Удзельнік:Uladzimir Zuyeu/ЗНАКАМІТЫЯ ЯЎРЭІ – УРАДЖЭНЦЫ ГОРАДА БАРАНАВІЧЫ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Яўрэйская супольнасць Баранавіч з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі і сучаснасці горада.

Развіццё чыгуначнага вузла і паступовае фарміраванне мадэрнага паселішча прыцягвала шматлікіх яўрэйскіх купцоў, гандляроў і рамеснікаў з 80-х гадоў ХІХ ст.

У 1897 г. яўрэі складалі амаль палову жыхароў Развадава: 2171 з 4692 з агульнай колькасці жыхароў.[1]

План Развадова

Згодна з расійскім заканадаўствам 1882 г. яўрэі не мелі права жыць у мясцовасці пастаянна, бо існавала забарона сяліцца па-за гарадамі. Баранавічы тады фармальна былі спачатку вёскай, а потым – мястэчкам. Толькі пасля прыняцця закона 9 снежня 1903 г. яўрэі маглі свабодна сяліцца ў Баранавічах, а супольнасць атрымала дадатковы штуршок для развіцця. Ужо ў 1913 г. у горадзе было 10 сінагог.

Баранавічы былі важным месцам прыцягнення для хасідскіх супольнасцей: прыхільнікаў слонімскай, столінскай і койданаўскай дынастый. У горадзе развіваліся розныя яўрэйскія дабрачынныя і адукацыйныя ўстановы, віравала палітычнае жыццё (у 1904 г. было заснавана мясцовае аддзяленне партыі Бунд).[2]

У 1908 г. у Баранавічах выступаў знакаміты пісьменнік Шолам Алейхем.

Да Першай сусветнай вайны яўрэі таксама аказвалі значны ўплыў на гаспадарчае развіццё горада. З 1919 г. яўрэйская супольнасць пачала паступова адраджацца. Прадстаўнікі яўрэйскіх палітычных рухаў актыўна ўдзельнічалі ў мясцовым самакіраванні, засядалі ў гарадскім магістраце.

У 1921 г. у Баранавічах пражывала 6605 яўрэяў (ці 57,5% ад агульнага насельніцтва). У міжваенны перыяд у горадзе дзейнічала развітая інфраструктура грамадскіх арганізацый, аддзеленняў палітычных партый і рухаў, адукацыйных і спартыўных устаноў, рэлігійных арганізацый. Яўрэі былі актыўнай часткай эканамічнага жыцця: у 1920-я гады да іх належала 10 банкаў і крэдытных устаноў.

Вул.Аптэчная ў Баранавічах, 1935 год

У 1930-я гг. у сувязі з эканамічным крызісам іх засталося толькі два. У горадзе дзейнічала 11 сінагог і ешыва.

Яўрэйская прэса Баранавіч была даволі разнастайнай: у 1928–1939 гг. выдавалася 6 тыднёвікаў на мове ідыш.[3]

Згодна з перапісам насельніцтва 1931 г. 9 423 жыхары горада назвалі ідыш і іўрыт роднымі мовамі (35,8% ад агульнай колькасці жыхароў горада). Але іўдзеі складалі 43,3% (10 802 чал.) ад агульнай колькасці жыхароў.[4]

У 1939 г. у Баранавічы скіравалася шмат яўрэйскіх бежанцаў з цэнтральных рэгіёнаў Польшчы, частка з іх пазней выехала на тэрыторыю Літвы.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады паступова абмяжоўвалася актыўнасць яўрэйскіх арганізацый, праводзіліся антырэлігійныя кампаніі.

Баранавічы былі акупаваныя нямецкімі войскамі 27 чэрвеня 1941 г.

28 чэрвеня 1941 г. выйшла распараджэнне аб арганізацыі гета. Практычна з першых дзён акупацыі яўрэйскае насельніцтва падвяргалася здзекам, рабаўніцтву, арыштам, фізічным знішчэнням.

Мемарыяльны комплекс "Урочышча Гай" у Баранавічах

Першая “акцыя” ліквідацыі ў гета адбылася 4 і 5 сакавіка 1942 г. на свята Пурым. Падчас яе было забіта каля 3 400 чалавек.

22 верасня – 2 кастрычніка 1942 г. на свята Ём Кіпур было забіта каля 5 тысяч чалавек.

