Царква (газета)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Царква (1995))
«Царква»
Тып газета
Мова беларуская
Вэб-сайт carkva-gazeta.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Царква» — беларуская рэлігійная культурна-асветніцкая газета, квартальнік. Фармат — А4, 20 палос.

Газета асвятляе жыццё грэка-каталіцкіх супольнасцяў у Беларусі і ў іншых краінах свету, змяшчае афіцыйныя дакументы Царквы, удзяляе ўвагу праблемам экуменізму і хрысціянскай еднасці, друкуе матэрыялы па гісторыі Уніяцкай Царквы і іншую рэлігійна-асветніцкую інфармацыю.

Выдавец: Грэка-каталіцкая парафія святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Брэсце.

Галоўны рэдактар — а. Ігар Кандрацьеў, выпускны рэдактар — Ігар Бараноўскі, адказны рэдактар — а. Андрэй Крот.

Адрас рэдакцыі: 224014 Брэст, вул. Дворнікава, 63.

Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква» заснавана мінскімі грэка-каталіцкімі парафіямі ў 1995 годзе. Першы нумар газеты выйшаў на Вялікі пост, 20 сакавіка 1995 года.[1] Рэдакцыя тады месцілася ў Полацку, а першым галоўным рэдактарам газеты быў іераманах Валерый Алексійчук (з верасня 2010 г. — дапаможны біскуп Львоўскай архіепархіі). Над выпускам першых нумароў газеты (да № 7-8 за 1996 г.) працавала мінская моладзь і супрацоўнікі выдавецтва «Унія».

Пачынаючы ад № 7-8, 1996 г., прысвечанага 400-гадоваму юбілею Берасцейскай Уніі, газета «Царква» ствараецца ў Брэсце намаганнямі вернікаў мясцовай парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, а з 27 лістапада 1997 года, пасля перарэгістрацыі выдання, берасцейская грэка-каталіцкая парафія з’яўляецца таксама заснавальнікам і выдаўцом газеты «Царква».

Газета «Царква» выходзіла раз на квартал, распаўсюджвалася па грэка-каталіцкіх парафіях і асяродках Беларусі, а таксама ў многіх рымска-каталіцкіх касцёлах. Ад моманту заснавання газеты і да 2010 года на яе можна было таксама падпісацца праз каталог «Белпошты». Шмат асобнікаў газеты «Царква» рэгулярна дасылалі ў розныя гарады і краіны свету чытачам, вернікам і сябрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія жывуць у Польшчы, Украіне, Расіі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Італіі, Чэхіі, Германіі.

Наклад газеты за часы яе існавання ў сярэднім складаў 1500—2500 асобнікаў, аднак адзін з першых нумароў газеты і нумары, што выйшлі ў канцы 2006 года, мелі наклад да 7500 асобнікаў. У 2007—2009 гг. газета «Царква» выдавалася накладам 2500-4000 асобнікаў.

Зноскі

  1. [1] Архівавана 19 кастрычніка 2016. Пра газету «Царква»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]