Рудакоў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Рудакоў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
1574 г.
Насельніцтва
Канфесійны склад
праваслаўныя, католікі
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254848111
Рудакоў на карце Беларусі ±
Рудакоў (Беларусь)
Рудакоў
Рудакоў (Гомельская вобласць)
Рудакоў

Рудако́ў[1] (трансліт.: Rudakoŭ, руск.: Рудаков) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Стралічаўскага сельсавета.

Вёска знаходзіцца ў 12 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галіне ВасілевічыХойнікі ад лініі ГомельКалінкавічы), у 115 км ад Гомеля.

Каля вёскі знаходзіцца радовішча жалязняку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вёска Рудакоў вядома з 1574 года як аднайменны востраў у частцы Брагінскага маёнтку князя Міхаіла Вішнявецкага. У часы Рэчы Паспалітай паселішча належала да Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства, Польскага Каралеўства, уласнікамі яго былі тыя, хто валодаў Брагінскім ключом (малодшая галіна князёў Вішнявецкіх, Канецпольскія, застаўныя ўладальнікі Сілічы, князь Міхал Сервацы Вішнявецкі, Замойскія, Ракіцкія). Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рудакоў — у межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[2]. У вёсцы тады мелася драўляная шляхецкая сядзіба[3].

Апошнімі ўласнікамі Брагінскага ключа былі Ракіцкія, ад якіх вёска ў пачатку XIX ст. у якасці пасагу (разам з фальваркамі Чэхі, Рудыя, Варацец, Мокіш і Бабчын) перайшла да Ігната Аскеркі (які пабраўся шлюбам з Ізабэлай Ракіцкай) і належала з 1816 г. яго сыну Уладзіславу Аскерку[4], а пасля ўнуку — Генрыху Аскерку (1827—1866)[5].

Дзесь у сярэдзіне XIX ст. Аскеркі пабудавалі ў Рудакове замест драўлянага мураваны сядзібны палац, знешні выгляд якога вядомы толькі з малюнка Ігната Урублеўскага, зробленага ў 1891 г.[6]

Генрых Аскерка быў братам Аляксандра Аскеркі (1830—1911), аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання (1863—1864) у літоўска-беларускіх губернях, і планавалася, што Генрых Аскерка стане паўстанцкім начальнікам Рэчыцкага павета Мінскай губерні[7]. У час паўстання Генрых Аскерка (гэтак жа як і брат Аляксандр Аскерка) быў арыштаваны, але яму ўдалося пазбегнуць прысуду і пакарання, а таксама канфіскацыі маёнтка расійскімі ўладамі[8].

Пасля 1866 г. Рудакоў перайшоў ва ўласнасць дачок Генрыха — Марыі і Гелены Аскеркаў[9]. Вядома, што ў 1874 г. у рудакоўскім маёнтку Марыі і Гелены Аскеркаў мелася 7416 дзесяцін зямлі і 2 млыны[10].

Дачка Генрыха — Гелена Генрыхаўна Аскерка (1866—1947) — у 1884 г. пабралася шлюбам са Станіславам Аляксандравічам Ваньковічам (1860—1937) і прынесла ў пасаг свой маёнтак Рудакоў, які стаў адной з любімых сядзіб Ваньковічаў. Польскі геаграфічны слоўнік (1888 г.) адзначаў, што ў рудакоўскім маёнтку глебы ўрадлівыя, дваранскі маёнтак заможны, у палацы маецца прыватны родавы архіў і некалькі рукапісаў мемуараў мясцовых дваран, а мясцовае сялянства таксама заможнае[11]. Паводле перапісу 1897 г. у вёсцы мелася школа пісьменнасці, а ў гаспадарцы Ваньковічаў — бровар.

Нявеста Аляксандра Эдвардаўна Горват (1895—1943), бацька нявесты Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) і жаніх Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943) у 1909 г. падчас вяселля ў вёсцы Рудакоў

У 1909 г. у маёнтку Рудакоў адбылося гучнае ва ўсім літоўска-беларускім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), на якое з'ехаліся многія вядомыя дваранскія сем'і[12]. На вяселлі ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Адамавіч Вайніловіч (як блізкі сваяк Ваньковічаў) і Раман Аляксандравіч Скірмунт (як блізкі сябар Вайніловічаў і Ваньковічаў)[13]. Бацька маладога — Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (1860—1937) — быў віцэ-старшынёй Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, а таксама членам-заснавальнікам Краёвай партыі Літвы і Беларусі, калі быў у 1907 г. выбраны дэпутатам III Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі ад Віленскай губерні. На вяселлі былі, акрамя Горватаў, Аскеркаў і Ваньковічаў, прадстаўнікі сваяцкіх родаў — Кеневічаў, Гечэвічаў, Мінейкаў, Раствароўскіх. У якасці пасагу Аляксандра Горват прынесла свайму мужу Станіславу Ваньковічу значны маёнтак Нароўля[14].