17 снежня 1942 г. адбылася канчатковая ліквідацыя гета: падчас гэтага масавага злачынства было забіта ад 3 да 7 тысяч чалавек.

У ліпені 1942 г. ва урочышчы Гай было растраляна каля 3 тысяч чэхаславацкіх яўрэяў з горада Тэразінштат. [5]

Частка жыхароў гета здолела ўцякчы, частку ўратавала мясцовае беларускае і польскае насельніцтва, а некаторыя змаглі далучыцца да дзеючых партызанскіх атрадаў. У гета існавала арганізаванае падполле і баявая група.

Жыццё яўрэйскай грамады пасля Другой сусветнай вайны адраджалася вельмі паволі. Рэлігійнае жыццё існавала практычна нелегальна, а на грамадскую атмасферу ўплывалі антысеміцкія кампаніі.

З 1992 г. актыўна развіваецца грамадскае жыццё яўрэйскай супольнасці, існуюць рэлігійныя таварыствы, актывісты займаюцца адраджэннем культуры і мемарыялізацыяй важных месцаў памяці.

Яўрэі – ураджэнцы Баранавічаў[правіць | правіць зыходнік]

У Баранавічах нарадзіліся важныя прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Беларусі і іншых краін: ваеначальнікі, палітычныя і грамадскія дзеячы, літаратары, спевакі і музыкі.

Ісаак Якаўлевіч Малашыцкі[правіць | правіць зыходнік]

У 1901 г. нарадзіўся ў сям’і рамесніка Ісаак Якаўлевіч Малашыцкі.

Ён скончыў чатыры класы яўрэйскай школы ў Баранавічах, працаваў рамеснікам. Служыў у Чырвонай Арміі з 1919 г., удзельнічаў у Грамадзянскай вайне (1919–1921). Пасля вайны скончыў ваенна-пяхотную школу, а ў 1928 г. – Ваенную Акадэмію імя М. В. Фрунзэ ў Маскве. І. Я. Малашыцкі ў мірны час камандаваў стралковым палком, дывізіяй. З 1941 г. – намеснік начальніка штаба арміі, з 1942 г. – камандзір 180-ай стралковай дывізіі. 4 лютага 1943 г. яму было прысвоена званне генерал-маёра. Загінуў падчас бою 16 сакавіка 1943 г. у раёне Курскай дугі і пахаваны ў вёсцы Барысаўка Курскай вобласці.

І. Я. Малашыцкі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава ІІ ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі.[6]

Ілья Яўхімавіч Прус[правіць | правіць зыходнік]

29 снежня 1903 г. у сям’і рамесніка нарадзіўся Ілья Яўхімавіч Прус.

Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, у 1934 г. закончыў Ваенна-інжынерную акадэмію імя Куйбышава. У Чырвонай Арміі з 1918 г., служыў на Заходнім і Туркестанскім франтах у званні радавога, палітрука роты. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне на Паўднёва-Заходнім, Сцяпным, Цэнтральным і 1-ым Беларускім франтах на розных кіруючых пасадах: начальніка армейскага ўпраўлення ваенна-палявога будаўніцтва фронту, начальніка інжынерных войскаў арміі, начальніка упраўлення абарончага будаўніцтва рэзерву Вярхоўнага галоўнакамендавання.

У 1945 г. І. Я. Прусу было прысвоена званне генерал-маёра інжынерных войскаў. Пасля вайны ён кіраваў упраўленнем будаўнічых работ. З 1968 г. у адстаўцы. Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, пяццю іншымі ордэнамі, медалямі.

Памёр 12 чэрвеня 1972 г.[7]

Жэня Твэрскі[правіць | правіць зыходнік]

16 жніўня 1904 г. у Баранавічах нарадзілася Жэня Твэрскі (імя і прозвішча пры нараджэнні – Геня Гінцбург) – палітычная і грамадская дзяячка Ізраіля, дэпутат Кнесета.

Да пераезду ў Палесціну (1923 г.) вучылася на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1932 г. скончыла Інстытут сацыяльных работнікаў у Берліне. Разам з Генрыетай Сольд і Рахель Коэн-Каган была адной з заснавальніцаў канцэпцыі сацыяльнай работы ў Ізраіле, арганізавала першае Бюро сацыяльнай дапамогі. У 1932–1942 гг. кіравала сацыяльнай службай яўрэйскай абшчыны Хайфы, у 1942–1948 гг. – Іерусаліма. У 1945 г. Ж. Твэрскі накіравалася ў Еўропу для працы ў лагерах для яўрэяў, якія перажылі Халакост.

