Чорная ножка
Чорная ножка — група хвароб раслін, выкліканая рознымі паразітнымі і паўпаразітнымі грыбамі, радзей бактэрыямі. Агульная прыкмета — пачарненне каранёвай шыйкі (адсюль назва).
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Пры пашкоджванні чорнай ножкай маладыя ўсходы і тронкі чарнеюць і вытанчаюцца ў аснове, карані пачынаюць гніць, расліны губляюць тургар , жоўкнуць і нікнуць. У рэшце рэшт надыходзіць гібель расліны[1][2][3]. Крыніцай хваробы могуць быць як глеба, так і заражанае насенне[2].
Віды
[правіць | правіць зыходнік]Чорная ножка сустракаецца ў розных агароднінных, палявых і кветкавых культур, а таксама ў іглічных і лісцевых раслін[3]. Шырока распаўсюджаная ў наступных раслін:
- бульбы (узбуджальнік — бактэрыі роду Dickeya[3]): асновы сцёблаў загніваюць ад клубня, лісце жоўкне і скручваецца. Пасля клубні пры захоўванні размякчаюцца і гніюць. Развіццю хваробы спрыяе пераўвільгатненне глебы[2].
- капусты (узбуджальнікі — альпідый капусны (Olpidium brassicae), пітый Дэбарыяна (Pythium debaryanum), Rhizoctonia solani, Phoma lingam і інш.[4][5]): пашкоджвае як маладую, так і падрошчаную расаду[4]. Каранёвая шыйка, у залежнасці ад віду ўзбуджальніка, чарнее або бурэе, перакрыўляецца сцяблінка, расліна палягае і засыхае[5]. Развіццю хваробы спрыяюць высокая вільготнасць і тэмпература, а таксама празмерная гушчыня пасеву[4].
- агурка (узбуджальнік — Pythium debaryanum, Pythium aphanidermatum, Rhizoctonia aderholdii): ніжняя частка сцябла набывае цёмна-зялёны колер і пачынае мокнуць; карані цямнеюць і размякчаюцца; ніжняе лісце жоўкне і завядае. Заражэнне раслін адбываецца праз каранёвую сістэму, асабліва пры вырошчванні культуры ў цяпліцы на адным і тым жа месцы[5].
- тамату (узбуджальнік — Rhizoctonia solani): прыкаранёвая частка сцябла пакрываецца белым налётам грыбніцы, каранёвая шыйка чарнее, развіваецца гніль. Распаўсюджваецца з міцэліем праз глебу[4].
Чорная ножка можа таксама паражаць моркву, кармавыя бабы, радыску, буракі, сеянцы пладовых раслін[1][2].
Меры прафілактыкі і барацьбы
[правіць | правіць зыходнік]Для прафілактыкі чорнай ножкі неабходна не дапускаць парушэнні рэжымаў вільготнасці, тэмпературы і асветленасці, а таксама пазбягаць загушчаных пасадак[3]. Для пасеву варта выкарыстоўваць толькі здаровыя глебы[2]. Пры ўзнікненні захворвання неабходныя замена або дэзінфекцыя глебы з дапамогай фунгіцыдаў, знішчэнне пашкоджаных раслін, унясенне угнаенняў, якія падвышаюць устойлівасць да хваробы, аэрацыя парнікоў[3][2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Сельскохозяйственный энциклопедический словарь 1989.
- ↑ а б в г д е Словарь-справочник фитопатолога 1959.
- ↑ а б в г д Белошапкина О. О.. Чёрная ножка . Большая российская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2021. Праверана 30 жніўня 2020.
- ↑ а б в г Ахатов 2002.
- ↑ а б в Вянгеляускайте 1989.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ахатов А. К., Джалилов Ф. С., Белошапкина О. О., Стройков Ю. М., Чижов В. Н. Защита растений от болезней в теплицах. Справочник / Под ред. А. К. Ахатова. — М: Товарищество научных изданий КМК, 2002. — 465 с.
- Вянгеляускайте А. П., Жуклене Р. М., Жуклис Л. П. Вредители и болезни овощных культур. — М: Агропромиздат, 1989. — 462 с.
- Чёрная ножка // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь. — Советская энциклопедия, 1989. — С. 594.
- Чёрная ножка // Словарь-справочник фитопатолога. — Гос. изд-во сельхоз. лит-ры, 1959. — С. 382—383.