Школа Понт-Авена

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Школа Понт-Авена (таксама сустракаецца назва Понт-Авенская школа, фр. École de Pont-Aven) — зборны тэрмін, які ўжываецца для абазначэння творчасці мастакоў, якія працавалі ў мястэчку Понт-Авен у Брэтані ў другой палове XIX стагоддзя. Тэрмін пачаў ужывацца істотна пазней, чым школа спыніла сваё існаванне, і абазначае як мастацкую калонію, якая існавала ў Понт-Авене з 1850-х гадоў, так і мастакоў з асяроддзя Паля Гагена, якія працавалі ў Понт-Авене ў канцы 1880-х і пачатку 1890 -х гадоў.

Мастакі пачалі пісаць карціны ў ваколіцах Понт-Авена з 1850-х гадоў; горад зрабіўся папулярным для летняга адпачынку. З 1880-х гадоў тут спыняліся не толькі французскія, але і замежныя мастакі, у прыватнасці амерыканцы, ангельцы і палякі. У Понт-Авене былі створаны мастацкія галерэі і развіты гандаль карцінамі. Муніцыпальныя ўлады заахвочвалі прыток мастакоў і спецыяльна для гэтага дазволілі продаж напояў да 22 гадзін.

Поль Гаген упершыню правёў лета ў Понт-Авене ў 1886 годзе. Калі ён вярнуўся туды ў 1888 годзе, ён быў расчараваны атмасферай, бо горад быў ужо дастаткова папулярным месцам адпачынку. У 1889 годзе Гаген вырашыў не вяртацца ў горад, і разам з Серузье, Філіжэ і Меерам дэ Ханам працаваў у вёсцы Ле-Пульдзю, таксама ў Брэтані, за 20 км ад Понт-Авена.