Жэня Тверскі

Пасля вяртання ў Ізраіль яна пачала кіраваць аддзелам сацыяльнага забяспячэння мэрыі Хайфы. Была таксама членам Цэнтральнага камітэта партыі МАПАЙ (“Партыя рабочых зямлі Ізраіля”) (існавала ў 1930–1968 гг.), членам Прэзідыўма прафсаюзнага аб’яднання Гістадрут. Жэня Твэрскі была дэпутатам Кнесета 1–5 скліканняў ад партыі МАПАЙ. У выніку парламенцкіх выбараў 1949 г. не атрымала дэпутацкі мандат, але 5 лютага 1951 г. атрымала яго пасля адмовы ад мандата Гэшеля Фрумкіна і такім чынам стала дэпутатам Кнесета першага склікання. Абараніла свой мандат у выніку выбараў 30 ліпеня 1951 г. і ў Кнесэце другога склікання кіравала падкамісіяй нацыянальнага сацыяльнага забяспячэння, была членам трох парламенцкіх камісій: будаўніцтва, працы і сацыяльнай дапамогі. На выбарах 1955 г. прайграла, але 6 ліпеня 1959 г. стала дэпутатам пасля адмовы ад мандата Шэлома Гілеля (да 30 лістапада 1959 г.). Восенню гэтага ж году ў выніку выбараў стала зноў дэпутатам Кнесета чацвёртага склікання, была членам камісіі канстытуцыі, права і справядлівасці, а таксама камісіі сацыяльнай дапамогі. Не атрымала мандат падчас датэрміновых выбараў 1961 г., але таксама трапіла ў Кнесет пятага склікання на некалькі месяцаў (24 лістапада 1963 г. – 9 красавіка 1964 г.) пасля смерці дэпутата Меіра Аргова.

Жэня Твэрскі таксама кіравала замежнымі дачыненнямі ў Жаночым рабочым савеце і апублікавала некалькі артыкулаў на тэму сацыяльных пытанняў. Яе імем названа вуліца ў Іерусаліме.

Памерла 9 красавіка 1964 г.[8]

Жэня Твэрскі была замужам за ветэрынарам Іосіфам Твэрскім. Сын – псіхолаг і эканаміст Амос Твэрскі (1937–1996). Ён з 1969 г. супрацоўнічаў з Даніэлем Канеманам па праблематыцы ацэнкі верагоднасці падзей.

Д. Канеман сумесна з Вернанам Смітам у 2002 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы за даследванні ў вобласці прыняцця рашэнняў і механізмаў альтэрнатыўных рынкаў. Іх даследванні былі вынікам сумеснай працы з А. Твэрскім і іншымі аўтарамі па ўсталяванні кагнітыўнай асновы для агульных чалавечых памылак ў выкарыстанні эўрыстыкі.

Лейб (Леў) Талалай[правіць | правіць зыходнік]

У 1906 г. у Баранавічах нарадзіўся паэт Лейб (Леў) Талалай (варта звярнуць увагу на тое што, у большасці яго біяграфій на беларускай мове ўказваецца памылкова іншае месца нараджэння).

Падчас Першай сусветнай вайны разам з бацькамі ён пераехаў у вёску Завярэжжа Магілёўскага павета Магілёўскай губерні і разам з імі працаваў на гаспадарцы. Пазней пераехаў у Мінск, дзе скончыў сярэднюю школу. Ёсць звесткі, што ў 1925–1926 гг. будучы паэт працаваў настаўнікам Вендаражскай пачатковай школы Магілёўскага раёна. Адукацыю Л. Талалай завяршыў у Віцебскім педадагічным тэхнікуме (1926– 1928). Працаваў пэўны час рабочым, а пазней – настаўнікам ідыша ў мінскіх школах. У 1928–1932 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Ёсць звесткі, што служыў у войску таксама звыштэрмінова.[9] У 1932–1936 гг. Л. Талалай – супрацоўнік яўрэйскай газеты “Der yunger arbeter” (тут і далей транслітэрацыя назваў з ідыша прыводзіцца паводле нормаў Інстытута YIVO, у перакладзе – “Малады рабочы”), прымаў актыўны удзел у рэдагаванні часопіса “Shtern” (“Зорка”) (1925–1941) – важнага літаратурнага органа на мове ідыш у Беларускай ССР, у якім публікавалі не толькі ўсе тагачасныя ідышамоўныя пісьменнікі і паэты Беларусі, але таксама з іншых саюзных рэспублік.[10]

