Слёзная залоза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Слёзная залоза

Слёзная залоза — буйная залоза вока наземных жывёл і чалавека.

Размешчана пад верхнім павекам вонкавага вугла вачніцы. У слізістай абалонцы вока ёсць і дабавачныя слёзныя залозы (напр., у чалавека 1—22). Яны выпрацоўваюць слёзы — празрыстую вадкасць, у якой да 99% вады, 0,9% неарганічных рэчываў, пераважна хлорыстага натрыю, эпітэліяльныя клеткі, слізь, тлушч, лізацым — фермент, што мае бактэрыцыдныя ўласцівасці. Па слёзным канале слёзы сцякаюць да ўнутранага вугла вока ў слёзны мяшок і далей — у насаслёзны канал. Увільгатняюць пярэднюю паверхню вока, вымываюць іншародныя целы, удзельнічаюць у жыўленні рагавіцы. Слёзавыдзяленне — бесперапынны рэфлекторны працэс, спыняецца у час сну. У чалавека за суткі выдзяляецца 0,5—1 мл слёзнай вадкасці, пры плачы да 30 мл. Сакрэцыя павялічваецца пры некаторых псіхічных станах (боль, гнеў, радасць, смутак), памяншаецца пры захворваннях (напр., трахаматозны ксероз). У водных млекакормячых слёзная залоза выпрацоўвае тлушчавы сакрэт, які ахоўвае рагавіцу ад уздзеяння вады. Запаленне слёзнай залозы называецца дакрыяадэніт.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Леанцюк А. Слёзная залоза // БЭ ў 18 т. Т. 15. Мн., 2002.