Перайсці да зместу

Рэскрыпты Аляксандра II (1857)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэскрыпты Аляксандра II 1857 па сялянскім пытанні ў Расійскай імперыі — прадпісанні імператара Аляксандра II генерал-губернатарам аб утварэнні дваранскіх губернскіх камітэтаў па падрыхтоўцы праектаў сялянскай рэформы 1861 г. Вызначалі арганізацыйную структуру і галоўныя прынцыпы дзейнасці гэтых камітэтаў, якія распрацоўвалі асноўныя палажэнні адмены прыгоннага права. 2 снежня 1857 г. Аляксандр II падпісаў рэскрыпт на імя віленскага ваеннага генерал-губернатара У. І. Назімава, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў дазвалялася стварыць дваранскія камітэты з выбарных ад памешчыкаў кожнага павета і 2 памешчыкаў, прызначаных мясцовым губернатарам, а потым агульную камісію генерал-губернатарства ў Вільні. 17 снежня 1857 г. такі ж рэскрыпт накіраваны санкт-пецярбургскаму ваеннаіу генерал-губернатару графу П. М. Ігнацьеў. Гэтыя рэскрыпты — першыя афіцыйныя дакументы апублікаваныя акты царскага ўрада пра ўмовы вызвалення сялян. На працягу 1858 г., паводле аналагічных рэскрыптаў, створаны дваранскія камітэты амаль ва ўсіх губернях Еўрапейскай Расіі. У адпаведнасці з іх праектам за памешчыкамі захоўвалася права ўласнасці на ўсю зямлю панскіх маёнткаў, за сялянамі — права карыстання зямельнымі надзеламі, за якія яны па-ранейшаму былі абавязаны адбываць паншчыну або плаціць аброк. Памешчыкі таксама захоўвалі права паліцэйскага нагляду за прыгоннымі ў маёнтках. Пасля ўнясення выкупу за сядзібу (не пазней як праз 12 гадоў) сяляне станавіліся асабіста вольнымі. Абвяшчэнне рэскрыптаў прывяло да масавага абеззямельвання сялян памешчыкамі, узмацнення палярызацыі насельніцтва вёскі напярэдадні ліквідацыі прыгонніцтва.

  • Захарова, Л. Г. Самодержавие и отмена крепостного права в России, 1856—1861. — М., 1984.