Упершыню Лейб Талалай апублікаваў свой верш у мінскай газеце “Der yunger arbeter” у 1924 г., а пазней яго творы выходзілі ў наступных выданнях: “Der yunger pyoner” (“Малады піянер”), “Oktyabr” (“Кастрычнік”), “Shtern”, “Atake. Almanakh fun roytarmeyishn landshuts-literatur” (“Атака. Альманах чырвонаармейскай абарончай літаратуры”) у 1934 г., “Sovetishe Vaysrusland. Literarishe zamlung” (“Савецкая Беларусь. Літаратурная калекцыя”) у 1935 г. (усё ў Мінску), “Yungvald” (“Малады свет”), “Emes” (“Праўда”), “Pyoner” (“Піянер”), “Eynikeyt” (“Адзінства”) (усе у Маскве); “Di royte velt” (“Чырвоны свет”) і “Prolit” (“Праліт” – “Пралетарская літаратура”) (у Харкаве) і іншых.

Пры жыцці творцы было выдадзена дзве ягоныя кнігі паэзіі: “Mayn snop, mayn 93 ershtling. Lider” (“Мой сноп, мой першынец. Вершы”) (Мінск, 1932, 75 с.), “In marsh” (“У паходзе”) (Мінск, 1940, 74 с.).[11]

У чэрвені 1941 г. Л. Талалай быў мабілізаваны у якасці афіцэра ў Чырвоную Армію, ваяваў з нямецкімі акупантамі і загінуў на фронце у 1943 годзе. [12]

Ягоныя творы публікаваліся таксама пасля смерці ў Савецкім Саюзе і за мяжой. У творчасці паэта важнай тэмай выступала праца на зямлі і ваенная тэматыка. Вершы Л. Талалая былі змешчаныя таксама у зборніках “Bafrayte brider. Literarishe zamlung” (“Вызваленыя браты. Літаратурная анталогія”) (Мінск, 1939), “Мы іх не забудзем” (Мінск, 1949), “Ліра” (Мінск, 1985), “Недаспяваныя песні” (Мінск, 2015). Яго вершы на беларускую мову пераклалі А. Бялевіч, Р. Няхай, Р. Барадулін. Творы друкаваліся таксама у часопісе “Іскры Ільіча”, газетах “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва” і іншых.

Шлоймэ Фуксман[правіць | правіць зыходнік]

1 жніўня 1914 г. нарадзіўся публіцыст і рэдактар Шлоймэ Фуксман.

Ён вучыўся ў ешыве, але скончыў толькі палову курса навучання і пазней займаўся самаадукацыяй. Жыў у Лодзі, Вільні і Варшаве. Да Другой сусветнай вайны быў актывістам прафесійнага саюза і партыі “Poalei Agudat Yisrael” (“Працаўнікі Агудат Ісраэль”, іншы варыянт назвы – “Рабочы саюз Ізраіля”) і аўтарам яе гімна.

З 1931 г. Ш. Фуксман публікаваўся ў “Dos yudishe togblat” (“Яўрэйская штодзённая газета”) у Варшаве, “Dos vort” (“Свет”) і “Yidish far ale” (“Ідыш для усіх”) у Вільні, “Nayer folksblat” (“Новая народная газета”), “Beys-yankev zhurnal” (“Часопіс Бэйс Янкелеў”), “Idishe arbayter shtime” (“Голас яўрэйскага рабочага”, таксама быў адным з рэдактараў) у Лодзі, а таксама ў іншых выданнях.

Разам з Л. Вараб’ёўскім стварыў выдавецкую серыю “Dos folk dertseylt” (“Народ расказвае”).

Ш. Фуксман быў таксама адным з аўтараў кнігі “Dos Baranovitsher Sholem Aleykhem bukh” (“Баранавіцкая кніга Шолам Алейхема”), друкаваўся таксама ў “Foroys” (“Наперад”) у 1939 г. у Варшаве і ў “Oktyabr” (“Кастрычнік”) ў Мінску ў 1939–1940 гг. Ш. Фуксман таксама падрыхтаваў да друку і апублікаваў “Pinkes fun der gezelshaft gmiles-khsodim in Baranovitsh” (“Запісы Таварыства безпрацэнтных пазык у Баранавічах”) (Баранавічы, 1936, 74 с.).

