Прэзідэнцкія праймерыз у ЗША
Прэзідэнцкія праймерыз у ЗША — інстытут першасных прэзідэнцкіх выбараў, якія праводзяцца з 1842 года на ўзроўні штатаў. Па іх выніках накіроўваюцца дэлегаты на агульнанацыянальную партыйную канвенцыю, дзе павінен быць вызначаны адзіны партыйны кандыдат у прэзідэнты. Больш пашыраная форма выбару дэлегатаў, чым традыцыйныя кокусы. У агульным сэнсе — сукупнасць усіх першасных выбарчых мерапрыемстваў перад прэзідэнцкімі выбарамі (уключаючы і ўласна праймерыз, і кокусы).
Прыватнае значэнне: уласна праймерыз
[правіць | правіць зыходнік]Першасныя прэзідэнцкія выбары (англ.: presidential primary elections), ці праймерыз (англ.: primaries), у ЗША — інстытут выбару партыйных кандыдатаў для ўдзелу ў асноўных выбарах прэзідэнта. У адрозненне ад альтэрнатыўнага механізма кокусаў, праймерыз уяўляюць сабою простыя тайныя выбары, што праводзяцца на ўзроўні штата[1][2][3][4][5]. Форму галасавання для сябе вызначае кожны штат. Інстытут праймерыз быў першапачаткова ўведзены, каб абмежаваць уплыў мясцовых партыйных кіраўнікоў, і ў дваццатым стагоддзі ў большасці штатаў праймерыз выцеснілі кокусы[1][2][4][5][6].
Па ступені абмежавання доступу да галасавання праймерыз падзяляюцца на больш пашыраныя зачыненыя (у іх бяруць удзел толькі зарэгістраваныя члены партыі) і адкрытыя (у іх могуць браць удзел усе ахвотнікі, незалежна ад партыйнай прыналежнасці[1][2][4][5]. Пры гэтым у абодвух выпадках кожны жыхар штата можа браць удзел у праймерыз толькі адной партыі, аднак існуюць таксама агульныя праймерыз (blanket primaries), якія дазваляюць выбаршчыкам выбіраць кандыдатаў абедзвюх партый[2][4]. У выпадку, калі ў праймерыз адной з партый могуць браць удзел прыхільнікі іншай партыі, нацыянальны партыйны камітэт можа не прызнаць вынікі галасавання[4].
Праймерыз у розных штатах адрозніваюцца па спосабе складання выбарчага бюлетэня. У першым выпадку, выбаршчыкам могуць прадставіць спіс патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты. У другім выпадку, ім могуць прапанаваць выбіраць дэлегатаў на нацыянальную канвенцыю, якія або падтрымліваюць аднаго з кандыдатаў, або не маюць пэўных прыхільнасцяў[4].
Агульнае значэнне: сукупнасць праймерыз і кокусаў
[правіць | правіць зыходнік]Тэрмін праймерыз, ці першасных выбараў, можа выкарыстоўвацца ў шырэйшым сэнсе слова, пазначаючы сукупнасць уласна праймерыз і коку соў. Першасныя выбары праходзяць раз на чатыры годы, у адзін год з асноўнымі прэзідэнцкімі выбарамі. Фармальна прадстаўнік кожнай партыі на асноўных выбарах, што праходзяць у лістападзе, вызначаецца у канцы лета — па выніках нацыянальнай партыйнай канвенцыі. Лік дэлегатаў, якія падтрымваюць таго ці іншага прэтэндэнта на нацыянальнай канвенцыі, наўпрост залежыць ад аб'ёму падтрымкі, якую ён атрымаў на праймерыз і кок вусах у штатах[1][3][4][5][7].
Галасаванні ў штатах доўжацца са студзеня па чэрвень, аднак, зазвычай, ужо ў сярэдзіне гэтага тэрміну выяўляецца пераможца. І ўсё ж, тэарэтычна магчымы выпадак, пры якім да завяршэння першасных выбараў адзіны кандыдат не вызначаны: тады вырашальную ролю атрымлівае галасаванне на нацыянальнай канвенцыі. Зрэшты, падобная сітуацыя з 1970-х гадоў не ўзнікала аніразу[1].
Вынікі першаснага галасавання могуць абавязваць, гэтак і быць «кансультацыйнымі». Калі ў першым выпадку абраныя дэлегаты абавязаны аддаць свой голас на нацыянальнай канвенцыі пэўнаму кандыдату, то ў другім яны могуць самастойна прыняць рашэнне, а выказаныя выбарцамі перавагі маюць для дэлегата толькі кансультацыйнае значэнне[1][2].
