Перайсці да зместу

Пітчар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пітчар Альберта Кастылья падае мяч

Пітчар (англ.: pitcher — «гулец, які падае») — гулец у бейсболе, які знаходзіцца на пітчарскай горцы і падае кэтчару мяч, які спрабуе адбіць бэтар іншай каманды. Супрацьстаянне паміж пітчарам і бэтарам з’яўляецца асноўным элементам гульні, які часта ўплывае на яе дынаміку і вынік.

Мэтай пітчара з’яўляецца такое пападанне мяча ў страйк-зону (шырыня якой вызначаецца па шырыні пласцінцы «дома», а вышыня супадае з адлегласцю паміж каленямі і сярэдзінай тулава бэтара), пры якой бэтар альбо б’е і не трапляе па мячу, альбо ўвогуле не б’е, бо памылкова лічыць, што мяч не пройдзе праз страйк-зону — за такую памылку бэтару налічваюцца страйкі і пасля трох ён павінны сысці з гульні — трапіць у «аўт». Тры аўта завяршаюць палову інінга, і каманды мяняюцца ролямі. Пры гэтым пітчар павінны быць асцярожным, бо калі кэтчар яго каманды не здолее злавіць або хутка падабраць, бэтар можа паспець дабегчы да першай базы, як быццам ён паспяхова адбіў мяч («скрасці базу»). Таксама пітчар павінны і не прамахнуцца міма страйк-зоны — калі бэтар здолее распазнаць гэту памылку, то пітчару будзе залічаны «бол» і пасля чатырох болаў бэтар зойме першую базу, а калі яна ўжо была занятая ранарам, то і той здолее заняць наступную пазіцыю.

Пітчар таксама кантралюе гульцоў іншай каманды, якія ўжо знаходзяцца на базах і могуць паспрабаваць пачаць перабежку да наступнай пазіцыі яшчэ да падачы мяча. У гэтым выніку ён можа перакінуць мяч гульцу сваёй каманды на бліжэйшай базе, каб той адправіў у «аўт» гульца праціўніка.

Асноўныя віды падач

[правіць | правіць зыходнік]

Неабходнасць прымушаць бэтара рабіць памылкі: прамахвацца міма мяча або няправільна ацэньваць ці трапляе мяч у страйк-зону — прывяла да стварэння некалькіх відаў падач, якія пітчар звычайна ўжывае ў выпадковым парадку і спрабуе маскіраваць адну за другую. Каб кэтчар быў гатовы прыняць менавіта той від падачы, які збіраецца рабіць пітчар, яны выпрацоўваюць паміж сабою сістэму таемных знакаў.

  • Фастбол (fastball — хуткі мяч) — хуткая прамая падача, ужываецца найбольш часта.
  • Кёрвбол (curveball — кручаны мяч) — падача, пры якой мяч рухаецца па гнутай траекторыі з мэтай заблытаць бэтара.
  • Слайдар (slider — паўзучы) — падача, пры якой мяч рухаецца па гнутай траекторыі і ўходзіць убок.
  • Чэнджап (change up — змяніць хуткасць) — падача, якая выглядае як фастбол, але пры якой мяч рухаецца больш павольна, што прымушае бэтара зрабіць памылку і ўдарыць раней, чым трэба.

Частка падач, папулярных у першыя дзесяцігоддзі прафесійнага бейсбола, была забаронена з-за небяспекі для здароўя бэтара і для павышэння яго шанцаў адбіць мяч: бінбол (beanball) — намераная падача ў галаву б’ючага, эмеры-бол — падача мяча, які быў нацёрты наждачнай паперай, што рабіла яго траекторыю непрадказальнай, шайн-бол — падача мяча, які быў нацёрты да ззяння і спітбол — падача мяча, які быў змазаны слінай, петралатумам або іншым слізкім рэчывам.

Зноскі