З пачаткам нямецкай акупацыі Ш. Фуксман знаходзіўся ў Баранавіцкім гета. Падчас экзекуцыі на свята Пурым 1942 г. разам з іншымі рэлігійнымі яўрэямі быў застрэлены немцамі. Захаваліся звесткі, што публіцыст перад смерцю спяваў гімн “Am yisroel hai” (“Яўрэйскі народ жыве!”).[13]

Яго брат Ёсэф-Мошэ Фуксман быў адным з арганізатараў падпольнага руху ў віленскім гета і актыўным дзеячом яўрэйскай эміграцыі у ЗША. Выдатны філолаг Макс Вайнрайх (1894–1969) у сваёй фундаментальнай працы “Гісторыя мовы ідыш” нават узгадаў адзін з публіцыстычных артыкулаў Шлоймэ Фуксмана ў якасці прыкладу распаўсюджання пэўнага вясельнага пажадання ў ідышы, характэрнага для жыхароў Новай Мышы і Баранавіч. Маладым жадалі “хуткага абразання”, гэта значыць, нараджэння у новай сям’і хлопчыка.[14]

Шалом Ноах Беразоўскі[правіць | правіць зыходнік]

Шалом Ноах Беразоўскі (8.08.1911 – 8.08.2000), равін, пісьменнік, педагог. Ён вядомы сваімі вучэннямі, якія надрукаваў у шэрыі кніг пад назвай «Несівос шалом» (1982). Нарадзіўся ў сям’і Моше Аврохома, главы мясцовай яўрэйскай грамады. У 1941 годзе быў ініцыятарам стварэння Слонімскай іешывы ў Іерусаліме.[15]

Давід Калпеніцкі[правіць | правіць зыходнік]

Актыўным удзельнікам партызанскага руху ў Баранавіцкім краі падчас Другой сусветнай вайны і франтавіком быў Давід Калпеніцкі (нар. 1925). Пасля вайны ён вучыўся ў Кішынёўскім педагагічным інстытуце (1954–1957), у 1957 г. разам з сям’ёй рэпатрыяваўся ў Ізраіль, атрымаў прафесію інжынера ў ТэльАвіўскім універсітэце. Д. Калпеніцкі (пад псеўданімам Давід Мышанка) напісаў 94 кнігу ўспамінаў аб сваім жыцці ў час вайны “Кому жить и кому умереть”, якая вытрымала ўжо два выданні.[16]

Абрахам Фоксман[правіць | правіць зыходнік]

Абрахам Фоксман у 2011 г.

Ураджэнцам Баранавіч з’яўляецца Абрахам Фоксман (нар. 1940) – адвакат, у 1987–2015 гг. – старшыня Антыдэфамацыйнай лігі (ЗША), з 2016 г. кіруе Центрам даследванняў антысемітызма пры Музеі яўрэйскай спадчыны ў Нью-Ёрку.[17]

Яўген Шапавалаў[правіць | правіць зыходнік]

У 1968 г. нарадзіўся Яўген Шапавалаў – ізраільскі оперны спявак і музычны прадусар.

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў ў музычнай школе ў Баранавічах. У 1984 г. арганізаваў у родным горадзе рок-групу “Сентябрь”. Вучыўся ў Адэскай кансерваторыі і кансерваторыі пры Тэль-Авіўскім ўніверсітэце, стажыраваўся ў Метраполітан-опера ў Нью-Ёрку. У 1991 г. эміграваў у Ізраіль. Выконвае класічныя оперныя партыі, народную музыку Ізраіля і краін былога СССР, а таксама папулярную музыку. Спявае на больш чым 10 мовах, у тым ліку на іўрыце, ідышы, італьянскай, французскай, англійскай, беларускай, рускай. З 2008 г. жыве ў ЗША. Актыўна гастралюе ў Еўропе, Паўночнай Амерыце, Блізкім Усходзе, а ў апошнія гады таксама ў Беларусі і Расіі.[18]

