Праллі (карціна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дыега Веласкес
Праллі. каля 1657
ісп.: La fábula de Aracne (Las hilanderas)
Матэрыял Палатно
Тэхніка Алей
Памеры 167 × 252 см
Прада, Мадрыд
(інв. P001173[1])
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Праллі» — карціна Дыега Веласкеса, напісаная каля 1657 года, у позні перыяд творчасці мастака. Таксама вядомая пад назвай «Міф пра Арахну». У наш час захоўваецца ў музеі Прада.

Традыцыйна лічылася, што карціна адлюстроўвае працаўніц габеленавай майстэрні Каралеўскага кляштара Санта-Ісабель у Мадрыдзе. Аднак у 1947 годзе мастацтвазнавец Дыега Ангула паказаў, што іканаграфія карціны адносіцца да міфа пра Арахну з «Метамарфоз» Авідзія[2], паводле якога ткачыха Арахна кінула выклік самой Афіне ў майстэрстве ткацтва і, перамогшы ў спаборніцтве, была ператворана багіняй у павука за ганарыстасць і кашчунскія выявы багоў.

Паводле агульнапрынятай сучаснай трактоўкі, карціна адлюстроўвае спаборніцтва паміж Афінай, у вобразе жанчыны злева, і Арахнай, якая працуе справа, павярнуўшыся да гледача спіной. На заднім плане публіка разглядае адзін з завершаных габеленаў Арахны «Выкраданне Еўропы» — сюжэт, які Арахна выкарыстоўвала сярод іншых падчас спаборніцтва, паводле міфа, выкладзенага Авідзіем. Габелен ідэнтыфікуецца дзякуючы падабенству з аднайменнай карцінай Тыцыяна, якая захоўвалася ў тыя гады ў Каралеўскай калекцыі жывапісу. «Пралляў» таксама можна інтэрпрэтаваць, як алегорыю мастацтва, якое патрабуе і боскага натхнення (Афіна), і руплівай працы (Арахна).

Поўны сучасны выгляд карціны з дададзенымі секцыямі

Большасцю навукоўцаў датаванне карціны абгрунтоўваецца яе стылістычнымі элементамі — інтэнсіўнасцю асвятлення, эканамічным выкарыстанні прасторы і відавочным уплывам італьянскага барока. Аднак некаторыя даследчыкі адносяць яе да перыяду 1644—1650 гадоў, аргументуючы гэта падабенствам шэрагу аспектаў з раннімі бадэгонам Веласкеса. Напрыклад, двухузроўневая кампазіцыя «Пралляў», з падзелам дзеяння на пярэдні і задні план, аналагічная кампазіцыі «Хрыста ў доме Марфы і Марыі» 1618 года.

Карціна была напісана для дона Педра дэ Арчэ, егермайстра Філіпа IV[3]. У XVIII стагоддзі яна стала часткай Каралеўскай калекцыі і, верагодна, была пашкоджана пры пажары ў Мадрыдскім Алькасары 1734 года, пасля якога да палатна былі дададзены новыя секцыі — 37 см у суме з бакоў і 50 см зверху. У 1980 годзе карціна падверглася стараннай рэстаўрацыі, але часткі палатна, не якія належаць пэндзлю Веласкеса, было вырашана пакінуць. У наш час карціна экспануецца ў арыгінальным памеры, а дададзеныя секцыі закрыты спецыяльнай рамкай.

Зноскі

  1. а б https://www.museodelprado.es/coleccion/obra-de-arte/las-hilanderas-o-la-fabula-de-aracne/3d8e510d-2acf-4efb-af0c-8ffd665acd8d Праверана 8 снежня 2018.
  2. Portús Pérez, Javier. Hilanderas o la fábula de Aracne, Las. Афіцыйны сайт музея Прада
  3. La légende d'Arachné(нявызн.). Праверана 20 February 2013.