Размовы:Пінскі езуіцкі калегіум

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і калегіум езуітаў, Пінск

Помнік дойлідства барока. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Пінску. Разам з касцёлам (пабудаваны ў 1631—35 гг., разбураны ў 1950-я гады) калегіум складаў ансамбль кляштару езуітаў. Узведзены ў 1651—75 гг. з цэглы.

Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўднёвым фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Планіроўка першага паверху галерэйна-калідорная. Тут размяшчаліся класы, трапезная, службовыя памяшканні. Другі і трэці паверхі спланаваныя па калідорнай сістэме з трохпралётнай схемай перакрыццяў. Крыжовыя скляпенні апіраюцца на масіўныя падоўжныя сцены (таўшчыня ў ніжніх паверхах 1,5—2 м). Тут былі жылыя і рабочыя памяшканні. Пад збудаваннем зробленыя сутарэнні.

Рытм фасадаў ствараецца аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі і крокам пілястраў двух ніжніх ярусаў. Паўднёва-заходні кут фланкіруе шасцігранная вежа-контрфорс, што ўмацоўвае сцены пры паніжэнні рэльефу да ракі. Будынак завершаны двухсхільным дахам з заломам. Ягоныя тарцы ўпрыгожаныя складанымі франтонамі з дэкаратыўнымі валютамі.

З 1638 г. у калегіюме знаходзілася філасофска-тэалагічная школа. У XVIII ст. працавалі друкарня (з 1729 г.) і аптэка. З 1787 г. будынак займалі базыльяне, з 1800 г. у ім знаходзіўся праваслаўны мужчынскі Богаяўленскі манастыр.

Цяпер у будынку размешчаны гістарычны музей і карцінная галерэя. Помнік рэспубліканскага значэння.

Літаратура[правіць зыходнік]

Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.