Яўген фон Гротэ дэ Буко

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Яўген фон Гротэ дэ Буко
Гроте-де-Буко-Евгений-Алекс1.jpg
Дата нараджэння 19 студзеня 1862(1862-01-19)
Дата смерці 1944
Месца смерці
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
ордэн Святога Станіслава 2 ступені ордэн Святога Георгія

Яўген фон Гротэ дэ Буко (19 студзеня 1862 — 1944) — расійскі генерал-маёр, дзеяч беларускага руху у Лідскім павеце 1918—1921 гадоў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з аславянелага нямецкага роду праваслаўнага веравызнання, які належаў да дваран Маскоўскай губерні. Атрымаў адукацыю ў 4-й Маскоўскай ваеннай гімназіі, а потым у Маскоўскім пяхотным юнкерскім вучылішчы. Быў жанаты на дачцэ калежскага саветніка Свідэрскага — Вользе Мікалаеўне (нар. 1872). Меў сыноў Уладзіміра (нар. 13.7.1891) і Аляксея (нар. 24.1.1906) і дачку Кацярыну (нар. 4.11.1897).

31 студзеня 1905 г., загадам № 14 па Віленскім губернскім упраўленні «начальнік земскай варты Новамінскага павета капітан фон Гротэ-дэ-Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў Лідскага павятовага спраўніка»[1]. Тое ж бачна з «Памятных кніжак Віленскай губерні»: з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальваў павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства[2], г.зн. адказвае за пажарную бяспеку часта цярпелага ад пажараў горада, а бліжэй да пачатку 1-й сусветнай вайны быў сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф. Л. і В. С. Навіцкіх[3]. У «Памятнай кніжцы Віленскай губерні» за 1914 г. напісана: «Павятовы спраўнік — калежскі саветнік Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко»[4]. Такім чынам, да 1914 г. Лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка. Загадам Віленскага губернатара № 163 ад 6 ліпеня 1914 г. звальняецца ў адстаўку па яго заяве «з-за хваробы…»[5].

У 1914 г. добраахвотна ідзе на фронт. 9 верасня 1915 г. яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ступені за асабістую храбрасць. Камандзір 6-га Фінляндскага палка, у якім служыў Гротэ дэ Буко — Свечын пісаў у сваёй кнізе «Мастацтва кіравання палком…»: «Афіцэрскі склад у маім палку быў надзвычай удалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобах камандзіраў батальёнаў. … выдатным камандзірам быў падпалкоўнік Гротэ дэ Буко. Гэта быў бясхітрасны стары, перад вайной Лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі змяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію — спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў, і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдат, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць — сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай»[6].

26 сакавіка 1916 г. былы Лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка, а загадам ад 20 кастрычніка 1916 г. — ордэн Святога Станіслава 2-й ступені з мячамі. 9 кастрычніка 1917 г. Яўген Гротэ дэ Буко «за заслугі ў справах …» атрымлівае званне генерал-маёра[7].

Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2-х гадоў, да канца 1918 г. не вядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Мінск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 годзе былы Лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыі пра гэта няма. З'явіцца ў Лідзе генерал фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння Брэсцкага міру, раней ён быў бы неадкладна арыштаваны. У Лідзе ён узначаліў беларускую палітычную партыю і такім чынам стаў першым лідарам беларускага руху ў Лідзе.

Лідзянін Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі «Самаабарона Лідскай зямлі» і відавочац тых падзей пісаў: «Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў … быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі „исправник“ фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне пра выдачу зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі». Далей Дзічканец адзначае: «Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да „истинно русского города“, у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе „истинно русские люди“ пакінулі чужы для іх край і горад, скіраваліся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны — Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, і той пакінуў шэрагі расіян. … ён пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю»[8].

Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко ў 1920-х гадах жыў у Вільні. Загінуў у Варшаве ў 1944 г.

Зноскі

  1. Виленские губернские ведомости. № 20, 9 января 1905. С. 1.
  2. Памятная книжка Виленской губернии на 1907 г. Вильно, 1907. С. 160.
  3. Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильно, 1914. С. 197.
  4. Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильно, 1914. С. 193.
  5. Виленские губернские ведомости. № 61-1914. 2 августа. С. 2.
  6. Свечин А. Искусство вождения полка по опыту войны 1914—1918 гг. Т. 1. — Москва—Ленинград, 1930.
  7. Армия и Флот Свободной России (б. Русский Инвалид). № 243, 1917.
  8. Дзічканец Ю. Самаабарона Лідскай зямлі. — Ліда, 2010. — С. 23, 49.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]