Хроніка Іаана Малалы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Хроніка Іаана Малалы складзена антыяхійскім клірыкам Іаанам у VI ст.; уключае 18 кніг, у якіх пададзена старагрэчасая, візантыйская і рымская гісторыя ад старажытных часоў да 563 г. (праўленне імператара Юстыніяна); магчыма, магчыма, меўся працяг да 742 г.; у 1, 2, 4, 5-й кнігах падаваліся антычныя міфы і апавядалася пра Траянскую вайну, 3-я прысвячалася біблейнай гісторыі, у астатніх распавядалася пра ўсходніх і візантыйскіх цароў і царыц; славянскі пераклад «Хронік» зроблены, верагодна, каля X ст., але на старажытнай Русі твор стаў вядомы з пачатку XII ст.; урыўкі з «Хронікі» ўвайшлі ў склад розных усходнеславянскіх летапісаў, хранаграфічных сачыненняў і іншае.

Аўтар імкнуўся спалучыць антычную і хрысціянскую гісторыю і насычаў твор разнастайнымі міфалагічнымі сюжэтамі. Яго Хроніка была разлічана на запатрабаванні шырокіх чытацкіх мас. Малалу цікавілі цудоўныя і незвычайныя з'явы, войны, подзвігі святых — усё, што ўражвала, прываблівала навізной, нечаканасцю і фантастыкай. Сусветная гісторыя пераўтвараецца ў пераказе Іаана Малалы ў казку, прымітыўную і часам абсурдную, але не пазбаўленую займальнасці. Фантазія Малалы пераважна аперыруе вобразамі цароў і царыц, не знаходзячы сабе матэрыялу ў свеце грэка-рымскай старажытнасці — з усёй гісторыі рэспубліканскага Рыму Малалу прыцягвае толькі нашэсце галаў.

Характарыстыкі рымскіх і візантыйскіх імператараў, самі сродкі і прыёмы стварэння іх слоўных партрэтаў служылі ўзорам для ўсходнеславянскіх пісьменнікаў — аўтараў «Казання пра Барыса і Глеба», Галіцка-Валынскага летапісу (артыкул пад 1288 г.) і інш.

Праз «Хроніку Іаана Малалы» чытач знаёміўся з міфамі пра Зеўса, Геракла, Тэзея і Арыядну, пра Арфея, Дэдала і Ікара, даведваўся аб трагічных гісторыях Эдыпа і Агамемнана, аб прыгодах Адысея. У Хроніцы чытаецца таксама і аповесць «Траянскія дзеі», крыніцай якой былі апавяданні ўдзельніка Траянскай вайны эліна Дыкціса.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Карскі, Я. Беларусы / Яўхім Карскі; Укладанне і каментар С.Гараніна, Л.Ляўшун; Навуковы рэдактар А.Мальдзіс; Прадмова Я.Янушкевіча, К.Цвіркі. – Мн.: Беларускі кнігазбор, 2001. – 640 с., [8] с.: іл. – (Беларускі кнігазбор; Серыя II. Гісторыка-літаратурныя помнікі). – С. 620.