Вынік праймерыз і кокусаў можа вызначацца рознымі спосабамі. Дэмакраты заўсёды кіруюцца сумерным прынцыпам: долі дэлегатаў ад штата, якія прадстаўляюць розных кандыдатаў, адпавядаюць часткам атрыманых гэтымі кандыдатамі галасоў. Рэспубліканцы даюць штатам права вырашаць, які прынцып выкарыстоўваць: сумерны ці мажарытарны. У другім выпадку ўсе дэлегаты ад штата падтрымліваюць кандыдата, які набраў у гэтым штаце найбольшы лік галасоў[2][4][7].
Каляндар першасных выбараў і «супер аўторак»
[правіць | правіць зыходнік]Хоць колькасць дэлегатаў, якія прадстаўляюць штат на нацыянальнай партыйнай канвенцыі, прама прапарцыянальна колькасці яго насельніцтва, асаблівае значэнне гістарычна набылі першасныя выбары ў некаторых невялікіх штатах, дзе галасаванне праходзіць напачатку года: у прыватнасці, у Аёве, дзе праходзяць першыя кокусы, і Нью-Гемпшыры — штаце першых праймерыз. Галасаванне ў гэтых штатах прыцягвае падвышаную ўвагу прэсы, кандыдаты вядуць у іх кампанію асабліва рупліва, і вынікі выбараў у ранніх штатах могуць значна паўплываць на далейшых ход першасных выбараў[1][3].
У перыяд з 1970-х гадоў усё больш штатаў імкнуліся павялічыць значнасць сваіх праймерыз, перасунуўшы іх бліжэй да пачатку года. Імкнучыся перашкодзіць дысбалансу, які ўзнікае ў выбарчым календары, партыі ўстанаўлівалі розныя санкцыі для штатаў, што праводзілі праймерыз раней вызначанага месяца — перш сакавіка, а потым лютага[1][3][5].
У выніку ў 1980-х гадах паўстаў феномен пад назвай «супер аўторак» (Super Tuesday) — першы аўторак лютага, калі першасныя выбары праходзяць адначасна ў вялікай колькасці штатаў[1][3]. У 2008 годзе «супер аўторак» (5 лютага) ахапіў рэкордную частку краіны: праймерыз і кокусы ў гэты дзень праходзяць больш за ў 20 штатах, і па іх выніках прызначаюцца 52 працэнта дэмакратычных дэлегатаў і 41 працэнт рэспубліканскіх. Каб падкрэсліць значэнне «супер аўторка»-2008, яго таксама завуць Super-Duper Tuesday[1][3][8][9][10].
Нацыянальныя камітэты дзвюх галоўных партый перад выбарамі 2008 года ўвялі розныя санкцыі супраць ранніх праймерыз. Рэспубліканцы ўдвая зрэзалі лік дэлегатаў ад усіх штатаў, дзе да 5 лютага праходзяць праймерыз (Ваёмінг, Нью-Гемпшыр, Мічыган, Фларыда, Паўднёвая Караліна). Дэмакраты адмовіліся прыняць на нацыянальнай канвенцыі дэлегатаў ад Мічыгана і Фларыды, якія правялі галасаванне насуперак забароне нацыянальнага камітэта[1][3][7].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж з і к Simon Jeffery. FAQ: The US primaries. — Guardian Unlimited, 04.01.2008
- ↑ а б в г д е The Primaries. — Historylearningsite.co.uk
- ↑ а б в г д е ё Q&A: US primary elections. — BBC News, 10.01.2008
- ↑ а б в г д е ё ж How Does the Primary Process Work? — Project Vote Smart (www.vote-smart.org)
- ↑ а б в г д Primary Election. — The American Presidency
- ↑ Tom Baldwin. Delegate-picking — everything you need to know but were afraid to ask. — The Times, 01.01.2008
- ↑ а б в The Path to the 2008 Presidential Nomination. — America.gov, 16.01.2008
- ↑ Dan Balz. Feb. 5 Primaries to Pose A Super Test of Strategy. — The Washington Post, 15.01.2008
- ↑ Bill Schneider. It could all be over after 'Super Duper Tuesday'. — CNN, 07.02.2007
- ↑ Surfing the 'Super-Tuesday' wave. — The Christian Science Monitor, 23.07.2007