Пяць законаў бібліятэказнаўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пяць законаў бібліятэказнаўства — тэорыя, прапанаваная Шыалі Рымамрыта Ранганатанам у 1931 годзе, якая падрабязна апісвае прынцыпы функцыянавання бібліятэчнай сістэмы. Многія бібліятэкары па ўсім свеце прымаюць гэтыя законы за аснову сваёй прафесійнай філасофіі[1][2].

  1. Кнігі для таго, каб імі карысталіся.
  2. Кожнаму чытачу свая кніга.
  3. Кожнай кнізе свой чытач.
  4. Эканоміць час чытача.
  5. Бібліятэка — арганізм у развіцці.

Агляд[правіць | правіць зыходнік]

Першы закон: Кнігі для таго, каб імі карысталіся[правіць | правіць зыходнік]

Першы закон акрэслівае фундаментальную мэту бібліятэк. Ранганатан адзначыў, што кнігі часта застаюцца на ланцугах, каб прадухіліць іх знікненне, што акцэнт робіцца на захоўванні і кансервацыі, а не на карыстанні. Ён не адкінуў важнасці захоўвання і кансервацыі, але сцвярджаў, што іх мэтай з’яўляецца заахвочванне карыстання. Прадметы захоўвання не маюць вялікай каштоўнасці без доступу карыстальнікаў да іх. Робячы націск на карыстанні, Ранганатан перафакусаваў увагу да пытанняў доступу, напрыклад, месца размяшчэння бібліятэк, правілаў карыстання, гадзін і дзён працы, а таксама якасці кадравага забеспячэння і такіх руцінных спраў, як бібліятэчная мэбля, кантроль тэмпературы і асвятлення[2].

Першы закон бібліятэказнаўства — «кнігі для таго, каб імі карысталіся» — азначае, што кнігі ў бібліятэках не павінны быць ізаляваныя ад сваіх карыстальнікаў.

Другі закон: Кожнаму чытачу свая кніга[правіць | правіць зыходнік]

Гэты закон мае на ўвазе, што кожны ўдзельнік супольнасці павінен мець магчымасць атрымаць неабходныя матэрыялы. Ранганатан быў перакананы, што ўсе людзі з любых сацыяльных асяродкаў павінны мець доступ да бібліятэчнага абслугоўвання, і што сутнасцю карыстання бібліятэкай з’яўляецца адукацыя, на якую ўсе маюць права. Гэтыя правы не існуюць без важных абавязацельстваў як для бібліятэк і бібліятэкараў, так і для карыстальнікаў бібліятэкі. Бібліятэкары павінны мець непасрэднае веданне людзей, якіх яны абслугоўваюць. Калекцыі павінны задавальняць зацікаўленні супольнасці, а бібліятэкі павінны актыўна прасоўваць і рэкламаваць свае паслугі, каб прыцягваць разнастайнае кола чытачоў[2].

Другі закон бібліятэказнаўства — «кожнаму чытачу свая кніга» — мае на ўвазе, што бібліятэкары абслугоўваюць самыя розныя катэгорыі карыстальнікаў, набываюць літаратуру, каб задаволіць самыя розныя патрэбы, і не асуджаюць карыстальнікаў за тое, што яны выбіраюць чытаць. Людзі маюць індывідуальныя густы і адрозненні, і бібліятэкары павінны ставіцца да гэтага з абсалютнай павагай.

Трэці закон: Кожнай кнізе свой чытач[правіць | правіць зыходнік]

Гэты прынцып цесна звязаны з другім законам, але ён акцэнтуе ўвагу на кнізе, маючы на ўвазе, што кожная кніга ў бібліятэчнай калекцыі мае чалавека ці групу людзей, якія знойдуць гэту кнігу карыснай. Ранганатан сцвярджаў, што бібліятэка можа распрацаваць мноства метадаў, каб запэўніць, што кожная кніга знаходзіць свайго адпаведнага чытача. Адзін з падставовых метадаў, які запэўнівае доступ да калекцыі, — гэта адкрытыя паліцы[2].

Трэці закон бібліятэказнаўства — «кожнай кнізе свой чытач» — сцвярджае, што кнігі маюць права быць у бібліятэцы, нават калі яны патрэбныя невялікай дэмаграфічнай групе.

Чацвёрты закон: Эканоміць час чытача[правіць | правіць зыходнік]

Гэты закон мае на ўвазе, што адным з аспектаў паспяховай бібліятэкі з’яўляецца ейная здольнасць эфектыўна задавальняць патрэбы карыстальнікаў. З гэтай мэтай Ранганатан рэкамендаваў карыстацца адпаведнымі бізнес-метадамі для ўдасканалення кіравання бібліятэкамі. Ён адзначаў, што цэнтралізацыя бібліятэчнай калекцыі ў адным месцы мае пэўныя перавагі. Ён таксама адзначыў, што персанал бібліятэк павінен уключаць не толькі тых, хто валодае моцнымі пошукавымі і даведкавымі навыкамі, але таксама экспертаў у тэхнічных аспектах каталагізацыі, стварэння злучаных кантраляваных слоўнікаў, набыцця кніг, класіфікацыі і забяспячэння карыстання фондамі[2].

Чацвёрты закон бібліятэчнай справы — «эканоміць час карыстальніка» — мае на ўвазе, што карыстальнікі павінны быць у стане хутка і лёгка знайсці патрэбныя ім матэрыялы.

Пяты закон: Бібліятэка — арганізм у развіцці[правіць | правіць зыходнік]

Гэты закон звяртае ўвагу на неабходнасць унутраных змен (у адрозненне ад зменаў у знешнім асяроддзі). Ранганатан сцвярджаў, што бібліятэчныя ўстановы павінны прадугледжваць рост колькасці супрацоўнікаў, матэрыяльнай калекцыі і колькасці чытачоў. Таму яны павінны разглядаць магчымасць пашырэння і зменаў агульнай прасторы, чытальных залаў, паліц і каталога[2].

Пяты закон бібліятэказнаўства — «бібліятэка — арганізм у развіцці» — азначае, што бібліятэкі павінны быць установамі, якія пастаянна змяняюцца, а не застываюць у сваёй форме. Кнігі, метады і фізічная прастора — усё падлягае развіццю і абнаўленню.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Koehler, Wallace, Jitka Hurych, Wanda Dole, and Joanna Wall. «Ethical Values of Information and Library Professionals — An Expanded Analysis.» International Information & Library Review 32 (3/4) 2000: 485—506.
  2. а б в г д е Rubin, Richard E. Foundations of Library and Information Science. 2nd ed. New York: Neal-Schuman Publishers, 2004.