Сінхроннае вярчэнне
Сінхроннае вярчэнне (прыліўны захоп) — сітуацыя, калі перыяд абарачэння спадарожніка вакол сваёй восі супадае з перыядам яго абарачэння вакол цэнтральнага цела. Пры гэтым спадарожнік заўсёды звернуты да цэнтральнага цела адным і тым жа бокам, паколькі ён абарачаецца вакол сваёй восі за той жа час, які яму патрабуецца на абарот вакол свайго партнёра па арбіце. Прыліўны захоп адбываецца ў час узаемнага руху і характэрны для многіх буйных натуральных спадарожнікаў планет Сонечнай сістэмы, а таксама выкарыстоўваецца для стабілізацыі некаторых штучных спадарожнікаў. Калі розніца ў масах паміж двума целамі невялікая, то яны абодва могуць быць у прыліўным захопе адзін адносна другога, як у выпадку з Плутонам і Харонам.
Пры назіранні сінхроннага спадарожніка з цэнтральнага цела заўсёды бачны толькі адзін бок спадарожніка. Пры назіранні з гэтага боку спадарожніка цэнтральнае цела «вісіць» у небе нерухома. З адваротнага ж боку спадарожніка цэнтральнае цела ніколі не бачнае.
Калі вось уласнага вярчэння спадарожніка не перпендыкулярная плоскасці арбіты, назіраюцца лібрацыі па шыраце, а калі арбіта спадарожніка значна адрозніваецца ад акружнасці, то лібрацыі па даўгаце.
Сінхроннае вярчэнне з’яўляецца раўнаважкім станам у нябеснай механіцы. Калі першапачаткова перыяд абарачэння спадарожніка вакол планеты і перыяд яго вярчэння вакол восі розныя, узнікаюць прыліўныя хвалі, якія тармозяць ці разганяюць вярчэнне вакол восі.
Прыклады
[правіць | правіць зыходнік]Практычна ўсе спадарожнікі ў Сонечнай сістэме сінхранізаваныя са сваімі цэнтральнымі целамі, бо іх арбіты даволі малыя, а прыліўныя сілы ўзмацняюцца адваротна прапарцыйна кубу адлегласці. Выключэннямі з’яўляюцца нерэгулярныя спадарожнікі газавых гігантаў, чые арбіты пралягаюць істотна далей за арбіты буйных спадарожнікаў.
Найбольш вядомы і даступны для назірання прыклад — Месяц, які з’яўляецца сінхронным спадарожнікам Зямлі. Абодва натуральныя спадарожнікі Марса — Фобас і Дэймас — маюць сінхроннае вярчэнне. Буйныя спадарожнікі Юпітэра, Сатурна і Урана з’яўляюцца сінхроннымі. Найбуйнейшы спадарожнік Нептуна Трытон таксама мае сінхроннае вярчэнне.
Плутон і Харон — яскравы прыклад узаемнага прыліўнога захопу. Харон — вельмі вялікі месяц адносна свайго цэнтральнага цела і абарачаецца вакол яго на невялікай арбіце. Гэта вымусіла Плутон таксама здабыць прыліўны захоп у адносінах да Харона. У выніку два гэтыя целы верцяцца адзін вакол аднаго (барыцэнтр сістэмы ляжыць над паверхняй Плутона), нібы злучаныя тросам у двух супрацьстаялых адзін аднаму пунктах іх паверхні.
Прыліўны захоп астэроідаў па большай частцы невядомы, але варта чакаць, што блізка вярчальныя пары таксама павінны быць у прыліўным захопе адзін адносна аднаго.