з дабаўленнем назвы адпаведнага сузор'я. Наступныя пераменныя зоркі, якім не хапіла камбінацый гэтых літар у сваім сузор'і, абазначаюцца V 335, V 336 і г. д.

Змена бляску зоркі δ Цэфея

Цэфеіды — вельмі яркія пераменныя зоркі-гіганты і звышгіганты класаў F і G. Бляск іх плаўна змяняецца ад 0,5 да 2 зорных велічынь. Перыяд змены бляску складае ад 1,5 да 70 сутак.

Мірыды — доўгаперыядычныя пераменныя зоркі з перыядам ад некалькіх тыдняў да году і болей.

Зоркі тыпу RR Ліры маюць найбольш кароткія перыяды — ад 0,2 да 1,2 сутак. Практычна ўсе зоркі гэтага тыпу — гіганты спектральнага класа А. Яны вельмі хутка змяняюць бляск. Амплітуда змены бляску дасягае 1-й зорнай велічыні. У гэтых зорак, як і ў цэфеід, існуе залежнасць паміж перыядам і свяцільнасцю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Астраномія: падруч. для 11-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / І. В. Галуза, У. А. Голубеў, А. А. Шымбалёў; пер. з рус. мовы Т. К. Слауты. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2015. — 224 с.: іл. ISBN 978-985-471-765-4.