Дзесь у 1910 г. Станіслаў Ваньковіч замест старога мураванага палаца (які палічыў за занадта цесны) пабудаваў з чырвонай цэглы ў стылі неабарока новы мураваны палац у Рудакове, архітэктарам якога стаў вядомы Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928), які быў у сваяцкіх стасунках з Аскеркамі і сяброўскіх стасунках з суседзямі Аскеркаў па павету — нараўлянскімі панамі Горватамі[15]. Ваньковіч таксама запланаваў стварыць каля новага палаца і шыкоўны пейзажны парк, але адклаў намер на пазнейшыя гады і карыстаўся маляўнічым садам, які быў створаны пры папярэднім палацы і разам з прыпалацавым гародам займаў плошчу ў 4 га[16]. За часы Ваньковічаў Рудакоў прадстаўляў сабой значны і заможны дваранскі маёнтак, гаспадарка якога была на вельмі высокім узроўні; дзейнічалі невялікія гарэлачны завод і паравы малаказавод, лесапілка[17]. Узорна вялося і лесаводства ў маёнтку. Ваньковіч трымаў пры маёнтку шпіталь, школкі для сялян і своеасаблівы інтэрнат для сялянскіх дзяцей, якія не мелі апекі сваіх бацькоў. Службоўцы маёнтка мелі свае чытальні і пакоі[18].

У 1911 г. у рудакоўскім маёнтку Ваньковічаў (запісаны як уласнасць Гелены Генрыхаўны Ваньковіч (1866—1947)) мелася 7075 дзесяцін зямлі[19].

У савецкі час маёнтак Рудакоў быў нацыяналізаваны, а вёска Рудакоў у 1919 г. увайшла ў склад РСФСР, а з 1924 г. — у склад БССР. З 8 снежня 1926 да 1986 г. вёска Рудакоў з'яўлялася цэнтрам Рудакоўскага сельсавета Хойніцкага раёна, які ўваходзіў у склад Рэчыцкай акругі, а з 9 чэрвеня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. — Гомельскай акругі; з 20 лютага 1938 г. Палескай вобласці; з 8 студзеня 1954 г. — Гомельскай вобласці.

У 2-й палове 1920-х гг. у вёсцы створаны саўгас «Рудакоў», які ў 1929 г. быў рэарганізаваны ў калгас; працавалі 2 ветраныя млыны, маслазавод (з 1928 г.), стальмашня, 2 кузні. У 1930 г. працавалі пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930-х гг. пачала працаваць Рудакоўская машынна-трактарная станцыя, якая абслугоўвала амаль палову калгасаў раёна.

Падчас Другой сусветнай вайны акупантамі было забіта 10 жыхароў вёскі, 109 жыхароў вёскі загінулі на фронце.

У 1959 г. паводле перапісу вёска адносілася да саўгаса «Стралічава», цэнтрам якога была вёска Стралічава. У Рудакове ў той час дзейнічала сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі меліярацыйных работ, 8-гадовая школа, якая носіць імя аднаго з арганізатараў партызанскага руху (1941—1944) на Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны Н.М. Андросава, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная і сапожная майстэрні, сталовая, 3 крамы.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1834 г. — 46 сялянскіх двароў.
  • 1850 г. — 235 жыхароў.
  • 1897 г. — 381 жыхар, 66 двароў; у фальварку 6 двароў, 135 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 г. — 484 жыхары, 87 двароў.
  • 1930 г. — 412 жыхароў, 76 двароў.
  • 1959 г. — 936 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 г. — 103 жыхары, 33 гаспадаркі.

Забудова і транспартная сетка[правіць | правіць зыходнік]

Забудова вёскі — двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. Планіроўка складаецца з 2-х крывалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўдневага ўсходу на паўночны захад.

Транспартныя камунікацыі з вёскі да наваколля ажыццяўляюцца па прасёлкавай, а пасля — аўтамабільнай дарозе Хойнікі—Брагін.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

У Рудакове захаваліся фрагменты ансамбля былой дваранскай сядзібы Ваньковічаў (1910 г.): сядзібны дом, стайня, фрагменты парку.

У вёсцы ўстаноўлены помнік на брацкай магіле савецкіх партызан.

Вядомыя ўраджэнцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  3. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  4. Акрамя Рудакова Уладзіслаў Аскерка атрымаў фальваркі Чэхі, Рудыя і Варацец. Гл.: Rudaków
  5. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  6. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  7. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  8. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  9. Rudaków
  10. Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900: справочник... С. 391.
  11. Rudaków
  12. Ваньковичи... С. 144.
  13. Ваньковичи... С. 144.
  14. Ваньковичи... С. 140—148.
  15. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  16. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  17. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  18. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  19. Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900: справочник... С. 77.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.] ; сост.: Н.А. Голубева, Н.М. Усова, Л.В. Языкович ; под научной редакцией В.И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Виноградов, Д. Хойникщина: Легенды, события, люди / Д. Виноградов. — Минск : Літаратура і мастацтва, 2010. — 139 с.
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя / С.В. Марцэлеў ; Рэдкал. : Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.2, кн.2. Гомельская вобласць. — 520 с.
  • Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник / Д.М. Дрозд. — Минск : Медисонт, 2010. — 672 с.
  • Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917 / Дмитрий Дрозд. — Минск : Медисонт, 2013. — 694 с.
  • Памяць : Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна / Беларуская Энцыклапедыя ; Рэдкал.: М.А. Ткачоў (гал.рэд.) і інш.. — Мінск : БелЭн, 1993. — 383 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. – Wrocław–Warszawa–Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1997. — Cz. 2. — T. 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1-10. — 787 s.
  • Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
  • Rudaków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. — Tom IX. — S. 901.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]