Сацыяльна-эканамічная геаграфія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сацыяльна-эканамічная геаграфія (СЭГ) — адна з асноўных частак (разам з фізічнай геаграфіяй) сістэмы геаграфічных навук. Вывучае тэрытарыяльную арганізацыю грамадства ў разных краінах, рэгіёнах, мясцовасцях.

Аб’ект і прадмет СЭГ[правіць | правіць зыходнік]

Аб’ект СЭГ — сацыясфера — грамадска арганізаваная частка геаграфічнай абалонкі. Таксама сацыяльна-эканамічная геаграфія даследуе асаблівасці і заканамернасці размяшчэння насельніцтва і гаспадаркі і дае ўяўленне аб разнастайнасці ў эканамічных, этнічных, рэлігійных, сацыяльных адносінах.

Сацыяльна-эканамічная геаграфія цесна ўзаемазвязана з іншымі грамадскімі навукамі, у першую чаргу з сацыялогіяй і эканомікай. Але СЭГ вывучае тэрытарыяльныя спалучэнні сацыяльных і эканамічных аб’ектаў — сістэмы рассялення, тэрытарыяльна-вытворчыя комплексы, эканамічныя раёны, агульнымі словамі, тэрытарыяльныя сацыяльна-эканамічныя сістэмы. Гэта і адрознівае СЭГ ад іншых грамадскіх навук і робіць яе навукай геаграфічнай, аб’ядноўвае з іншымі геаграфічнымі навукамі.

У краінах Заходняй Еўропы, ЗША, Канадзе і іншых у дачыненні да дадзенай падсістэмы геаграфічнай навукі ўжываюць назвы «грамадская геаграфія», «геаграфія чалавека».

Структура СЭГ[правіць | правіць зыходнік]

У СЭГ вывучаюцца самыя разнастайныя бакі жыцця людзей: тэрытарыяльныя асаблівасці ўзроўню жыцця, ладу жыцця, умоў працы, быту, адпачынку; розныя галіны гаспадаркі, рассяленне і інш. У залежнасці ад аб’ектаў даследавання атрымалі развіццё асобныя напрамкі СЭГ і адпаведныя ім вучэбныя дысцыпліны. У гэтых адносінах усю СЭГ можна падзяліць на наступныя групы галін:

  • геаграфія насельніцтва і населеных пунктаў;
  • геаграфія галін невытворчай сферы;
  • геаграфія галін матэрыяльнай вытворчасці: прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту;
  • геаграфія галін, што займаюць прамежкавае становішча паміж вытворчай і невытворчай сферамі: гандлю, бытавога абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш.

Метады даследаванняў у СЭГ[правіць | правіць зыходнік]

Трэба зазначыць, што агульным і абавязковым падыходам для ўсіх геаграфічных даследаванняў з’яўляецца тэрытарыяльны падыход.

СЭГ выкарыстоўвае наступныя агульнанавуковыя метады:

  • сістэмны,
  • гістарычны,
  • праблемны,
  • комплексны,
  • мэтавы,
  • канструктыўны,
  • экалагічны.

Усе яны ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюцца і ў даследаваннях у галіне сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Існуюць і спецыфічныя метады СЭГ.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сідор С. І., Смалякоў Г. С. Тэорыя сацыяльна-эканамічнай геаграфіі: Курс лекцый — Мн.: Бел. дзярж. ун-т, 2001—110, [1] с. ISBN 985-445-592-0
  • Страха М. Л. Уводзіны ў сацыяльна-эканамічную геаграфію: Вучэб.-метад. дапам. — Мн.: БДПУ, 2000. — 52 с. ISBN 985-432-246-3