Перайсці да зместу

Сістэма фізічных велічынь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сістэма фізічных велічынь (далей СФВ) — сукупнасць узаемазвязаных фізічных велічынь, утвораная па прынцыпе, калі адны фізічныя велічыні з'яўляюцца незалежнымі (асноўнымі фізічнымі велічынямі), а іншыя з'яўляюцца іх функцыямі (вытворнымі фізічнымі велічынямі). СФВ уяўляе сабой структурную схему сувязей фізічных велічынь. Гэтыя сувязі апісваюцца матэматычнымі выразамі, якія называюцца вызначальнымі ўраўненнямі.

З паняццем СФВ цесна звязана паняцце сістэм адзінак фізічных велічынь (САФВ). Сістэма адзінак называецца кагерэнтнай для дадзенай сістэмы велічынь, калі адзінкі вымярэння вытворных велічынь (вытворныя адзінкі) у сістэме адзінак кагерэнтныя, гэта значыць уяўляюць сабой здабыткі ступеней адзінак асноўных велічынь (асноўных адзінак) з каэфіцыентам прапарцыянальнасці, роўным адзінцы.

На практыцы тэрмін «СФВ» ужываецца рэдка. Звычайна гавораць пра формулы у сістэмах адзінак (СІ, СГС і г. д.), нават калі ў даследаванні адзінкі вымярэння і лікавыя значэнні велічынь не выкарыстоўваюцца.

1. Міжнародная сістэма велічынь (англ.: International System of Quantities, ISQ). Выкарыстоўвае размерныя электрычную і магнітную пастаянныя і рацыяналізаваны запіс формул (ва ўраўненнях Максвела адсутнічае каэфіцыент 4π).

У якасці асноўных фізічных велічынь у ISQ выкарыстоўваюцца:

  • L — даўжыня,
  • М — маса,
  • Т — час,
  • I — электрычны ток,
  • Θ — тэрмадынамічная тэмпература,
  • J — сіла святла,
  • N — колькасць рэчыва.

Кагерэнтнай сістэмай адзінак для ISQ з'яўляецца Міжнародная сістэма адзінак (СІ).

2. Абсалютная электрастатычная сістэма велічынь. Электрычная пастаянная прымаецца за безразмерную адзінку, запіс формул не рацыяналізаваны. Кагерэнтнай сістэмай адзінак з'яўляецца СГСЭ.

3. Абсалютная электрамагнітная сістэма велічынь. Магнітная пастаянная прымаецца за безразмерную адзінку, запіс формул не рацыяналізаваны. Кагерэнтнай сістэмай адзінак з'яўляецца СГСМ.

4. Сістэма велічынь Гауса — Максвела. Электрычныя велічыні вызначаюцца па формулах Электрастатычнае сістэмы, магнітныя — па формулах абсалютнай электрамагнітнай сістэмы. Кагерэнтнай сістэмай адзінак з'яўляецца СГС-гаўсава.

5. Сістэма велічынь Лорэнца — Хэвісайда. Адрозніваецца ад папярэдняй рацыяналізаваным запісам формул.

6. Сістэма велічынь з нерацыяналізаваным запісам формул і размернымі электрычнай і магнітнай пастаяннымі (любая з іх можа быць прынята за асноўную, тады іншая будзе вытворнай). Кагерэнтнымі сістэмамі адзінак з'яўляюцца СГСε і СГСμ.

СФВ цесна звязана з задачамі мадэлявання і апісання фізічнай рэальнасці на мове Verilog-AMS.