Рынка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Рынка (ад ням.: Rina - трохногі гліняны гаршчок, тыгель) - гліняная пасудзіна для смажання. Былі круглыя, плоскія, на трох ножках з полым дзяржаннем, у якое ўстаўлялася драўляная ручка, або мелі два вушкі.

У Беларусі першыя непаліваныя рынкі, вылепленыя на ручным ганчарным крузе, датуюцца 15 ст. (Лідскі, Крэўскі замкі, г. Мсціслаў). Ручка - полы ляпны цыліндр дыяметрам да 5 см. У 16-18 ст. рынкі фармавалі на нажным коле, унутраную паверхню амаль заўсёды пакрывалі зялёнай ці карычневай палівай. Дзяржанне выраблялі з адным ці двума валікамі на канцы, ножкі ляпілі асобна. Рынкі мелі круглае (найчасцей) або плоскае донца. Па памерах і форме вылучаюць дзве разнавіднасці рынкі:

1. плыткія (глыбінёю 3-6 см з дыяметрам вянца 16-21 см і полым дзяржаннем),

2. глыбокія (глыбінёю 10-13 см, дыяметрам да 34 см, ножкі вышынёю да 10 см двума петлепадобнымі ручкамі).

Апошнія фармаваліся на аснове макотры. Глыбокія рынкі 2-й пал. 17 ст. вядомы з раскопак Мірскага, Гальшанскага замкаў, г. Мсціслаў. Плыткія рынкі часам упрыгожвалі штампаваным сеткавым арнаментам ці з дапамогай шматраднага грабеньчыка. На рынках з Лідскага замка абавязкова ёсць адбітак пальца майстра. Са з'яўленнем фаерычных печаў вытворчасць рынак паступова заняпала, замест іх з'явіліся патэльні з плоскім донцам без ножак. Аднак на захадзе Беларусі (г.п. Поразава Свіслацкага раёна) рынкі рабілі да пачатку 20 ст.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Здановіч Н.І., Трусаў А.А., Рынка // Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя. У 2 т. Том 2. Л-Я. — Мн, 2011. — 464 с. — С. 269.