Таксама з Баранавічамі звязана жыццё скрыпача і дырыжора Генрыка Мэсінга (1902–1942), графіка, стваральніка “класічнага” друкарскага шрыфта для мовы ідыш Цві Бергмана (1918–2006), равіна, кіраўніка баранавіцкай школы “Охэль Тора Ешыва” Эльхмана Васэрмана (1875–1941).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Сборник научных и учебно-методических трудов. Выпуск 18: сборник статей, [электронное издание сетевого распространения / Под общ. ред. проф. С. Г. Тер‐Минасовой и доц. М. Г. Бахтиозиной. – М.: “КДУ”, “Добросвет”, 2021. – 275 с.] / С. Г. Тер‐Минасова, М. Г. Бахтиозина. — 2021. — DOI:10.31453/kdu.ru.978-5-7913-1202-0-2021-275
  2. [{{Baranowicze. Historia społeczności [Электронны рэсурс] // Wirtualny sztetl. – Рэжым доступу : https://sztetl.org.pl/pl/miejscowosci/b/1055-baranowicze/99-historia-spolecznosci/137039- historia-spolecznosci}} Baranowicze. Historia społeczności].
  3. [{{Baranowicze. Historia społeczności [Электронны рэсурс] // Wirtualny sztetl. – Рэжым доступу : https://sztetl.org.pl/pl/miejscowosci/b/1055-baranowicze/99-historia-spolecznosci/137039- historia-spolecznosci}} Baranowicze. Historia społeczności].
  4. [Kuryniec, J. Miasto Baranowicze. Charakterystyka ogólna / J. Kuryniec // Kalendarz popularny baranowicki na rok 1937 / red. M. Barbanell i J. Kuryniec. – Baranowicze : Express, 1937. – 120 s. Miasto Baranowicze. Charakterystyka ogólna].
  5. Памяць : Гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. – Мінск : БелТА, 2000. – 736 с..
  6. [Малошицкий Иссак Яковлевич (1901–1943) [Электронны рэсурс] // Интернет-проект по увековечиванию памяти воинов-евреев. – Рэжым доступу : https://www.jewmil.com/- biografii/item/401-maloshitskij-isaak-yakovlevich Малошицкий Иссак Яковлевич (1901–1943)].
  7. STOCKLESS PRODUCTION // Encyclopedia of Production and Manufacturing Management. — Boston, MA: Springer US, 2000. — С. 736–736.
  8. Amit Avigur-Eshel More of the Same: Discursive Reactions of Members of Knesset to the 2011 ‘Social Protest’ in Israel // Middle East Law and Governance. — 2018-08-02. — В. 2. — Т. 10. — С. 117–140. — ISSN 1876-3367. — DOI:10.1163/18763375-01001006
  9. Недаспяваныя песні : зборнік твораў паэтаў Беларусі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / уклад., аўт. прад. і біягр. давед. Алесь Бельскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 462 с..
  10. Рубінчык, В. Іўдзейнасць / В. Рубінчык. – Мінск : Шах-плюс, 2020. – 127 с..
  11. Клімуць, Я. І. Талалай Леў / Я. І. Клімуць // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 6 : Талалай – Яфімаў. Дадатак / пад рэд. А. В. Мальдзіса. – Мінск : БелЭн, 1995. – 684 с.
  12. Joshua Fogel 28 Akutagawa Ryūnosuke and China // Between China and Japan. — BRILL, 2015-01-01. — С. 455–458. — ISBN 978-90-04-28530-9.
  13. Fuks, K. L. Shloyme Fuksman (9 October 2018) [Электронны рэсурс] / K. L. Fuks // Joshua Fogel. – Рэжым доступу : http://yleksikon.blogspot.com/2018/10/shloyme-fuksman.html.
  14. [[[:Шаблон:Weinreich, M. History of the Yiddish Language / Max Weinreich. – Vol. 2. – New Haven and London : Yale University Press, 2008. – 1022 p.]] Weinreich, M. History of the Yiddish Language].
  15. Шолом Ноах Березовский - Sholom Noach Berezovsky. ru.wikibrief.org. Праверана 5 красавіка 2024.
  16. Мышанка, Д. Кому жить и кому умереть... Из Барановичского гетто – в партизанский отряд, на фронт и к мирной жизни / Д. Мышанка. – Тель-Авив : М+. Издатель Мона Пастер, 2002. – 304. с..
  17. [{{Foxman Abraham [Электронны рэсурс] // Wirtualny sztetl. – Рэжым доступу : https://sztetl.org.pl/miejscowosci/b/1055-baranowicze/106-biogramy/4289-foxman-abraham}} Foxman Abraham].
  18. Евгений Шаповалов - Барановичи bp. bp.1963.ru. Праверана 4 красавіка 2024.